Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як расейскія танкі і ракеты спынілі рэкордны гандаль Беларусі і Ўкраіны


Чыгуначныя вагоны і цыстэрны. Ілюстратыўнае фота
Чыгуначныя вагоны і цыстэрны. Ілюстратыўнае фота

На другім месяцы расейскай агрэсіі супраць Украіны, якая адбываецца пры падтрымцы беларускіх уладаў, Свабода разам з экспэртамі разьбіраецца, што страцілі Беларусь і Ўкраіна як традыцыйныя гандлёвыя партнэры, хто больш страціў ад вайны і ці магчыма будзе аднавіць абмен таварнымі патокамі.

Летась Беларусь павялічыла экспарт прадукцыі ва Ўкраіну на 67,8%, да 4,8 мільярда даляраў, а ўкраінскі імпарт — на 10,8%, да 1,47 мільярда даляраў. Пасьля пачатку вайны, калі зь беларускай тэрыторыі на Ўкраіну пайшлі танкавыя калёны расейскіх войскаў і паляцелі ракеты, гандаль фактычна спыніўся.

Перад самай вайной, у першыя два месяцы 2022 году, гандаль яшчэ быў інтэнсіўны. Нават пасьля пачатку вайны беларускія грузавікі з прадукцыяй для Ўкраіны і эўрапейскіх краін стаялі на мяжы для ўезду ва Ўкраіну.

Нафтапрадукты: перад вайной Імкнуліся назапасіць, каб захаваць пастаўкі з Украіны

Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны апублікавала дэталізацыю гандлю зь Беларусьсю толькі за студзень.

Паводле яе, у першы месяц 2022 году Беларусь павялічыла пастаўкі прадукцыі ва Ўкраіну ў 2,2 раза ў параўнаньні са студзенем мінулага году — да 539,2 мільёна даляраў.

Найбольш прырасьлі аб’ёмы той прадукцыі, на якую ў Эўропе наклалі санкцыі:

  • нафтапрадуктаў — у 2,19 раза (да 336,5 мільёна даляраў)
  • угнаеньняў — у 3,5 раза (да 84,8 мільёна даляраў)
  • прадуктаў неарганічнай хіміі — у 5,2 раза (да 2,3 мільёна даляраў)
  • арганічных хімічных злучэньняў — у 4,6 раза (да 6,7 мільёнаў даляраў).

Інтарэсы беларускіх і ўкраінскіх кампаніяў цалкам супадалі — ва ўмовах анансаваных новых санкцыяў супраць Беларусі і папярэджаньняў аб магчымай вайне першыя хацелі пасьпець больш прадаць, другія — стварыць запасы.

Але з 20 сакавіка расейцы, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, пачалі мэтанакіравана зьнішчаць нафтабазы ва Ўкраіне. Ракеты пацэлілі таксама ў сховішчы ў Валынскай, Ровенскай і Кіеўскай абласьцях, дзе захоўвалася беларускае паліва.

«Нафтавыя» рэкі цяклі зь Беларусі ва Ўкраіну і ў першы дзень вайны

Як стала вядома Свабодзе, яшчэ ў лістападзе 2021 году Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў схему абыходу міжнародных санкцыяў, каб захаваць аб’ёмы экспарту нафтапрадуктаў падсанкцыйнага наваполацкага «Нафтану».

Адмысловым распараджэньнем пад грыфам «сакрэтна» Лукашэнка сфармаваў міжведамасную працоўную групу на чале зь віцэ-прэм’ерам Юрыем Назаравым. Апроч кіраўнікоў галіновых прадпрыемстваў, у яе таксама ўвайшоў першы намесьнік старшыні КДБ Сяргей Церабаў.

Украіна была вызначана галоўным кірункам абыходу санкцыяў. Першае, што пачалі рабіць, — сэртыфікаваць прадукцыю Наваполацкага заводу як мазырскую.

«Як гэта выглядала? РУП „Беларуснафта“ набывала прадукцыю „Нафтану“ для ўнутранага рынку. Пастаўкі ішлі на нафтабазы „Гомельаблнафтапрадукту“. Непасрэдна на нафтабазах у Мазыры і Гомлі „перафарматоўвалі“ тавар: афармлялі сэртыфікаты аб паходжаньні тавару, так званы СТ-1, пашпарт якасьці, дзе Мазырскі НПЗ пазначаны вытворцам, потым ён праходзіў мытнае афармленьне і экспартаваўся ва Ўкраіну», — сказаў Свабодзе экспэрт у беларускай нафтаперапрацоўцы.

Паводле гэтай схемы цягам сьнежня 2021 — студзеня 2022 году на ўкраінскі рынак адгрузілі 103,2 тысячы тон наваполацкіх нафтапрадуктаў.

У іншую схему легітымізацыі прадукцыі «Нафтану», так званым блэндаваньні (зьмешваньне базавага прадукту, лёгкіх бэнзінавых фракцыяў, з рознымі дабаўкамі ў пэўных прапорцыях) былі залучаныя кампаніі ўкраінскай імпэрыі беларускага бізнэсоўца Мікалая Вараб’я. На той момант яны ўжо «зачысьцілі» свае статутныя дакумэнты ад падсанкцыйных заснавальнікаў і гатовыя былі працаваць у новых умовах.

Але гандаль спыніла вайна. Без прыбытку і валюты засталася ня толькі беларуская дзяржава і прадпрыемствы, але і бізнэсоўцы з найбліжэйшага атачэньня Аляксандра Лукашэнкі.

Пад абстрэлы трапілі харчовыя склады зь беларускімі прадуктамі

З пачатку 2022 году Беларусь істотна павялічыла аб’ём продажаў ва Ўкраіну шэрагу прадуктаў:

  • мукамольна-крупяной падукцыі — у 2,1 раза (да 1,9 мільёна даляраў)
  • прадуктаў зь мяса і рыбы — у 1,7 раза (да 1,4 мільёна даляраў)
  • гатовыя прадукты з збожжа — у 2,3 раза (да 401,2 тысячы даляраў)
  • розных харчовых прадуктаў — у 4 разы (да 690,3 тысячы даляраў)

На складах, якія Расея пачала ў сакавіку падрываць пад Кіевам у Браварах, таксама захоўвалася беларуская прадукцыя.

Адметна, што Ўкраіна ў студзені, які традыцыйна лічыцца кволым для замежнага гандлю, таксама павялічыла продаж сваёй прадукцыі Беларусі. Найперш і найбольш — збожжа. Беларусь атрымала з Украіны збожжавых культураў на 2,2 мільёна даляраў, што ў 1,9 раза больш за ўзровень у студзені 2021-га.

З пачатку году Беларусь зарабіла ва Ўкраіне чвэрць ад мінулага году

Дэталізаваная гандлёвая статыстыка за першыя два месяцы зьявіцца празь месяц. Але паводле папярэдняй інфармацыі Дзяржаўнай мытнай службы Ўкраіны, якая ўжо апрацавала мытныя дакумэнты за другі месяц году, Беларусь у лютым пасьпела прадаць Украіне прадукцыі на 459,2 мільёна даляраў. Такім чынам, у студзені—лютым 2022 году зарабіла на пастаўках ва Ўкраіну 1,015 мільярда даляраў. Гэта чвэрць ад усяго гадавога аб’ёму летась.

Украіна ў студзені прадала ў Беларусь прадукцыі на 102,7 мільёна, а ў лютым — на 92,2 мільёна даляраў.

У лютым Беларусь найбольш прадавала ва Ўкраіну нафтапрадукты і ўгнаеньні. Але тэмпы прыросту ўжо зьніжаліся — акцыянэрнае таварыства «Укразалізниця» з 16 лютага на няпэўны час спыніла транзыт прадукцыі Беларускай калійнай кампаніі ў кірунку Славаччыны, Вугоршчыны, Польшчы, Аўстрыі, Чэхіі, Румыніі, краін Балтыі і СНД.

Канфіскацыі ва Ўкраіне беларускага транспарту

Увезеныя да гэтага часу 100 вагонаў зь беларускімі калійнымі ўгнаеньнямі, якія транзытам накіроўваліся ў азіяцкія краіны, былі сканфіскаваныя на чыгуначнай станцыі Корасьцень (Жытомірская вобласьць).

11 сакавіка стала вядома аб канфіскацыі на карысьць Узброеных сілў Украіны ў Валынскай вобласьці 23 беларускіх грузавікоў з прадукцыяй, а 29 сакавіка — яшчэ некалькіх грузавікоў у Чарнавіцкай вобласьці. Што праўда, у другім выпадку Украіна паабяцала адправіць тавар у месца прызначэньня, бо ён належаў краінам-партнэркам.

31 сакавіка Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны і Бюро эканамічнай бясьпекі паведамілі аб нацыяналізацыі ў Чаркаскай і Івана-Франкоўскай абласьцях 576 чыгуначных вагонаў і цыстэрнаў, уласьнікамі якіх ёсьць бізнэсоўцы зь Беларусі і Расеі.

Праз тыдзень ад пачатку вайны ўкраінскі парлямэнт ухваліў закон, які рэглямэнтуе канфіскацыю маёмасьці дзяржавы Расея і расейскіх юрыдычных асобаў на карысьць Украінскай дзяржавы. У ім увогуле ня згадваецца Беларусь і няма мэханізму канфіскацыі беларускай маёмасьці.

Аднаўленьне гандлю будзе залежаць ад вынікаў вайны

Бюро эканамічнай бясьпекі Ўкраіны заявіла, што працягвае выяўляць актывы Расеі і Беларусі, а таксама спыняць дзейнасьць прадпрыемстваў, якія вядуць «незаконны гандаль з Расеяй і Беларусьсю, у тым ліку і кантрабандным шляхам».

Але ўкраінскі эканаміст Барыс Кушнірук перакананы, што беларуска-ўкраінскі гандаль цалкам быў спынены калі ня ў першы, то ў наступныя дні.

Барыс Кушнірук
Барыс Кушнірук

«Цяпер фізычна няма ніводнага чыгуначнага злучэньня. Там, дзе яно было, яго падарвалі. А тое, што цяпер канфіскуюць, было завезена раней. На відэазапісах можна нават пабачыць, як расейскія танкі, калі заходзілі праз памежныя пункты ў Беларусі ва Ўкраіну, праяжджалі паўз фуры, што стаялі на мяжы. То бо да апошняга дня ішоў гандаль. Таму і нейкія вагоны засталіся на тэрыторыі Ўкраіны і фактычна прадукцыя не была пастаўленая замоўцам», — патлумачыў эканаміст.

Барыс Кушнірук мяркуе, што цяпер заўчасна прагназаваць тэрміны аднаўленьня абмену таварнымі патокамі між Беларусьсю і Ўкраінай.

«Мы пакуль не разумеем, у якім стане будзе Ўкраіна і ўкраінская эканоміка пасьля завяршэньня вайны. Я перакананы, што Ўкраіна пераможа ў гэтай вайне, але мы ня ведаем, да якога ўзроўню вайна дойдзе і калі спыніцца. Таму даваць ацэнку, ці зможа Ўкраіна аднавіць гандаль зь Беларусьсю, можна будзе тады, калі ўсё гэта завершыцца. І яшчэ ёсьць момант. Мы не разумеем, у якім выглядзе застанецца Беларусь пасьля гэтай вайны. Я, напрыклад, не выключаю, што рэжым Лукашэнкі будзе скінуты», — адзначыў экспэрт.

Паводле яго, прагнозы і іхная рэалізацыя залежаць ня толькі ад таго, ці зьменіцца ўлада ў Беларусі, а яшчэ і ад таго, ці захавае ўладу Ўладзімір Пуцін.

«Да вайны і цяпер фактычна Беларусь мае магчымасьць выкарыстоўваць танную нафту і газ, а найбольшы складнік беларуска-ўкраінскага гандлю — гэта нафтапрадукты і мінэральныя ўгнаеньні. Ці захаваюцца гэтыя танныя нафта і газ для Беларусі пасьля вайны — мы ня ведаем, бо ня ведаем, чым гэтая вайна завершыцца. Адпаведна, можна дакладна сказаць, што пакуль ідзе вайна, нічога ня будзе, а калі яна завершыцца — тады і можна будзе даваць ацэнку, што застанецца ў гандлі і што з гэтым рабіць як Украіне, гэтак і Беларусі», — дадаў Барыс Кушнірук.

Украінскі эканаміст мяркуе, што цяпер Аляксандар Лукашэнка мае вельмі абмежаваную ўладу ў Беларусі.

«Фактычна цяпер улада знаходзіцца ў расейцаў, і, агулам кажучы, Беларусь — гэта акупаваная дзяржава. Лукашэнка цалкам залежыць ад Пуціна і ня мае магчымасьцяў весьці самастойную палітыку. Гэта толькі намінальная ўлада. Уся ўлада ў Беларусі цяпер знаходзіцца ў расейцаў, яны ўсё кантралююць — гарады, злучэньні і гэтак далей», — перакананы экспэрт.

Паводле папярэдніх ацэнак, страты ўкраінскай эканомікі ад вайны ўжо складаюць амаль 600 мільярдаў даляраў.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG