Украінскія, польскія і беларускія актывісты другія выходныя запар блякуюць самы буйны мытны пункт пропуску на польска-беларускай мяжы.
Чэргі з фур дасягнула 50 кілямэтраў, паведамляе чытачка Свабоды. Паводле яе, польскія кіроўцы спрабавалі правакаваць актывістаў, каб сарваць блякаду. Расейскія кіроўцы трымаюць у руках сьцягі Расейскай Фэдэрацыі.
Як расказала чытачка Свабоды, сярод актывістаў, што блякуюць праезд расейскіх фураў, пераважаюць украінцы, ёсьць таксама беларусы і палякі. Паводле яе, удзень і ўначы на блякадзе стаіць каля 100-150 людзей. Актывісты лічаць, што Эўразьвяз павінен перастаць гандляваць з Расеяй і такім чынам спансіраваць вайну ва Ўкраіне.
Па стане на раніцу панядзелка, 20 сакавіка з Польшчы ў Беларусь праз пункт пропуску «Кукурыкі-Казловічы» праехалі толькі 47 фур пры прапускной здольнасьці 1200 грузавікоў.
Першыя пратэсты адбыліся на памежным пераходзе «Кукурыкі-Казловічы» 12 сакавіка. Яны не былі ўзгодненыя з польскімі ўладамі і скончыліся тым, што паліцыя вывела пратэстоўцаў за межы пункту мытнага афармленьня грузавікоў. Наступная акцыя адбылася 19-20 сакавіка.