Натальлю Хершэ, якая мае беларускае і швайцарскае грамадзянства, прынялі ў парлямэнце Швайцарыі. Пра гэта паведамілі ў твітэры парлямэнту Швайцарыі.
«Вы адстойвалі свае каштоўнасьці. Каштоўнасьці, якія таксама нашыя. Дзякуй, што паказалі нам, што такое мужнасьць!» — пракамэнтавала сустрэчу Ірэнэ Калін, старшыня Нацыянальнай рады краіны.
Натальлю Хершэ вызвалілі пасьля 17 месяцаў зьняволеньня ў сярэдзіне лютага. Пасьля вызваленьня яна вярнулася ў Швайцарыю. Хершэ асудзілі на 2,5 года калёніі за тое, што ў 2020 годзе на адным з жаночых маршаў яна сарвала з амапаўца балаклаву. У верасьні 2021 году ёй зьмянілі ўмовы рэжыму, перавялі з калёніі ў турму: у калёніі яна адмаўлялася шыць форму для сілавікоў.
Хто такая Натальля Хершэ
7 сьнежня 2020 года суд Савецкага раёну Менску пакараў грамадзянку Швайцарыі Натальлю Хершэ пазбаўленьнем волі на 2,5 года ў калёніі агульнага рэжыму. Яе абвінавацілі ў «супраціве з гвалтам».
На жаночым маршы 19 верасьня 2020 году ў Менску Натальля Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага амапаўца Сяргея Кончыка. Суд прысудзіў таксама, каб Натальля сплаціла пацярпеламу 1000 рублёў кампэнсацыі.
Натальля Хершэ не прызнала сябе вінаватай у тым, што брала ўдзел у несанкцыянаванай акцыі і нанесла драпіну амапаўцу, калі здымала балаклаву.
На агучваньні прысуду Натальля была ў вопратцы белага і чырвонага колераў.
У сакавіку 2021 году Натальлю Хершэ перавялі ў жаночую калёнію № 4 у Гомлі. Натальля скардзілася на ўмовы ўтрыманьня і дасылала на волю малюнкі сваіх сукамэрніц.
За адмову шыць форму для сілавікоў яе зьмясьцілі ў ШЫЗА, а потым перавялі ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу). У канцы верасьня 2021 году суд вырашыў перавесьці яе ў турму.
Натальля Хершэ тройчы адмаўлялася ад прапаноў напісаць заяву аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, бо лічыла сябе невінаватай.
Міністар замежных спраў Швайцарыі запатрабаваў ад уладаў Беларусі вызваліць Натальлю Хершэ.
Амбасадар Шавйцарыі Клёд Альтэрмат наведваў Натальлю ў калёніі.
51-гадовая Натальля Хершэ мае беларускае і швайцарскае грамадзянства, нарадзілася ў Воршы, але цягам апошніх 12 гадоў стала жыла ў Санкт-Галене, у Швайцарыі. Там жывуць яе дзеці — 23-гадовая Вiялета і 27-гадовы Хведар. Дачка вучыцца ва ўнівэрсытэце Цюрыху, але цяпер вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак.Бацькі Натальлі памерлі ад анкалёгіі.