Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мікалаеве пасьля абстрэлу абласной адміністрацыі шукаюць кіраўніцу беларускай суполкі. Яна можа быць пад заваламі


Тацяна Дзяменьнікава зь беларускім амбасадарам Ігарам Сокалам, лістапад 2019 году
Тацяна Дзяменьнікава зь беларускім амбасадарам Ігарам Сокалам, лістапад 2019 году

«Наша Тацяна была на працы»,— кажуць калегі і сябры беларускі Тацяны Дзяменьнікавай, якая працавала ў эканамічным дэпартамэнце Мікалаеўскай абласной адміністрацыі.

У Мікалаеве намагаюцца высьветліць лёс Тацяны Дзяменьнікавай, якая працавала ў эканамічным дэпартамэнце абласной адміністрацыі і ачольвала Мікалаеўскае абласное нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў «Голас Радзiмы».

«У момант выбуху наша Тацяна была на працы, цяпер працягваюць ратавальныя працы. Яе яшчэ не знайшлі. Мы спадзяемся на лепшае», — паведаміла Свабодзе намесьніца старшыні беларускай суполкі «Голас Радзімы» Тацяна Бусько.

Тацяна дадала, што пасьля пачатку вайны яна ня зьвязвалася з амбасадай Беларусі ва Ўкраіне і ёй ніхто не тэлефанаваў, каб пацікавіцца сытуацыяй.

«Не хацелася б, каб радзіма ў сьпіну стрэльнула»

«Я грамадзянка Беларусі, маю ва Ўкраіне від на жыхарства ўжо больш за 25 гадоў. Ніхто са мной адтуль ня зьвязваўся і я не тэлефанавала», — кажа Тацяна Бусько.

На пытаньне, ці зьмянілася стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў у Мікалаеве пасьля таго, як з тэрыторыі Беларусі пачалі абстрэльваць Украіну, Тацяна Бусько адказала:

«Да мяне асабіста стаўленьне не зьмянілася. Магу сказаць ад сябе асабіста. Да вайны і ў час вайны асабіста да мяне і да нашай суполкі стаўленьне як было, такім і засталося. Нас ніхто ня цісьне, на нас ніхто ня фыркае. Проста, разумееце... Такая сытуацыя ня вельмі прыемная, не хацелася б, каб радзіма ў сьпіну стрэльнула».

У Мікалаеве жывуць 480 тысяч чалавек. Паводле апошняга перапісу, які быў у 2001 годзе, беларусы складаюць 0,8% жыхароў абласнога цэнтру.

«Голас Радзiмы» ў Мікалаеве

Мікалаеўскае абласное нацыянальна-культурнае таварыства беларусаў «Голас Радзiмы» зарэгістравалі 28 сьнежня 2015 году. Суполка актыўна падтрымлівала кантакты зь беларускай амбасадай у Кіеве.

Міністэрства замежных справаў Беларусі ўзнагародзіла Тацяну Дзяменьнікаву юбілейным мэдалём «100 гадоў дыпляматычнай службе Беларусi» за значны ўнёсак у разьвіцьцё беларуска-ўкраінскіх культурна-гуманітарных сувязяў.

13 лістапада 2019 году амбасадар Беларусі ва Ўкраіне Ігар Сокал уручыў Тацяне Дзяменьнікавай юбілейны мэдаль, а іншых сяброў суполкі ўзнагародзіў ганаровымі знакамі беларускай амбасады. Тады ж Ігар Сокал перадаў ансамблю «Родныя напевы» беларускія нацыянальныя строі.

29 сакавіка расейцы абстралялі будынак Мікалаеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі. У выніку сярэдняя частка будынку абвалілася, 19 грамадзян загінулі. Расчыстка завалаў працягваецца.​

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG