Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт адмовіў у правядзеньні Чарнобыльскага Шляху 2022 году. Беларуская партыя «Зялёныя» заявіла ў адказ на гэта, што ня будзе праводзіць традыцыйную чарнобыльскую акцыю ў Менску, і запрасіла ахвотных далучыцца да «Чарнобыльскага шляху», які будзе праходзіць у Вільні 26 красавіка. Збор на Лукіскай плошчы ў 18:00.
Партыя «Зялёныя» падала заяўку на правядзеньне акцыі пад асноўным лёзунгам „Не — вайне!“ і з патрабаваньнямі няўдзелу беларускіх вайскоўцаў у збройных канфліктах, нэўтральнага статусу краіны, вываду войскаў з тэрыторыі Беларусі, салідарнасьці з украінскім народам і недапушчэньня паўтарэньня чарнобыльскай катастрофы, — гаворыцца ў паведамленьні партыі «Зялёныя».
Летась улады Беларусі таксама адмовілі ў правядзеньні традыцыйнага шэсьця «Чарнобыльскі шлях».