Агульная сытуацыя са свабодамі і правамі чалавека характарызуецца ўжо ў самім загалоўку дакладу: «Сусьветная дэмакратыя зьніжаецца 16-ы год запар»
Freedom House склала сьпіс «Найгоршыя з горшых» з агульнай колькасьці 56 краінаў, названых несвабоднымі. У сьпіс увайшлі 16 краінаў, якія маюць найгоршыя балы паводле ацэнкі ў іх выкананьня палітычных правоў і грамадзянскіх свабодаў.
Беларусь знаходзіцца ў гэтым сьпісе паміж Самалі і Таджыкістанам (з былых савецкіх рэспублік у катэгорыю «Найгоршыя з горшых» трапілі яшчэ Азэрбайджан і Туркмэністан). Сырыя, Эрытрэя, Паўночная Карэя, Кітай, Экватарыяльная Гвінэя — таксама ў гэтым сьпісе.
У справаздачы Беларусь згадваецца часта. Так, адзначаецца, што «Аляксандр Лукашэнка імкнуўся да большай інтэграцыі з Расеяй і кіраваў ліквідацыяй больш за 200 арганізацый грамадзянскай супольнасьці, спрабуючы здушыць палітычную апазыцыю і незалежную грамадзянскую актыўнасьць». Пры гэтым падкрэсьліваецца, што «лідэр апазыцыі Сьвятлана Ціханоўская працягвала сваю дзейнасьць пасьля выгнаньня».
Прыгадваюцца і падзеі 2020 году, калі «падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў у Беларусі Крэмль накіраваў расейскіх прапагандыстаў замест беларускіх журналістаў, якія страйкавалі, і прапанаваў свае сілы бясьпекі для падтрымкі гвалтоўнага разгону дэманстрацый беларускімі ўладам».
Гаворыцца ў справаздачы і пра штучна створаны ўладамі Беларусі на мяжы з краінамі Эўразьвязу міграцыйны крызіс: «Аўтарытарныя рэжымы ўважліва сочаць за шчылінамі ў дэмакратыях і імкнуўся пашырыць іх як толькі магчыма. Цягам 2021 году рэжым у Беларусі паспрыяў праходу тысяч мігрантаў — значная колькасьць зь іх прыбыла зь Іраку ў Менск, а затым яны рушылі да межаў краінаў ЭЗ, якія прытулілі беларускіх апазыцыянэраў, што апынуліся ў выгнаньні. Масавае прыбыцьцё (мігрантаў) прывяло да ваенізаваных крокаў у адказ, незаконных выштурхоўваньняў і парушэньняў працэдуры прадастаўленьня прытулку ўрадамі Польшчы, Латвіі і Літвы».