Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Львове і Чаркаскай вобласьці Ўкраіны нацыяналізуюць амаль 600 беларускіх і расейскіх чыгуначных вагонаў


Грузавыя вагоны, ілюстрацыйнае фота
Грузавыя вагоны, ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў (ДБР) Украіны ініцыюе нацыяналізацыю маёмасьці бізнэсоўцаў з Расеі і Беларусі.

Як паведаміла прэсавая служба ДБР, ідзецца аб 176 чыгуначных вагонах і цыстэрнах, уласьнікамі якіх ёсьць бізнэсоўцы зь Беларусі і Расеі. Іх кошт складае амаль 264 мільёны грыўняў (амаль 9 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС). Вагоны і цыстэрны знаходзіліся ў Івана-Франкоўскай вобласьці.

ДБР не ўдакладняе падставы, на якіх уласнасьць беларускіх юрыдычных асобаў нацыяналізавалі.

Яшчэ адно праваахоўнае ведамства Ўкраіны — Бюро эканамічнай бясьпекі – паведаміла аб пачатку працэсу нацыяналізацыі ў Чаркаскай вобласьці 400 чыгуначных вагонаў, якія належалі расейскім і беларускім кампаніям, у якіх канцовым бэнэфэцыярным уласьнікам зьяўляюцца расейскія юрыдычныя ці фізычныя асобы.

Вярхоўная Рада Ўкраіны трэцяга сакавіка ўхваліла закон, які рэглямэнтуе канфіскацыю на карысьць Украінскай дзяржавы маёмасьці дзяржавы Расея і расейскіх юрыдычных асобаў. Закон датычыць выключна Расеі. У ім увогуле ня згадваецца Беларусь і не апісаны мэханізм канфіскацыі беларускай маёмасьці.

Закон прадугледжвае прымусовую канфіскацыю рухомай і нерухомай маёмасьці, грошай, банкаўскіх укладаў, каштоўных папераў і карпаратыўных правоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны і непасрэдна ці праз афіліяваных асобаў належаць Расейскай Фэдэрацыі ды яе рэзыдэнтам. Гэта будзе рабіцца безь якой-небудзь кампэнсацыі з увагі на агрэсію Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG