Аўтары пэтыцыі адзначалі, што ў бальніцах Гомля, Мазыра і Ельску параненым ваеннаслужачым УС РФ аказваецца мэдычная дапамога. «Аднак Міністэрства аховы здароўя ніяк не камэнтуе факты аказаньня мэдычнай дапамогі параненым ваеннаслужачым РФ», — гаварылася ў пэтыцыі.
Грамадзяне прасілі Міністэрства аховы здароўя патлумачыць, ці аказваецца мэдычная дапамога ўдзельнікам баявых дзеяньняў з боку РФ, і калі так, то з прыцягненьнем ці без прыцягненьня беларускіх спэцыялістаў, на якіх фінансавых умовах.
Начальнік галоўнага ўпраўленьня арганізацыі мэдычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Аляксей Шчарбінскі адзначыў у сваім адказе, што «факт звароту пацыента па мэдычную дапамогу складае лекарскую тайну». «Аказаньне мэддапамогі ваеннаслужачым УС РФ магчымае на падставе Пагадненьня аб арганізацыі мэдычнага забесьпячэньня ваеннаслужачых і членаў іх сем’яў, рабочых і служачых Узброеных сіл дзяржаў — удзельніц Садружнасьці, Абʼяднаных Узброеных сіл СНД 1992 году», — напісаў чыноўнік.
Адказу наўпрост на пытаньні ён ня даў.