Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можа Беларусь выступаць гарантам бясьпекі Ўкраіны


Пасьля заявы Лукашэнкі аб прэтэнзіі афіцыйнага Менску на ўдзел у расейска-ўкраінскіх перамовах цікава было даведацца пра пазыцыю Масквы па гэтым пытаньні. Узгадваньне Беларусі ў інтэрвію міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова 8 красавіка шмат хто ацаніў як адказ Крамля. Аднак гэта не зусім так.

Варта заўважыць, што ў рэпліках беларускіх афіцыйных асобаў па пытаньні ўдзелу Беларусі ў стамбульскіх перамовах праглядваецца недавер да Расеі, сумнеў у тым, што Масква будзе абараняць інтарэсы Беларусі падчас гэтых перамоваў. «Ніякіх сэпаратных, за сьпінай Беларусі, дамоўленасьцяў быць ня можа», — кажа Лукашэнка. Гэта значыць, ёсьць падазрэньне, што РФ гатовая да зьдзелкі за сьпінай Менску і ва ўрон яго інтарэсам?

Пасьля пасяджэньня Савета бясьпекі 7 красавіка міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў: «Мы перакананыя, што інтарэсы і гарантыі бясьпекі павінны быць прадугледжаныя ня толькі адносна Ўкраіны і Расеі, але і Беларусі як аднаго з трох славянскіх народаў».

Першае пытаньне, якое ўзьнікае з гэтай нагоды: а Расея, АДКБ ужо гарантамі бясьпекі Беларусі не зьяўляюцца?

Другое пытаньне, яшчэ больш пікантнае. Украіна патрабуе міжнародных гарантый з прычыны пагрозы з боку Расеі. Беларусі патрэбныя міжнародныя гарантыі з той жа прычыны?

Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў згадаў Беларусь у кантэксьце расейска-ўкраінскіх перамоваў, але крыху ў іншым сэнсе. Ён заявіў: «Сярод гарантаў бясьпекі ўкраінскія суседзі хацелі б бачыць усе прылеглыя да Ўкраіны краіны і яшчэ цэлы шэраг дзяржаў, у тым ліку пастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН. Мы прапанавалі, каб у ліку такіх краінаў-гарантаў абавязкова была б Рэспубліка Беларусь».

Нагадаю, ідзецца пра тое, што Ўкраіна абумоўлівае сваю гатоўнасьць да нэўтральнага статусу і адмову ад уступленьня ў NATO гарантыямі бясьпекі, якія павінны даць іншыя дзяржавы. Сярод краінаў-гарантаў — Вялікая Брытанія, Кітай, Расея, ЗША, Францыя (пастаянныя чальцы Рады Бясьпекі ААН), Турэччына, Нямеччына, Канада, Італія, Польшча, Ізраіль.

Дык вось Лаўроў прапануе павялічыць кола гэтых гарантаў за кошт краінаў-суседзяў Украіны, у тым ліку Беларусі. Сэнс гэтай прапановы даволі празрысты. Чым больш краінаў выступаюць гарантамі, тым больш размываецца сэнс гарантый бясьпекі. Бо ў выпадку крызісу ім жа трэба будзе неяк узгадняць свае дзеяньні, каб рэагаваць сумесна. Але калі такімі гарантамі бясьпекі Ўкраіны выступяць, да прыкладу, адначасова Расея, Беларусь, ЗША, Францыя, то грош цана такім гарантыям. Бо Масква і Менск будуць усё блякаваць. Калі гарантамі выступаюць краіны з рознымі пазыцыямі, увесь мэханізм гарантыяў ня будзе працаваць. Што і трэба Маскве.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG