Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі сыпаліся праз калючы дрот, як у фільме пра зомбі». Як беларускі фотажурналіст дапамагаў эвакуаваць з Кіева аўтобус з уцекачамі


Уцекачы на мяжы Ўкраіны і Польшчы
Уцекачы на мяжы Ўкраіны і Польшчы

Паразмаўлялі з фотажурналістам Алесем Пілецкім пра перасьлед на радзіме, пераезд ва Ўкраіну, выезд з Кіева ў Польшчу ў першыя дні вайны і пра тое, як ён цяпер дапамагае беларусам эвакуавацца.

«А за што цябе біць, тата? Ты ж прыгожа фатаграфуеш»

Алесь Пілецкі з 2018 году працаваў фотажурналістам парталу Tut.by, адказваў за падрыхтоўку матэрыялаў зь Віцебскай вобласьці. Кажа, што ягоныя рэпартажы не былі зьвязаныя з палітыкай, пакуль не пачаўся перадвыбарчы пэрыяд.

Алесь Пілецкі
Алесь Пілецкі

«Я актыўна асьвятляў гэтыя падзеі, неаднаразова мяне затрымлівалі. Але я заўсёды лічыў, што не настолькі я вялікая птушка, каб дзяржаўныя органы зьвярталі на мяне ўвагу, у мяне была акрэдытацыя, я ніколі ня думаў пакідаць Беларусь. Неяк мне даслалі браню, шалом для здымак маніфэстацый. Яна ляжала ў мяне на стале, падышоў мой маленькі сын Марк з такімі словамі: „О, тата, ты сабе шалом купіў? Будзеш цяпер хутка на ровары езьдзіць?“ А я даволі актыўны чалавек, спрабую розныя віды экстрэмальнага спорту, кажу яму: „Не, гэта каб міліцыя ня біла“. На што малы: „А за што цябе біць, тата? Ты ж прыгожа фатаграфуеш“. Вось так дзеці растуць у страху і з разуменьнем таго, што міліцыі трэба сьцерагчыся».

Вясной 2021 году Алесь Пілецкі ўдзельнічаў у выставе «Машына дыхае, а я — не», якая паказвала палітызацыю мэдыцыны ў Беларусі і гераізм мэдыкаў. Алесь быў першым фатографам, які зьняў «брудную зону» — рэанімацыю Віцебскай лякарні на пачатку пандэміі. Выставу закрылі за адзін дзень, а яе арганізатары трапілі ў ІЧУ на Акрэсьціна.

Алесь прызнаецца, што да выбарчых падзей у Беларусі быў даволі апалітычны і проста «рабіў сваю справу».

«Я быў у жаху, калі рабіў інтэрвію, гутарыў зь людзьмі, якія ў мэтах бясьпекі не называлі імёнаў, расказвалі, што рабілася на ўчастках. Я пачаў разумець, што людзей трымаюць за бараноў. Я сам дзеля бясьпекі ўвесь час перамяшчаў свой працоўны кампутар, каб у мяне дома нічога не знаходзілася. І вось у адзін момант 18 траўня я быў у Менску, здымаў для Delfi, вырашыў зайсьці ў офіс Tut.by, павітацца з калегамі. Але мне своечасова патэлефанавалі, папярэдзілі, што офіс узяты праваахоўнымі органамі, заблякаваны».

Наступны званок быў ад суседзяў Алеся, якія сказалі, што каля дома невядомыя і яны грукаюцца да яго ў кватэру.

«Я зьвязаўся з праваабаронцамі, хацеў даведацца, што мне рабіць і як паступіць. І атрымаў адказ, што я вар’ят, калі буду сядзець на месцы, і калі я хачу заставацца ў бясьпецы, то я павінен пакінуць Беларусь. Я адразу паспрабаваў купіць квіткі, а грошай амаль не было, бо рахункі Tut.by былі заблякаваныя і я не атрымліваў заробак два месяцы. Па выніку некалькі купленых мною квіткоў анулявалі. Я змог выехаць толькі праз Батумі, дзякуючы знаёмым».

26 траўня Алесь апынуўся ў Кіеве. Жонка і двое дзетак засталіся ў Беларусі.

«Нас спыніла паліцыя, каб мы пусьцілі жанчыну зь немаўлём у вазку»

У Кіеве Алесь працаваў, як і раней, фотажурналістам і нават стаў адным з арганізатараў выставы на Майдане Незалежнасьці, якая апавядала пра падзеі ў Беларусі пасьля выбараў. Алесь жыў у калівінгу (вялікай кватэры зь некалькімі пакоямі) ад Free Belarus Centre для беларускіх уцекачоў, быў там за каардынатара. Там можна было жыць бясплатна на працягу месяца.

«24 лютага я прачнуўся ў Кіеве зь першым выбухам у 5:04. Праз гадзіну ўжо здымаў відэа з ракетай, якая ляціць літаральна над галавой. З Free Belarus Centre мы вырашылі зрабіць калівінг месцам збору беларускіх уцекачоў, якіх трэба тэрмінова некуды эвакуаваць з Кіева. Спачатку я хацеў застацца ў горадзе, але вось мы скаардынавалі першы аўтобус, і кіраўніцтва настаяла, каб я пакінуў Кіеў, суправаджаў паездку».

Група беларусаў вельмі доўга дабіралася да Львова, потым спрабавалі пад’ехаць бліжэй да пешага пераходу мяжы, бо аўтобус мусіў вяртацца назад у Кіеў.

«Быў вялікі корак, аўтобус спыніўся за 25 кілямэтраў ад мяжы. Некаторыя людзі хацелі пакінуць аўтобус і пайсьці пешшу з торбамі, але было ўжо каля 7 гадзіны вечара. Таму мы прынялі рашэньне, што ніхто ня пойдзе, усе застануцца ў аўтобусе, бо мінусавая тэмпэратура і невядома, што можа адбыцца. Па выніку, за 5 гадзін мы праехалі толькі каля 700 мэтраў. Побач з аўтобусам пастаянна ішлі шмат людзей з торбамі, вазкамі, жанчыны зь дзецьмі. Яны грукаліся да нас, прасілі пагрэцца, пераначаваць, але мы некалькі чалавек і так падабралі ў Львове, быў нават праход заняты».

Нават жанчынам зь дзецьмі мусілі адмаўляць, бо проста не было месца. Алесь кажа, што гэта стала для яго велізарным стрэсам.

«У нейкі момант наш кіроўца выехаў на сустрэчную паласу, чаго катэгарычна рабіць нельга, бо дарога вельмі вузкая, двухпалосная, і калі што, машыны не разьмінуцца. Але кіроўца ня спаў больш за 30 гадзін і быў амаль на нэрвовым зрыве. Нас спыніла паліцыя, але дзеля таго, каб мы пусьцілі жанчыну зь немаўлём у вазку. За гэта паліцыя дала нам зялёны калідор па сустрэчнай паласе, і мы дабраліся да мяжы, нас ужо не спынялі».

Група дабралася да мяжы ў 2:30 ночы 25 лютага.

«Гэта быў жах, пункт быў цалкам запоўнены людзьмі. Натоўп у некалькі тысяч чалавек, ты ня ведаеш, што рабіць, куды рухацца, ты проста нічога ня бачыш праз колькасьць людзей, гэта як стадыён выпусьціць. На вуліцы мінусавая тэмпэратура. Вады, ежы, прыбіральняў і месцаў, дзе можна схавацца, няма. Мы перацякалі з натоўпу ў натоўп. Кантраляваць усе 50 чалавек з нашага аўтобуса было немагчыма, таму я падзяліў усіх на групы, каб кожная рухалася асобна, але блізка адна да адной».

«Хлопцы былі ў жудасным стане. Без вады, ежы, стоячы ў натоўпе, яны трацілі прытомнасьць»

Каля 70% у натоўпе — замежнікі. Алесь мяркуе, гэта студэнты зь Індыі і афрыканскіх краін.

«Гэта быў поўны трэш. Замежнікі трэсьлі плот, памежнікі іх разганялі, пачаліся беспарадкі. Але нейкім цудам мы прасунуліся да дзьвярэй. Дзесьці, а 2 гадзіне дня я трапіў у „зялёную зону“, дзе ўжо стаіць чарга на афармленьне дакумэнтаў. Зона, якая прыкладна 20 мэтраў шырынёй і 700 даўжынёй, была перапоўненая, там былі бойкі, абурэньні, на некаторы час нават спынілі афармленьне дакумэнтаў, бо чалавек памёр. Адбываўся кашмар: людзі перакідалі валізкі праз плот, яны разьбіваліся, усе тапталіся па дакумэнтах і тэхніцы».

Калі Алесь трапіў у «зялёную зону», знайшоў там людзей са сваёй групы.

«Украінскія жанчыны зь дзецьмі падыходзілі да нашых дзяўчат, прасілі быць да іх бліжэй, бо бачылі, што ў нас усё арганізавана, мы трымаемся разам, і хлопцы дапамагаюць».

Алесь і яшчэ некалькі чалавек зь ягонай групы пачалі дапамагаць памежнікам стрымліваць масу людзей, якія прарываліся ў «зялёную зону».

«Я знаходзіў у пабітых валізках ваду, разьліваў па маленькіх пляшках і аддаваў праз краты. Нашыя хлопцы па-за зонай таксама дапамагалі жанчынам зь дзецьмі праціснуцца да ўваходу. У нейкі момант усё пачало выходзіць з-пад кантролю: людзі сыпаліся праз калючы дрот, як у фільме жахаў паказваюць зомбі. Выклікалі атрады вайскоўцаў. Памежнікі зрабілі нам павязкі, каб нас можна было адрозьніць. Сьцямнела. Я спрабаваў сьвяціць на сваіх хлопцаў ліхтаром: яны былі ў жудасным стане. Без вады, ежы, стоячы ў натоўпе, яны трацілі прытомнасьць. Я дамовіўся з вайскоўцамі, каб тыя выцягнулі іх з натоўпу і прывялі ў зону з умовай, што яны таксама дапамогуць памежнікам».

Ужо на пашпартным кантролі ў Алеся ўзьнікла праблема: яго не хацелі выпускаць.

«У мяне выпала чырвонае пасьведчаньне журналіста. Памежніца ўбачыла, вырвала дакумэнты, хвілін 30–40 стаяў і ня ведаў, прапусьцяць мяне ці не. Потым прыйшла начальніца, аддала дакумэнты са словамі: „А чаго ты не сказаў, што дапамагаў нам там?“. Мяне выпусьцілі. Але я прыйшоў у дзікі жах ад таго, як да цябе мяняецца стаўленьне, калі ты паказваеш беларускі пашпарт. Я да апошняга ня верыў, што пачнецца вайна. І мне вельмі крыўдна, шкада, што мы ўцягнутыя ў гэта ўсё. І ня мы трымаем руку на кнопцы, не беларускі народ. Але адносіны да беларускага чалавека становяцца вельмі нэгатыўнымі. І гэта мяне палохае».

«Мой заклік, каб беларускі народ згуртаваўся, быў моцны і не паддаваўся на правакацыю»

На польскай тэрыторыі стаялі намёты з гарачай ежай, напоямі, раздавалі сім-карты, развозілі людзей па розных гарадах. Калі Алесь прыехаў у Варшаву, адразу пачаў шукаць людзей, якія маглі згубіцца на мяжы. Высьветлілася, што 8 чалавек зь іхнай групы адразу зьехалі назад у Львоў, калі ўбачылі натоўп. Цяпер Алесь дапамагае Free Belarus Centre арганізоўваць эвакуацыю беларусаў з Кіева.

«Канечне, гэта ўсё падарвала фізычны, псыхалягічны стан. Так што пакуль спакой нам толькі сьніцца. І, аказваецца, ратаваць людзей ня так проста».

Алесь кажа, што вельмі салідарны з украінцамі.

«Шматлікім беларусам і ўкраінцам ва Ўкраіне і за мяжой патрэбная розная дапамога. Ёсьць шмат тэлеграм-каналаў з апісаньнем, як можна дапамагчы. А ўвогуле нашы людзі могуць згуртавацца і зразумець, што гэта сапраўдная вайна. Тое, што яны бачаць па тэлевізары, — далёка ня ўся праўда. Калі ты прачынаесься ад выбухаў, снарадаў, гаворыш зь людзьмі праз тэлефон і чуеш, як на фоне бамбяць будынкі. Мой заклік, каб беларускі народ згуртаваўся, быў моцны і не паддаваўся на правакацыю».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG