Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сёньня немагчымы дыялёг паміж Менскам і Брусэлем


Міністар замежных спраў Уладзімір Макей (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка
Міністар замежных спраў Уладзімір Макей (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка

На Захадзе давер да Лукашэнкі блізкі да нуля. Каб пазыцыя ЭЗ і ЗША памянялася, патрэбны сур’ёзныя перамены ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы Беларусі, на якія цяперашні рэжым ня здольны.

Сьцісла:

  • Ліст Макея Эўразьвязу з прапановай дыялёгу сьведчыць пра тое, што існы рэжым адчувае сябе няўтульна, ранейшая мадэль выжываньня дае збой.
  • Лукашэнка спрабуе «прадаць» Захаду няўдзел беларускага войска ў вайне ва Ўкраіне.
  • Адмова Эўразьвязу ад дыялёгу абурыла беларускае кіраўніцтва.
  • Разгром незалежных прафсаюзаў — таксама адказ Эўразьвязу.

Што азначае ліст Макея

Дасюль, пачынаючы з 9 жніўня 2020 году, замежная палітыка Беларусі была простая і ясная: шчыльны саюз з Расеяй і жорсткі палітычны, эканамічны, дыпляматычны, ідэалягічны канфлікт з Захадам. Без усялякіх нюансаў і адценьняў.

Ліст міністра замежных спраў Уладзімера Макея да ЭЗ з прапановай дыялёгу, як і ўвядзеньне на месяц «бязьвізу» для грамадзян Літвы і Латвіі, трохі ламае гэтую простую і адназначную схему. Прынамсі, яе ўскладняе. І сьведчыць пра тое, што існы рэжым адчувае сябе няўтульна, ранейшая мадэль выжываньня дае збой. А пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны стала зразумела, што складаць усе яйкі ў адзін кошык проста небясьпечна, трэба шукаць нейкія іншыя варыянты для балянсаваньня.

Калі глядзець на сытуацыю вачыма афіцыйнага Менску, то з вонкавага гледзішча такая тактыка выглядае прывабнай і рэалістычнай. Мы назіраем рэінкарнацыю палітыкі 2014 году ў новых умовах, калі беларускі рэжым скарыстаўся канфліктам Расеі з Захадам і Ўкраінай для нармалізацыі адносін з ЭЗ і ЗША.

Варта нагадаць, што жорсткае падаўленьне пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году выклікала вельмі жорсткі канфлікт Беларусі з Захадам. Большасьць аглядальнікаў тады казалі, што ЭЗ і ЗША ня пойдуць на дыялёг з гэтым рэжымам.

Але потым прыляцеў «чорны лебедзь» — Крым і Данбас. Вайна мяняе правілы, і геапалітыка выцесьніла каштоўнасьці, Захад заплюшчыў вочы на палітычныя рэпрэсіі і ўнутраную сытуацыю ў Беларусі, дзеля таго каб адарваць Менск ад Масквы, выцягнуць Беларусь з геапалітычнага поля РФ.

Цяпер афіцыйны Менск спрабуе гэта паўтарыць. Бо сытуацыя складаецца ў нечым падобная. Зноў прыляцеў «чорны лебедзь» у выглядзе вайны ва Ўкраіне. Зразумела, маштаб рэпрэсій пасьля 2020 году непараўнальна большы, чым пасьля 2010 году. Але ж і маштаб вайны 2022 году непараўнальна большы за 2014–2015 гг. Лукашэнка разьлічвае, што яго зноў выратуе геапалітыка.

Калі гаварыць папросту, ён спрабуе «прадаць» Захаду няўдзел беларускага войска ў вайне ва Ўкраіне. Галоўны пункт ліста Макея такі: «Мы катэгарычна адкідаем любыя інсынуацыі наконт таго, што Беларусь нейкім чынам ангажаваная ў баявыя дзеяньні ва Ўкраіне... Беларусь ня будзе ўцягнутая ў вайну». Лукашэнка разьлічваў, што падчас вайны няўдзел беларускага войска ў ваеннай апэрацыі — гэта дарагі тавар, варты таго, каб выставіць яго на аўкцыён і атрымаць добры куш. Найперш у выглядзе прызнаньня яго палітычным суб’ектам і зьмякчэньня санкцый.

Чым сытуацыя 2022 году адрозьніваецца ад 2014-га

Але цяперашняя сытуацыя толькі вонкава падобная да той, што была восем гадоў таму. Бо ёсьць некалькі важных адрозьненьняў. Самае фундамэнтальнае зь іх палягае вось у чым. У 2014 годзе Беларусь фактычна заняла нэўтральную пазыцыю ў канфлікце Расеі з Захадам і Ўкраінай. Сёньня Беларусь — адзіны ваенны саюзьнік РФ і саўдзельнік агрэсіі супраць украінскай дзяржавы. І як бы афіцыйны Менск ад гэтага ні адхрышчваўся, на Захадзе лічаць менавіта так.

Другое важнае адрозьненьне палягае ў тым, што да 2020 году рэжым Лукашэнкі карыстаўся падтрымкай адноснай большасьці беларусаў. І гэта давала яму пэўную свабоду манэўру, аўтаномію ў адносінах з Расеяй, бо расейская дапамога не было такой крытычнай, такой важнай умовай выжываньня.

Прэзыдэнцкія выбары, масавыя пратэсты 2020 году паказалі, што такой большасьці за Лукашэнкам ужо няма. Таму, з аднаго боку, ён мусіць абапірацца на падтрымку Масквы з усімі нэгатыўнымі наступствамі. Цяпер ён трапіў у вялізную залежнасьць ад Расеі, ягоныя рукі моцна зьвязаныя. Прычым Расея цяпер больш агрэсіўная, чым восем гадоў таму. Такім чынам, пазыцыя Крамля — жорсткі абмежавальнік любога руху Менску на заходнім кірунку.

З другога боку, невысокая грамадзкая падтрымка не дазваляе рэжыму ўключыць працэс лібэралізацыі, спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітвязьняў. Што таксама зьяўляецца важнай умовай пачатку дыялёгу з Захадам.

Яшчэ адна праблема — тое, што зьмест ліста Макея цалкам супярэчыць усім астатнім крокам афіцыйнага Менску ў бок Захаду. Рыторыка Лукашэнкі і дзяржаўных мэдыя, як і дзеяньні беларускіх уладаў, у корані супрацьлеглая таму, што піша Макей. У прыватнасьці, расейскія войскі застаюцца ў Беларусі, анансавалі новыя беларуска-расійскія вучэньні. А вядома, што калі сыгналы супярэчлівыя, то яны не працуюць.

З гэтых прычын на Захадзе давер да Лукашэнкі блізкі да нуля. Каб пазыцыя ЭЗ і ЗША памянялася, патрэбны сурʼёзныя перамены ва ўнутранай і вонкавай палітыцы Беларусі, на якія цяперашні рэжым ня здольны.

Адказам Брусэля на ліст Макея стала маўчаньне. Як лічаць экспэрты, «зьліў» інфармацыі пра ліст беларускага міністра — гэта таксама адказ. А МЗС Латвіі і Літвы заклікалі сваіх грамадзян не наведваць Беларусь па «бязьвізе». Гэта ўжо не маўчаньне, а даволі гучная дэманстрацыя сваёй пазыцыі.

Разгром незалежных прафсаюзаў

Можна меркаваць, што такі «адказ» Эўразьвязу абурыў беларускае кіраўніцтва. Рэакцыяй на яго сталі словы Лукашэнкі пра заходніх дыпляматаў-«фашыстаў», пагрозы дзяржсакратара Рады бясьпекі Вальфовіча Літве, Польшчы і Латвіі разбурэньнямі, сьмерцямі і выбухамі.

Разгром незалежных прафсаюзаў — таксама адказ Эўразьвязу з боку рэжыму. Дасюль улады асьцерагаліся чапаць прафсаюзы, бо міжнародны прафсаюзны рух — сур’ёзная сіла, яна можа ўплываць на рашэньні ўладаў адносна санкцыяў. Да таго ж старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук даволі скептычна ставіўся да санкцый, за што яго крытыкавала дэмакратычная супольнасьць.

Цяпер Лукашэнка вырашыў, што траціць больш няма чаго, усе магчымыя санкцыі ўжо прынятыя, таму пляваць на міжнародныя прафсаюзы, Міжнародную арганізацыю працы зь яе 33 параграфам, які дазваляе пры грубым парушэньні правоў працоўных уводзіць супраць ураду краіны-парушальніцы эканамічныя санкцыі.

І таксама гэта дэманстрацыя на адрас Эўразьвязу, што адмова ад дыялёгу пацягне за сабой больш маштабныя рэпрэсіі супраць рэшты грамадзянскай супольнасьці, якая цудам яшчэ захавалася. На нарадзе Лукашэнкі зь сілавікамі 19 красавіка апошнія атрымалі поўны карт-блянш у гэтым кірунку. Усе тармазы сарваныя.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG