Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі міністар: Краіны «Вялікай сямёркі» ня будуць плаціць за расейскі газ у рублях


Краіны «Вялікай сямёркі» (G7) ня маюць намеру задавальняць патрабаваньне Расеі аб аплаце паставак расейскага газу ў рублях. Пра гэта заявіў міністар эканомікі Нямеччыны Робэрт Габэк.

Паводле яго словаў, усе яго калегі з краін «сямёркі» пагадзіліся, што патрабаваньне парушае дзейныя кантракты, якія прадугледжваюць аплату ў далярах ці эўра.

З краін «сямёркі» найбуйнейшыя спажыўцы расейскага газу — Нямеччына і Італія. На пытаньне аб тым, што адбудзецца, калі Расея ў адказ на адмову перастане пастаўляць газ у ЭЗ, Габэк сказаў: «Мы гатовыя да любых сцэнараў».

Пры гэтым прадстаўнікі ЭЗ неаднаразова заяўлялі, што выступаюць супраць неадкладнай адмовы ад паставак расейскага газу, бо ў кароткатэрміновай пэрспэктыве замяніць іх няма чым, і спажыўцы, перш за ўсё прамысловасьць, адразу ж сутыкнуцца з дэфіцытам.

Раней, 28 сакавіка, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін даручыў ураду, Цэнтрабанку і «Газпрому» да 31 сакавіка падрыхтаваць даклад аб зьмяненьні валюты плацяжоў за пастаўкі газу ў так званыя «недружалюбныя краіны» на рублі.

На мінулым тыдні Пуцін заявіў, што эўрапейскія краіны, якія ўвялі санкцыі супраць Расеі ў сувязі зь яе ўварваньнем ва Ўкраіну, павінны будуць перайсьці ў разьліках за газ на рублі.

Краіны Захаду, аднак, не праявілі гатоўнасьці перайсьці ў разьліках за расейскі газ на рублі. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, у прыватнасьці, заявіў, што гэта не прадугледжана дзейнымі кантрактамі, у якіх валютай плацяжоў вызначаныя эўра або даляры. Славенскі прэм’ер Янэз Янша выказаўся яшчэ больш рэзка, заявіўшы, што ў Эўропе ня ведаюць, як выглядаюць рублі.

Прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў сказаў, што ў выпадку, калі краіны Захаду адмовяцца плаціць за газ у рублях, Расея дакладна ня будзе пастаўляць паліва бясплатна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG