Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначае прызнаньне Расеяй «ЛДНР» у межах дзьвюх вобласьцяў Украіны? Меркаваньне гісторыка Яраслава Шымава


Данецк, Украіна, 21 лютага 2022 году
Данецк, Украіна, 21 лютага 2022 году

Ці азначае гэта непазьбежную вайну? Ці могуць пайсьці ўкраінскія ўлады на ўмовы Пуціна — прызнаць Крым расейскім і адмовіцца ад курсу на далучэньне да NATO? Наколькі жорсткім будзе адказ Захаду на сёньняшнюю заяву Пуціна? Ці можа паўтарыцца Мюнхэн 1938 году — капітуляцыя Захаду перад Гітлерам?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае гісторык, палітычны аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Яраслаў Шымаў.

Шымаў

Яраслаў Шымаў
Яраслаў Шымаў
  • Заява Пуціна азначае рэчы кепскія і жахлівыя. Пуцін сказаў, чаго ён хоча: каб Украіна афіцыйна прызнала анэксію Крыму і «дэмілітарызавалася». Апошняе азначае спыненьне вайсковай супрацы з Захадам і адмову ад пэрспэктывы ўступленьня ў NATO.
  • Калі гэтага ня ўдасца дасягнуць палітычнымі сродкамі, то могуць пачацца баявыя дзеяньні, бо самаабвешчаныя «рэспублікі» Расея прызнала ў іх «натуральных» межах.
  • На лініі судакрананьня, якая праходзіць унутры Данецкай і Луганскай вобласьцяў, стаяць з аднаго боку ўкраінскія войскі, з другога — устануць расейскія, калі яны там яшчэ не стаяць.
  • Нулявыя шанцы на тое, што ўкраінскія ўлады ўступяць у перамовы наконт прыналежнасьці тых ці іншых тэрыторыяў з кіраўнікамі «ДНР» і «ЛНР». Гэта азначала б поўную капітуляцыю Ўкраіны. Прымусіць Украіну да гэтага можна, толькі калі Ўкраіна застанецца самотнай, без падтрымкі краінаў Захаду.
  • Гэта чыста гіпатэтычнае ўяўленьне. Зыходзячы з рэакцыі заходніх урадаў на дзеяньні Крамля, можна зрабіць выснову, што Захад не гатовы здавацца.
  • А калі не капітуляцыя, то што? Слова вайна лунае ў паветры.
  • Пуцін заўсёды «падвешвае» сытуацыю, заўсёды імкнецца мець некалькі варыянтаў дзеяньня. Прызнаньнем сэпаратысцкіх тэрыторыяў ён звузіў прастору для неваеннага, дыпляматычнага рашэньня. Заявай аб прызнаньні «ДНР» і «ЛНР» у межах дзьвюх вобласьцяў Украіны прастора для такога рашэньня звузілася яшчэ больш.
  • Ёсьць гістарычны прэцэдэнт такога рашэньня. Гэта Мюнхэнскае пагадненьне з Гітлерам 1938 году. У Чэхаславаччыне была праведзеная мабілізацыя, Гітлер заявіў, што яго войскі заўтра зоймуць памежныя абшары Чэхаславаччыны. І ў апошні момант удалося склікаць мірную канфэрэнцыю. Ганебную канфэрэнцыю. Якая не перадухіліла вайну, а проста адклала яе роўна на год.
  • Санкцыі, абвешчаныя пасьля першай заявы Пуціна аб прызнаньні «ДНР» і «ЛНР», былі толькі «першымі ластаўкамі». Канцлер Шольц, якога ў Нямеччыне крытыкавалі за маўчаньне наконт крызісу вакол Украіны, абвясьціў, што прыпыняецца сэртыфікацыя «Паўночнага патоку – 2».
  • Дэмакратыі дзейнічаюць павольна, але яны дзейнічаюць. Калі б Пуцін сказаў, што незалежнасьць гэтых тэрыторыяў прызнаецца ў іх фактычных памерах, без прэтэнзіі на ўвесь Данбас, магчыма, цяперашнімі санкцыямі Захад і абмежаваўся б. Але Пуцін пайшоў далей.
  • Вельмі паказальнае рознагалосьсе расейскіх афіцыйных асобаў пасьля першай заявы Пуціна. Гэта ня сьведчыць пра эфэктыўнасьць расейскай дзяржаўнай машыны.
  • Сытуацыя ў Беларусі вельмі сумная. Беларусь часткова ўжо вернутая ў расейскую «гавань». Расейскія войскі на яе тэрыторыі ўжо прысутнічаюць. Калі іх выведуць і ці выведуць наагул — не да мяне пытаньне. У цяперашняй сытуацыі на мяжы вайны я ня бачу рэзонаў, зь якіх Расея прыбрала б зь Беларусі гэтую сваю групоўку войскаў.
  • Ад гістарычных паралеляў нікуды не падзецца. У сакавіку 1938 году Аўстрыя была далучаная да Нямеччыны. І ў тым жа годзе пазьней нямецкія войскі ў Чэхаславаччыну ўваходзілі і праз Аўстрыю.
  • Баюся, што расейскія войскі зь Беларусі будуць выведзеныя няхутка, калі толькі ўся гэтая сытуацыя нейкім цудам ня вырашыцца.
  • Гістарычная канцэпцыя Пуціна пра трыадзіны народ вельмі архаічная. Зразумела. якіх кніг ён начытаўся. Сваёй прамовай 21 лютага Пуцін паказаў сябе як абсалютны, клясычны імпэрац.
  • У сваёй прамове Пуцін казаў пра шкоду нацыяналізмаў многіх народаў, але толькі не расейскага. У сваім другім выступе ён дадаў, крыху скарэктаваўшы сябе, што Расея паважае сувэрэнітэт усіх постсавецкіх краінаў, але Ўкраіна — гэта выключэньне. Сваю мэту Пуцін сфармуляваў шчыра. Ён ня лічыць Украіну дзяржавай, годнай самастойнага існаваньня.
  • Канчатковая яго мэта — гэта падпарадкаваньне ўсёй Украіны. Але на пэўным узроўні Пуцін застаецца рэалістам. Інакш танкавыя атакі і налёты бамбавікоў на ўкраінскія гарады, уключна зь Кіевам, ужо бачылі б некалькі тыдняў таму.
  • У Крамлі ёсьць канфлікт паміж апантанасьцю пэўнымі мэтамі і глыбокім рэалізмам і даволі пісьменнай палітычнай тактыкай.
  • Калі сапраўды будзе поўнамаштабная вайна, я ня думаю, што ў расейскіх вярхах будзе аднадушша. Там, як і заўсёды, утворыцца «партыя вайны да пераможнага канца» і «партыя перамоваў».
  • Я ня ўпэўнены, што Захад акажа Ўкраіне дапамогу войскамі ў якой бы ні было сытуацыі. Важнае пытаньне — як будзе абараняцца Ўкраіна, калі справа дойдзе да вайны. Усе вайсковыя экспэрты гавораць, што з 2014 году ўкраінская армія зрабіла вялікі крок наперад ва ўзбраеньні, арганізацыі, колькасна і якасна. Зь іншага боку, усе экспэрты таксама кажуць, што яна ня ёсьць раўнацэннай суперніцай расейскай арміі.
  • Але вельмі важна, наколькі моцны супраціў акажуць украінскія вайскоўцы ў выпадку вайны, ці змогуць яны зрабіць для Расеі цану гэтай вайны занадта высокай. Тады могуць узьнікнуць розныя сытуацыі ў той жа Маскве, «партыя міру» там можа рэзка ўзмацніцца, тады ў Захаду зьявяцца моцныя козыры для наданьня больш сур’ёзнай вайскова-тэхнічнай дапамогі Ўкраіне.
  • У палітыцы ўлагоджаньня Гітлера Захадам у 30-я гады ХХ стагодзьдзя быў важны фактар — заходнія эліты ў сярэдзіне 30-х прыйшлі да высновы, што Вэрсальскі мір несправядлівы да Нямеччыны.
  • Калі Гітлер пачаў выстаўляць прэтэнзіі на тэрыторыі, дзе жыло нямецкае насельніцтва — гэта і Райнлянд, і Аўстрыя, і Судэты — у Парыжы і Лёндане, акрамя пацыфізму, было і пачуцьцё віны: немцы ж хочуць сваё. Цяпер я ня бачу ў заходніх лідэраў ніякага пачуцьця віны перад пуцінскай Расеі.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG