Палітзьняволенага анархіста Мікіту Емяльянава зноў пакаралі «суткамі» ў карцары. Там хлопец знаходзіцца з 12 сакавіка.
Спачатку Мікіту прызначылі 5 дзён карцару, бо ён адмовіўся прыбіраць прагулачны дворык за іншымі. Потым яго пакаралі яшчэ 10 суткамі.
На знак пратэсту Мікіта абвясьціў трэцюю за час свайго зьняволеньня галадоўку, але пасьля 4 дзён пачаў прымаць ежу па стане здароўя.
Сёньня стала вядома, што Мікіту падоўжылі тэрмін у карцары да 16 красавіка. За што на гэты раз, невядома, піша «Вясна».
Агулам анархіст правядзе ў карцары 35 дзён.
Мікіту Емяльянаву 21 год. Ён былы студэнт БНТУ. Яго затрымалі 20 кастрычніка 2019 году за акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі. У сакавіку 2020 году Мікіту асудзілі на 7 гадоў калёніі, потым тэрмін скарацілі да 4 гадоў. Улетку 2021 году хлопца перавялі на больш жорсткі рэжым у магілёўскую турму.
Сёлета ў студзені над Мікітай пачаўся новы працэс за «парушэньні турэмнага рэжыму» (артыкул 411 Крымінальнага кодэксу). У выніку 11 сакавіка хлопца асудзілі на два гады пазбаўленьня волі, а канчаткова прызначылі па сукупнасьці прысудаў з улікам раней неадбытага пакараньня — тры з паловай гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Мікіту часта караюць за парушэньні за кратамі. За ўвесь час зьняволеньня ён амаль паўгода правёў у штрафным ізалятары або карцары.