Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнт МДЛУ пра затрыманьне на выбарчым участку: «Рукі ўсім зьвязалі сьцяжкамі за сьпінай і паабяцалі ня менш за 15 дзён арышту»


Чэргі ў Беларусі на выбарчых участках перад пратэстамі супраць вайны ва Ўкраіне, Менск, 27 лютага 2022
Чэргі ў Беларусі на выбарчых участках перад пратэстамі супраць вайны ва Ўкраіне, Менск, 27 лютага 2022

27 лютага студэнт МДЛУ прыйшоў на выбарчы ўчастак для галасаваньня з украінскім сьцягам на плячах. На ўваходзе стаялі тры супрацоўнікі міліцыі: адзін быў у форме, двое ў цывільным. Затрымалі хлопца яшчэ да таго, як ён пасьпеў прагаласаваць.

На студэнта адразу выклікалі АМАП. На відэа, якое зьнялі відавочцы, відаць, як хлопца ў бус вядуць трое сілавікоў. У бусе разам зь ім былі два чалавекі, якіх затрымалі за блакітна-жоўтыя стужачкі. Па дарозе ў РУУС амапаўцы пыталі ў затрыманых, чаму яны не выходзяць на пікеты са сьцягамі ў Кіеве, піша тэлеграм-канал «Вясна назірае».

Акрамя гэтага, у бусе адзін з сілавікоў здымаў студэнта на відэа і пытаўся, што за сьцяг на ягоных плячах, і прасіў назваць свае асабістыя дадзеныя.

Ва ўпраўленьні затрыманых пасадзілі ў актавую залю, дзе ўжо было каля 10 чалавек. Ён расказаў, што «рукі ўсім зьвязалі сьцяжкамі за сьпінай і паабяцалі ня менш за 15 дзён адміністрацыйнага арышту».

У 2020-м хлопца ўжо затрымлівалі і моцна пабілі. Тады яму дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму з субарахнаідальным кровазьліцьцём, таму да гэтага часу ён вымушаны прымаць неабходныя лекі. Ва ўпраўленьні ён пра гэта паведаміў, і, калі хлопца пачало калаціць і ён страціў прытомнасьць, яму выклікалі хуткую дапамогу. З РУУСу хлопца даставілі ў лякарню і пакінулі на абсьледаваньне. Цяпер ён адчувае сябе дрэнна, баліць галава.

Хлопец адзначыў, што яго затрыманьне бачыў асабіста начальнік упраўленьня выхаваўчай працы з моладзьдзю МДЛУ Ігар Пучэня, які ніяк на гэта не адрэагаваў.

Сёньня па ўсёй краіне чакаюцца суды над затрыманымі, якія пратэставалі супраць вайны ва Ўкраіне і падтрымкі Лукашэнкам акупацыйных расейскіх войскаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG