Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пашпарты забіраюць яшчэ ў фільтрацыйным лягеры». Упаўнаважаная па правах чалавека — пра ўкраінцаў, вывезеных у Расею


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

У Расею з захопленых тэрыторый вывезьлі больш за 878 тысяч украінцаў, паведаміла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека Людміла Дзянісава.

У эфіры «Настоящего времени» яна расказала пра тое, як Украіна вяртае сваіх грамадзян, апісала ўмовы, у якіх Расея ўтрымлівае палонных.

«Фільтраваньне на прадмет: «Як ты ставісься да апэрацыі Расеі на тэрыторыі Ўкраіны?»

— Тры дні таму вы заявілі, што ў Расею вывезена 878 тысяч чалавек, зь іх 164 тысячы дзяцей. Як гэтыя лічбы ўдалося вам устанавіць?

— Лічбы кожны дзень мяняюцца. Гэтыя лічбы публікуе сама Расейская Фэдэрацыя. Ёсьць такі генэрал Мезенцаў — той яшчэ злачынец. І на ўчарашнюю раніцу ён апублікаваў наступныя дадзеныя: Расейскай Фэдэрацыяй вывезена на тэрыторыю Расеі 915 000 нашых грамадзян, зь якіх 170 тысяч дзяцей. Гэта значыць, яны публікуюць дадзеныя кожны дзень пра тое, колькі вывезьлі за суткі. І за суткі яны вывозяць альбо 15, альбо 20 тысяч, альбо 26 тысяч. Гэтыя дадзеныя публікуе Расея. Гэтыя дадзеныя пацьвярджаюцца часам у тэлеграм-канале ўпаўнаважанай па правах чалавека ў Расейскай Фэдэрацыі Тацяны Маскальковай, і таксама гэтыя дадзеныя пацьвярджае Ўпраўленьне вярхоўнага камісара па правах бежанцаў ААН.

Як яны падлічваюць? Яны лічаць аўтобусамі нашых грамадзян. Нашы грамадзяне спачатку трапляюць у фільтрацыйныя лягеры, якія знаходзяцца на тэрыторыі акупаваных Данецку і Луганску. Ужо назвалі Безымяннае. Ёсьць яшчэ чатыры фільтрацыйныя лягеры, у якіх на дадзены час знаходзіцца больш за 30 тысяч. Нашы грамадзяне праходзяць так званае фільтраваньне на прадмет: «Як ты ставісься да апэрацыі Расеі на тэрыторыі Ўкраіны?» І калі праверку нашы грамадзяне не праходзяць, то іх адпраўляюць як нядобрыя элемэнты далей у Данецк, у Дакучаеўск — і мы далей іх лёс ужо ня ведаем.

Што да нашых грамадзян у Расеі, то мы маем зьвесткі ад валянтэраў і ад саміх грамадзян. Напрыклад, учора нам паступіў званок аб тым, што ў Чабаксарах, за 30 кілямэтраў ад гораду, знаходзіцца тысяча нашых грамадзян, вывезеных з Марыюпалю. Гэта ў санаторыі ў сяле Шамікава, Рэспубліка Чувашыя. Яны вельмі хочуць выехаць дадому ва Ўкраіну ці хаця б выехаць у Эўрапейскі Зьвяз, каб не знаходзіцца ў Расейскай Фэдэрацыі ў незразумела якіх умовах і незразумела чаму.

Таксама ёсьць лягер у Леанідаўцы ў Пензенскай вобласьці. Таксама ёсьць горад Ціхвін у Ленінградзкай вобласьці. Таксама ёсьць ва Ўладзіміры нейкі дабрачынны фонд Расейскай Фэдэрацыі, яны прывезьлі групу ўкраінскіх падлеткаў 14–15 гадоў з Данецкай і Луганскай абласьцей. Нашы грамадзяне знаходзяцца ў бальніцах — і адтуль нам таксама тэлефануюць, [кажуць] што ў іх альбо здарыўся інсульт, альбо ў іх вызначылі гепатыт C, — і як ім выехаць? Гэтыя дадзеныя пацьвярджаюцца самімі грамадзянамі, якія тэлефануюць ці на тэлефон гарачай лініі, які ў нас працуе кругласутачна безь якой-небудзь аплаты, альбо пішуць мне, альбо мы атрымліваем лісты.

— Гэтыя лічбы, якія дае Расея, ці не здаюцца вам завышанымі, улічваючы тое, што робіць расейская прапаганда для таго, каб паказаць, як Расея дапамагае брацкаму народу?

— Яны могуць быць завышанымі. Але я ўчора размаўляла з прадстаўнікамі Ўпраўленьня вярхоўнага камісара па правах бежанцаў ААН. Яны пацьвярджаюць ня менш як 550 тысяч. У іх жа ёсьць прадстаўнік, які працуе ў Расейскай Фэдэрацыі, які сам аб’ехаў некалькі абласьцей і ўстанавіў знаходжаньне там нашых грамадзян. І яны аказваюць дапамогу зараз нашым грамадзянам там. Тыя грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі, якія нам садзейнічаюць, каб мы вывезьлі нашых грамадзян, напрыклад праз Нарву ў Эстонію, мы ж бачым канкрэтныя прозьвішчы людзей. Так, вядома, можа быць, што іх колькасьць меншая. Але калі я маю сьпіс са 170 грамадзян, якіх вывезьлі ў Ямала-Ненецкую акругу, і ведаю адрасы іх знаходжаньня, гэта пацьвярджае тое, што нашыя грамадзяне там ёсьць. Так, яны могуць не супадаць у колькасьці. Але мы ведаем, што 130 тысяч нашых грамадзян было вывезена з Марыюпалю. Толькі з Марыюпалю! А вывозяць жа з усіх акупаваных тэрыторый на сёньняшні дзень.

— Вывозіць людзей, у тым ліку з Данецку, расейскія ўлады пачалі яшчэ да пачатку вайны — гэтая эвакуацыя, якую яны абвясьцілі за некалькі дзён да пачатку поўнамаштабнага ўварваньня. Гэтыя лічбы — 915 тысяч — яны ўключаюць у тым ліку тых людзей, якія былі вывезеныя з раней акупаваных тэрыторый Данецкай і Луганскай абласьцей, ці гэта толькі тыя людзі, якія былі вывезеныя з тэрыторый, захопленых зараз расейскімі вайскоўцамі?

— Першы вываз быў 18 лютага з часова акупаваных Расейскай Фэдэрацыяй тэрыторый Украіны — 90 тысяч нашых грамадзян. Гэтыя 90 тысяч уваходзяць у лік 915 тысяч. Якраз нам вядома, што ў Пензенскай вобласьці ў вёсцы Леанідаўка ёсьць тры такія лягеры, дзе знаходзяцца людзі, вывезеныя да агрэсіўнай стадыі ваенных дзеяньняў Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыі Ўкраіны. Таму яны ўключаныя ў гэтую агульную колькасьць.

— У якіх умовах яны знаходзяцца ў гэтых лягерах у Пензенскай вобласьці, у Чувашыі?

— Напрыклад, па Пензенскай вобласьці мы ведаем, што гэта лягер, у якім 10 карпусоў, яны агароджаныя сеткай-рабіцай, ёсьць кантрольны пункт уезду-выезду. Тыя грамадзяне Расеі, якія зь імі праводзілі гутаркі, расказваюць аб тым, што стан вельмі трывожны ў іх, яны маральна зьнясіленыя. Яны былі вывезеныя яшчэ ў зімовым адзеньні. Дзеці, якія нарадзіліся проста ў бамбасховішчах, знаходзіліся без груднога кармленьня і патрабавалі штучнага харчаваньня. І гэтыя валянтэры, дзякуй ім, сабралі грошы, купілі неабходныя рэчы і перадалі. Людзі не разумеюць, што далей зь імі будзе адбывацца. І таму зараз мы спрабуем разам вывезьці іх у краіны ЭЗ.

— Украінскія пашпарты ў вывезеных людзей не забіраюць?

— Забіраюць пашпарты. Іх забіраюць яшчэ ў фільтрацыйным лягеры.

— А зь якімі дакумэнтамі яны едуць далей па Расеі?

— Па Расеі іх прывезьлі ў лягер цягніком, напрыклад, з Таганрогу. У нас ёсьць сямʼя, якую прывезьлі ў Суздаль Уладзімірскай вобласьці. А далей ім даюць міграцыйную даведку. І вось яны з гэтай міграцыйнай даведкай далей езьдзяць.

— Ці можна па гэтай даведцы выехаць у краіны ЭЗ — у Латвію, у Літву, напрыклад?

— Мы зараз гэта арганізоўваем, і ў нас ёсьць станоўчы досьвед. Нам валянтэры кідаюць сьпіс тых грамадзян Украіны, якія жадаюць выехаць. Мы правяраем гэты сьпіс у нашых міграцыйных службах і памежных службах. І калі ідзе пацьвярджэньне, што гэта нашы грамадзяне, мы іх перадаем на памежны пост у Нарве і нашаму консулу. Была апошняя сямʼя — сем чалавек, зь іх трое дзяцей, — яны прыехалі, іх там сустрэлі, праверылі дакумэнты і прапусьцілі іх на тэрыторыю Эстоніі. Там ужо іх сустрэў наш консул, украінская грамада. І яны далей сталі перамяшчацца.

«15 нашых жанчын пагалілі, разьдзявалі дагала, зьневажалі». Украінцы ў расейскім палоне і расейцы — ва ўкраінскім

— Што вы можаце расказаць пра ўмовы, у якіх цяпер утрымліваюць украінскіх вайскоўцаў у расейскім палоне?

— Мы ж правяраем, як утрымліваюць ваеннапалонных Расейскай Фэдэрацыі ў нас. І мы з кожным, хто паступае, праводзім інтэрвію. Я сама асабіста была ў месцы знаходжаньня ваеннапалонных РФ. І ніводнай скаргі не паступіла на ўмовы ўтрыманьня, на нейкія катаваньні ці яшчэ на нешта. Наадварот, 23 салдаты, якія там былі на той момант, казалі, што ўкраінцы ставяцца да іх лепш, чым іх камандзіры ў РФ і ў тых частках, дзе яны служылі, калі прыйшлі заваёўваць тэрыторыю Ўкраіны.

Што тычыцца нашых украінцаў, то пасьля таго, як мы вяртаем іх у парадку абмену, расказваюць страшныя рэчы. Я думаю, што вы бачылі, калі мы мянялі 86 на 86, як усіх 15 нашых жанчын пагалілі. Іх разьдзявалі дагала ў прысутнасьці мужчын, рабілі розныя непрыстойныя рэчы, прыніжалі іх. Як гавораць па расейскіх турэмных законах, «апусьцілі». Але «апусьціць» нас немагчыма. Мы ваюем на сваёй зямлі і за сваю вольную Ўкраіну. Гэтак жа як [не атрымаецца «апусьціць»] і нашых вайскоўцаў, якія былі ўзятыя з вострава Зьмяіны, якія паслалі расейскі карабель туды, куды мы пашлём усю Расею, якая ваюе супраць нас.

Яны казалі, што іх трымалі ў намётах безь цяпла, без харчаваньня. Яны прыбылі сюды з абмарожанымі рукамі і нагамі, бо было вельмі холадна, была мінусавая тэмпэратура ў тым месцы, дзе іх трымалі. Іх не кармілі. Тым самым Расея парушыла Жэнэўскую канвэнцыю 1949 году ў адносінах да ваеннапалонных. Ваеннапалонныя павінны атрымліваць дакладна такое ж стаўленьне, як і вайскоўцы той краіны, якая ўзяла іх у палон. Але, мусіць, Расея і да сваіх салдат ставіцца гэтак жа, як да нашых. Таму тут нічога дзіўнага.

— Ці вядома пра факты катаваньняў?

— Утрыманьне ва ўмовах, якія не адпавядаюць Жэнэўскай канвэнцыі, зьяўляецца катаваньнем. Непрадастаўленьне нармальных умоў, адпаведнага харчаваньня, мэдычнай дапамогі. Заўчора мы забралі трох параненых. Не было прадастаўлена пэўнай мэдычнай дапамогі, каб зьнізіць іх пакуты. Гэта таксама зьяўляецца катаваньнямі.

— А дзе Расея ўтрымлівае ўкраінскіх ваеннапалонных, у якія расейскія гарады іх адвозяць?

— Напрыклад, Бранск, Курск. І Крым. У гэтых гарадах знаходзяцца нашыя захопленыя грамадзяне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG