Паводле расьсьледаваньня праваабаронцаў, на працягу некалькіх дзён у канцы сакавіка ўрадавыя войскі пры падтрымцы іншаземцаў, якіх некалькі крыніц назвалі расейцамі, пакаралі сьмерцю без суду ня менш за 300 жыхароў навакольляў гораду Мура на поўдні краіны. Некаторыя з забітых падазраваліся ў датычнасьці да ўзброеных ісламісцкіх арганізацый, адзначаюць праваабаронцы.
Міністэрства абароны Малі 1 красавіка паведаміла, што забіла 203 тэрарыстаў і арыштавала яшчэ 51 падчас спэцапэрацыі. Сьцьвярджалася, што некалькі тэрарыстычных груп плянавалі правесьці сустрэчу ў раёне Муры.
У паведамленьні HRW вайскоўцы Малі абвінавачваюцца ў ваенным злачынстве. Сьведкі паведамляюць, што ў забойствах удзельнічалі белыя вайскоўцы, якія не размаўляюць па-француску. Іх палічылі расейцамі, паколькі вядома, што расейскія вайсковыя інструктары знаходзяцца ў Малі ў рамках дамовы краіны з Масквой. Раней у краіне, як паведамляла прэса, разьмяшчаліся падразьдзяленьні прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр». Невядома, ці былі ўдзельнікі масавых забойстваў, калі яны былі з Расеі, супрацоўнікамі ПВК «Вагнэр» ці кадравымі расейскімі вайскоўцамі.
Мура знаходзілася пад фармальным кантролем узброенай групоўкі «Аль-Кайда ў краінах ісламскага Магрыба», прызнанай тэрарыстычнай, у прыватнасьці, мясцовымі ўладамі, ААН, Злучанымі Штатамі і Расеяй. 27 сакавіка горад занялі ўрадавыя войскі ў выніку дэсантнай апэрацыі, у якой удзельнічалі больш за сто меркаваных расейцаў. Пасьля гэтага вайскоўцы пакаралі сьмерцю некалькіх чалавек, якія паспрабавалі ўцячы з гораду, і затрымалі сотні няўзброеных мясцовых жыхароў. Сярод іх маглі хавацца і джыхадысты, зазначаецца ў паведамленьні.
Затрыманых адвезьлі на ўсход ад Муры і пратрымалі тры дні на вольным паветры. Іх падзялялі на маленькія групы, шмат каго павялі на расстрэл. Брацкія магілы для забітых выкапалі ў першы дзень сіламі 40 захопленых мужчын. Сярод затрыманых і забітых былі жыхары іншых гарадоў і вёсак, якія прыбылі на нядзельны кірмаш, гавораць сьведкі.
Праваабаронцы адзначаюць, што паралельна з расьсьледаваньнем пакараньняў сьмерцю ў Муры, яны вядуць расьсьледаваньне забойства некалькіх сотняў мірных жыхароў, якое, мяркуецца, учынілі чальцы магрыбзкай «Аль-Кайды».
У Малі на працягу некалькіх гадоў паведамляецца аб масавых забойствах, якія ўчыняюцца ўзброенымі джыхадыстамі, чальцамі тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» і ўрадавымі войскамі. Цяпер у сьпіс могуць дадацца і расейцы.