Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэст украінцаў, якія жывуць у Лібане, супраць расейскай агрэсіі, разьвязанай супраць іх радзімы. Бэйрут, побач з амбасадай Расеі, 9 сакавіка 2022
Пратэст украінцаў, якія жывуць у Лібане, супраць расейскай агрэсіі, разьвязанай супраць іх радзімы. Бэйрут, побач з амбасадай Расеі, 9 сакавіка 2022

Уночы бамбавалі Ахтырку; аднавіліся абстрэлы Марыюпалю. Як пачаўся трэці тыдзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Кіеў пакуль беспасьпяхова заклікае NATO закрыць неба над Украінай, у бамбаваньнях штодня гінуць людзі. Расея працягвае зьнішчаць інфраструктуру краіны, загінулі некалькі дзясяткаў дзяцей. Свабода сочыць за падзеямі вайны.

  • Белы дом папярэдзіў, што Расея рыхтуецца выкарыстаць хімічную або біялягічную зброю ў вайне.
  • 9 сакавіка ў Марыюпалі расейскія войскі разбамбілі мясцовую дзіцячую лякарню. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім звароце назваў гэта доказам генацыду ўкраінцаў.
  • За некалькі гадзін да бамбаваньня прадстаўніца расейскага МЗС Марыя Захарава згадала пра Марыюпальскую дзіцячую лякарню ў такім кантэксьце, што ў ёй нібыта заселі «ўкраінскія нацбаты».
  • Мінабароны Расеі прызнала ўдзел салдат тэрміновай службы ў вайне ва Ўкраіне. Раней Пуцін гэта адмаўляў.
  • Ва Ўкраіне створаць электронную базу разбуранай маёмасьці.
  • Супрацоўнікі Чарнобыльскай АЭС ужо 13 дзён заблякаваныя на станцыі. Украінскія энэргетыкі назвалі правакацыяй словы беларускіх пра гатоўнасьць дапамагаць.
  • Расея выкарыстоўвае супраць Украіны забароненыя «вакуўмныя» бомбы. Зьявіліся доказы.
  • Эўразьвяз узмацніў санкцыі супраць расейскіх алігархаў.
  • Працяг эвакуацыі з Сумаў, новыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі. 14-ы дзень расейскай вайны ва Ўкраіне​
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
07:21 10.3.2022

Ва Ўкраіне створаць электронную базу разбуранай маёмасьці

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што прыкладна праз тыдзень у электронным сэрвісе дзяржаўных паслуг «Дія» можна будзе зарэгістраваць інфармацыю пра пашкоджаную і разбураную маёмасьць.

«Кожны, хто застаўся бяз даху над галавой, кожны, чый дом або кватэру зьнішчыў акупант, зможа пакінуць пазоў аб кампэнсацыі ў «Діі». У нас ужо створаны Фонд па аднаўленьні разбуранай маёмасьці і інфраструктуры. І, як толькі вайна скончыцца, мы пачнём аднаўляць усё, што было зьнішчана ворагам, — цытуе кіраўніка ўраду тэлеграм-канал Офісу прэзыдэнта Ўкраіны.

07:25 10.3.2022

У ЗША ўхвалілі праект дапамогі Ўкраіне

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прыняла законапраект аб выдатках бюджэту на агульную суму 1,5 трлн даляраў, які ўключае, сярод іншага, экстраную дапамогу Ўкраіне і яе саюзьнікам на суму 13,6 млрд даляраў. Пакет уключае сродкі на гуманітарную і эканамічную дапамогу, а таксама на ўмацаваньне абараназдольнасьці Ўкраіны і саюзьнікаў ЗША ў краінах Балтыі і Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

Дакумэнт, які складаецца з больш чым 2,7 тысячы старонак, быў падзелены на дзьве часткі для галасаваньня. Першы падтрымаў 361 кангрэсмэн, другі — 260 заканадаўцаў, чаго хапіла для прыняцьця законапраекта ў цэлым, інфармуе Укрінформ.

07:41 10.3.2022

Як расейцы зьнішчаюць Ахтырку. ФОТА

Кіраўнік Сумскай абласной вайсковай адміністрацыі Дзьмітро Жывіцкі паведаміў, што расейская авіяцыя скідае бомбы на Ахтырку штодня і штоночы. Колькасьць чалавечых ахвяр бамбаваньняў пакуль падлічыць складана, інфраструктура гораду амаль цалкам зьнішчана агрэсарамі. Уначы расейцы зноў бамбавалі жылыя кварталы Ахтыркі. Таксама ў горадзе гарыць газаправод, бомба трапіла ў нафтабазу.

08:09 10.3.2022

Кватэра ў Харкаве пасьля чарговага расейскага абстрэлу. ФАТАФАКТ

09:07 10.3.2022

Белы дом: Расея можа выкарыстаць біялягічную зброю

Прэс-сакратарка Белага дому Джэн Псакі перадала пазыцыю ЗША па апошніх заявах Масквы. Белы дом абвінаваціў Расею ў стварэньні штучнай нагоды для магчымага выкарыстаньня біялягічнай зброі пасьля заяваў аб тым, што Злучаныя Штаты нібыта маюць свае лябараторыі ва Ўкраіне для вытворчасьці хімічнай і біялягічнай зброі. Пры гэтым Кітай фактычна падтрымаў гэтыя кансьпіратыўныя тэорыі.

«Цяпер, калі Расея зрабіла гэтыя лжывыя заявы, а Кітай, падобна, падтрымаў гэтую прапаганду, мы ўсе павінны чакаць, што Расея можа выкарыстаць хімічную або біялягічную зброю ва Ўкраіне або правесьці апэрацыю пад фальшывым сьцягам, выкарыстоўваючы яе. Гэта ясная заканамернасьць».

09:29 10.3.2022

Беларусаў зноў арыштоўваюць за антываенныя акцыі

Дзьвюм беларускам прысудзілі 25 і 15 дзён арышту за ўлёткі з антываенным зьместам.

09:32 10.3.2022

Добраахвотнікі з розных краін сьвету працягваюць прыбываць ва Ўкраіну. ВІДЭА

09:55 10.3.2022

Генпракурор Украіны: гэта вайна Расеі супраць украінскіх дзяцей

Генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава на прэс-канфэрэнцыі ў Львове заявіла, што дзеяньні Расеі варта расцэньваць фактычна як вайну супраць украінскіх дзяцей. Ад злачынных дзеяньняў расейскіх войскаў загінулі ўжо больш за 60 дзяцей, звыш 100 параненыя.

Украінская Гепракуратура па шматлікіх фактах завяла шэраг крымінальных справаў агулам на 40 чыноўнікаў і на прадстаўнікоў вайсковага сэктару. Венядзіктава кажа, што падазраваных будуць тысячы.

10:36 10.3.2022

Абстрэлы Харкава

Міністэрства ўнутраных спраў Украіны заявіла, што расейскія вайскоўцы працягваюць мэтанакіравана зьнішчаць інфраструктуру Харкава і руйнаваць жылыя кварталы.

10:37 10.3.2022

У Марыюпалі ўдакладнілі колькасьць ахвяр бамбаваньня дзіцячай лякарні

Марыюпальская гарадзкая рада паведаміла, што ў выніку авіяцыйных удараў расейскімі самалётамі па дзіцячай лякарні загінулі трое, у тым ліку адно дзіця. Атрымалі траўмы 17 чалавек — дзеці, жанчыны і лекары.

10 сакавіка раніцай а 8:00 горад зноў абстралялі з паветра. Паводле папярэдняй інфармацыі, адзін чалавек загінуў.

10:58 10.3.2022

Расея больш ня будзе ўдзельнічаць у пасяджэньнях Рады Эўропы

Як адзначылі ў адмысловай заяве МЗС РФ, «недружалюбныя Расеі краіны ЭЗ і NATO... злоўжываючы сваёй абсалютнай большасьцю ў Камітэце міністраў Рады Эўропы, працягваюць «лінію на разбурэньне Рады Эўропы і агульнай гуманітарна-прававой прасторы ў Эўропе».

11:01 10.3.2022

Ва ўрадзе Ўкраіны заявілі аб узгадненьні сямі гуманітарных калідораў для эвакуацыі грамадзян

Віцэ-прэм’ерка Ўкраіны, міністар у пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук паведаміла аб узгадненьні сямі гуманітарных калідораў для эвакуацыі мірнага насельніцтва з найбольш пацярпелых ад расейскіх абстрэлаў украінскіх гарадоў.

У прыватнасьці, эвакуацыя будзе ажыцьцяўляцца з Трасьцянца, Краснапольля, Сумаў (Сумская вобласьць) у Палтаву, з Марыюпалю у Запарожжа, з Валнавахі (Данецкая вобласьць) ў Пакроўск (Данецкая вобласьць), з Ізюму ў Лазавую (Харкаўская вобласьць), з Бучы, Барадзянкі, Ірпяня, Гастомеля ў Кіеў.

Ірына Верашчук таксама паведаміла, што ўкраінскі бок тэрмінова патрабуе допуску спэцыялістаў для рамонту і аднаўленьня высакавольтнай лініі, ад якой сілкаваліся аб’екты Чарнобыльскай АЭС, зоны адчужэньня і гораду Славуціч.

«Мы просім міжнародную супольнасьць сфакусаваць сваю ўвагу менавіта на гэтай праблеме», — заявіла Ірына Верашчук 10 сакавіка на брыфінгу ў Кіеве.

12:21 10.3.2022

Беларусь гатовая дапамагчы Чарнобыльскай АЭС

Беларускі бок гатовы аказаць садзейнічаньне ў аднаўленьні электразабесьпячэньня Чарнобыльскай АЭС. Тэхнічна для гэтага ёсьць неабходныя магчымасьці, зараз прапрацоўваюцца арганізацыйныя пытаньні.

Падача электраэнэргіі можа быць забясьпечана ў максымальна кароткія тэрміны, паведамілі беларускія энэргетыкі.

Пэрсанал ЧАЭС ужо 13 дзён знаходзіцца ў закладніках расейскіх войскаў, якія захапілі станцыю ў канцы лютага.

12:24 10.3.2022

Што забаронена згадваць у публікацыях пра вайну ва Ўкраіне

Ва Ўкраіне падрыхтавалі даведнік для валянтэраў зь пералікам неабходнай дапамогі для вайскоўцаў, у тым ліку мэдычных прэпаратаў, сродкаў асабістай абароны і прадуктаў харчаваньня. Таксама ў ім утрымліваецца інфармацыя аб тым, што нельга публікаваць пра вайну.

Рэкамэндацыі і патрабаваньні апублікаваныя са спасылкай на загад галоўнакамандуючага Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Валера Залужнага.

12:33 10.3.2022

Вялікая Брытанія ўводзіць новыя санкцыі супраць расейскіх алігархаў і топ-мэнэджараў дзяржаўных кампаній

У сьпісе такія вядомыя людзі, якіх называлі фінансавай падтрымкай Пуціна, як бізнэсоўцы Раман Абрамовіч і Алег Дзерыпаска, кіраўнікі «Газпрома» Аляксей Мілер і «Роснефти» Ігар Сечын.

Сярод гэтых людзей — Андрэй Мельнічэнка і Дзьмітры Мазепін, якія паходзяць зь Беларусі.

12:40 10.3.2022

Лукашэнка: Мы ня можам дапусьціць удару ў сьпіну расейскім вайскоўцам

Лукашэнка праводзіць нараду зь Міністэрствам абароны.

«Мы ня можам дапусьціць удару ў сьпіну расейскім узброеным сілам. Каб не змаглі перарэзаць шляхі забесьпячэньня расейскаму войску, каб не змаглі зайсьці ў тыл і нанесьці з тылу ўдар па людзях з Расеі», – сказаў Лукашэнка на нарадзе.

Таксама ён выказаўся пра «наймітаў, якія ваююць ва Ўкраіне» і «ходзяць уздоўж беларускай мяжы». Ён нагадаў беларускім памежнікам «сачыць за перамяшчэньнем такіх груп».

12:46 10.3.2022

Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны расказаў, як разам зь Зяленскім даведаўся пра пачатак вайны

Андрэй Ярмак заявіў, што аб пачатку расейскай агрэсіі на Ўкраіну даведаўся за гадзіну да таго, як Расея пачала з паветра абстрэльваць украінскія гарады.

«Я вярнуўся дадому недзе а другой гадзіне ночы (24 лютага). Было разуменьне сытуацыі, бо шмат было інфармацыі на той момант. Але практычна праз гадзіну-дзьве я ўжо атрымаў і ад выведкі, і ад вайскоўцаў інфармацыю пра пачатак баявых дзеяньняў», — сказаў Ярмак у інтэрвію ўкраінскаму інтэрнэт-выданьню «Українська правда».

Ён удакладніў, што яму паведамілі аб пераходзе расейскімі войскамі мяжы і пачатку там баявых дзеяньняў. Пасьля гэтага ён паехаў у Офіс прэзыдэнта, а там ужо быў Уладзімір Зяленскі.

«Мы да апошняга ня верылі, што гэта адбудзецца, шчыра скажу. Было шмат інфармацыі ад міжнародных партнэраў, але ўсё ж мы ня верылі. Мы рыхтаваліся, безумоўна. І таму бачым вынік — мы пасьпяхова ваюем другі тыдзень. Гэта і ёсьць сьведчаньне таго, што мы рыхтаваліся».

Ярмак дадаў, што, нягледзячы на раптоўнасьць нападу, панікі ў кіраўніцтва краіны не было. «Людзі па-рознаму рэагуюць на такія падзеі. Магу сказаць за прэзыдэнта, за сябе, яшчэ за некаторых прадстаўнікоў нашай каманды: мы, на шчасьце, маем такую рысу характару — мы зьбіраемся, мы сканцэнтраваныя, панікі ні ў кога не было, усе разумелі, што рабіць».

12:59 10.3.2022

Расея выкарыстоўвае «вакуўмныя» бомбы

Украіна атрымала ад Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі пацьверджаньне аб выкарыстаньні Расеяй цяжкіх агнямётных сыстэм залпавага агню TOS-1A.

Гэта ляжа фактамі ў абвінавачаньні міжнароднага суду над злачынствамі расейскага кіраўніцтва і вайскоўцаў.

13:02 10.3.2022

Перамовы Кулебы і Лаўрова скончыліся

Бакі размаўлялі пра магчымасьць гуманітарнага калідору з Марыюпалю і падымалі іншыя пытаньні вайны, але так і не прыйшлі да пагадненьня. Сустрэча адбылася ў Турэччыне пры пасярэдніцтве міністра замежных спраў гэтай краіны Мэўлюта Чавушаглу.

13:20 10.3.2022

Лукашэнка: Мы ня можам дапусьціць удару ў сьпіну расейскім вайскоўцам

Нелегітымны кіраўнік Беларусі 10 сакавіка праводзіць нараду зь Міністэрствам абароны.

«Мы ня можам дапусьціць удару ў сьпіну расейскім Узброеным сілам. Каб не змаглі перарэзаць шляхі забесьпячэньня расейскаму войску, каб не змаглі зайсьці ў тыл і нанесьці з тылу ўдар па людзях з Расеі», — сказаў Лукашэнка на нарадзе.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG