Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Служыў памежнікам, іграе на афрыканскім барабане. Хто такі Павал Кучынскі, які з чацьвёртай стадыяй раку сядзіць у СІЗА


Павал Кучынскі
Павал Кучынскі

Супрацоўнікі міліцыі 26 студзеня 2022 году затрымалі 27-гадовага жыхара Маладэчна Паўла Кучынскага. Супраць яго завялі крымінальныя справы паводле артыкулаў 369 і 391 («Абраза прадстаўніка ўлады» і «Абраза судзьдзі»).

Хлопец быў затрыманы за камэнтары, якія нібыта пакідаў у Telegram. Тады ж ператрусы правялі і ў ягоных сваякоў.

У 2020 годзе ў Паўла Кучынскага выявілі анкалягічнае захворваньне — лімфому Ходжкіна, пры якой пашкоджваецца ўся лімфатычная сыстэма арганізму. Прычым дыягнаставалі адразу чацьвёртую стадыю.

Апошні год Павал Кучынскі пастаянна знаходзіўся пад наглядам лекараў. Як расказваюць сваякі, спачатку ён праходзіў адзін курс хіміятэрапіі цягам паўгода, але вынікаў той ня даў. Потым дактары вырашылі паспрабаваць іншае лячэньне, але акурат у разгар яго хлопца арыштавалі.

Дзед Паўла зьвяртаўся ў Адміністрацыю прэзыдэнта, абласную пракуратуру і Сьледчы камітэт, каб унуку зьмянілі меру стрыманьня, але адусюль прыходзіў адказ, што гэта немагчыма, бо Кучынскі можа зьбегчы ад правасудзьдзя.

У зьняволеньні стан здароўя Паўла пагаршаецца. Сваякі думаюць, што ў такіх умовах ён ня зможа атрымаць дастаткова кваліфікаваную мэдыцынскую дапамогу.

Павал Кучынскі
Павал Кучынскі

Павал Кучынскі вучыўся ў БДУІРы, пасьля чаго працаваў інжынэрам на «Інтэграле». Калі пачаліся падзеі 2020 году, то спрабаваў арганізаваць на прадпрыемстве страйк. Начальства прапанавала хлопцу напісаць заяву аб звальненьні па ўласным жаданьні, што ён і зрабіў.

Калі Павал дазнаўся аб сваіх праблемах са здароўем, то ўжо не працаваў, у яго была другая група інваліднасьці.

У 2020-м Кучынскі адслужыў у арміі. Яго забралі дастаткова позна, бо ён зьяўляўся другім карміцелем для малодшай сястры, якая ў той час якраз вучылася ў каледжы. Калі сястра атрымала дыплём, то Паўла забралі ў памежнікі. Служыў ён на ўкраінскай мяжы. У войску і выявіліся першыя праблемы са здароўем.

Павал Кучынскі
Павал Кучынскі

Павал — каталіцкі вернік. Разам зь сястрой яны ўвесь час хадзілі на імшу ў маладэчанскі касьцёл. Вялікае захапленьне маладога чалавека — гэта музыка. Ён скончыў музычную школу па клясе фартэпіяна. Самастойна навучыўся граць на афрыканскім барабане. У юнацкія гады граў на ўдарна-шумавых інструмэнтах у ансамблі «Самагуды».

Выпіска з анкалягічнага шпіталя з зпікрызам Паўла Кучынскага
Выпіска з анкалягічнага шпіталя з зпікрызам Паўла Кучынскага

Зь іншых захапленьняў Паўла — настольныя гульні, зьбіраньне мазаік. Гуляў у спартовую вэрсію «Мафіі». Родныя кажуць, што нават цяпер, знаходзячыся ў Жодзінскім СІЗА, ён працягвае шмат чытаць кніжак.

Адмова ў зьмякчэньні меры ўтрыманьня Паўла Кучынскага
Адмова ў зьмякчэньні меры ўтрыманьня Паўла Кучынскага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG