Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-старшыня Хэльсынскай камісіі ЗША: Лукашэнка зрабіўся васалам Пуціна


Стыў Коэн, кангрэсмэн ад штату Тэнэсі (Д), віцэ-старшыня Хэльсынскай камісіі
Стыў Коэн, кангрэсмэн ад штату Тэнэсі (Д), віцэ-старшыня Хэльсынскай камісіі

Сямёра амэрыканскіх кангрэсмэнаў наведалі Вільню, дзе вялі перамовы з кіраўніцтвам Літвы, каб выказаць гэтай краіне сваю падтрымку на фоне пагрозы ўзброенага канфлікту паміж Расеяй і Ўкраінай. Радыё Свабода пагаварыла зь імі пра іх бачаньне сытуацыі ў Беларусі.

Віцэ-старшыня Хэльсынкскай камісіі ЗША: Лукашэнка зрабіўся васалам Пуціна
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:33 0:00

Стыў Коэн, кангрэсмэн ад штату Тэнэсі (Д), віцэ-старшыня Хэльсынскай камісіі:

«Відавочна, гэта тое, што цяпер адбываецца. Я сустракаўся з Лукашэнкам гадоў сем таму. У ягоным палацы. Там нікога не было, апрача яго і пяці жанчын, якія былі апранутыя як стуардэсы і сынхронна насілі нам гарбату.
У тыя часы Лукашэнка выглядаў незалежным, прынамсі сам гэта сьцьвярджаў — што ён заўсёды быў незалежны ад Расеі. Тады былі вайсковыя вучэньні, супольныя, якія адбываліся ў Беларусі — ён казаў, што яны праходзяць пад ягоным кантролем.

Але ён імкнуўся да збліжэньня з Амэрыкай, ён хацеў, каб быў амбасадар, каб былі дачыненьні — ён хацеў з намі працаваць. Мне казалі, што ён спрабаваў гуляць на два бакі як толькі мог — прынамсі, ён гэта спрабаваў. Цяпер няма нават спробаў зрабіць уражаньне, што ён хоча працаваць з Захадам, што ён хоча быць незалежным або што ён насамрэч незалежны. Ён зрабіўся васалам Уладзіміра Пуціна. Ён сам сабе дазволіў зьменшыцца ў памерах як асоба, аддаўшы ўладу, прадаць душу, калі яна наагул у яго была».

Джо Ўілсан, кангрэсмэн ад штату Паўночная Караліна (Р):

«Найбліжэйшая суседка Беларусі — Польшча — ператварылася ў краіну зь вельмі сучаснай дынамічнай эканомікай. Мы цяпер, будучы тут, у Літве, бачым, як дынамічна тут разьвіваецца эканоміка. Мінулым летам я быў у Эстоніі — варта толькі паглядзець на тое, як квітнеюць краіны Балтыі! Маладыя людзі маюць столькі магчымасьцяў для бізнэсу! Беларусь магла б мець тое самае. І мы спадзяемся, што людзі ў Беларусі сапраўды разумеюць, што людзі ў Злучаных Штатах жадаюць ім самага лепшага. Мы хочам, каб Беларусь была свабоднай, дынамічнай, высокаразьвітай краінай... О, дарэчы, аднойчы я чуў прадказаньне, што гэта будзе адна з найбагацейшых краінаў Эўропы, але дыктатура Лукашэнкі гэтага не дапусьціла».

Робэрт Эдэрголт, кангрэсмэн ад штату Алабама (Р):

«Мы вернемся ў Злучаныя Штаты і раскажам пра сытуацыю ў Беларусі нашым калегам, зь якімі працуем у Кангрэсе і Сэнаце Злучаных Штатаў, а таксама нашым выбарнікам. Думаю, што бальшыня амэрыканцаў зусім ня ведаюць, якая ў Беларусі сытуацыя. Яны ведаюць, што ёсьць такая Беларусь, чулі пра яе, але насамрэч нічога пра яе ня ведаюць. І таму адна з нашых задачаў, калі мы вернемся, будзе расказаць людзям пра нашу занепакоенасьць тым, што адбываецца пры ўладзе Лукашэнкі».

Шэйла Джэксан-Лі, кангрэсмэнка ад штату Тэхас (Д):

«Поўная падняволенасьць кіраўніка дзяржавы, які падпарадкаваў самога сябе і сваю сувэрэнную дзяржаву Расеі — гэта вялікая памылка. І вынік гэтай вялікай памылкі — недзеяздольнасьць беларускіх уладаў на чале з кіраўніком, а таксама крызіс, у якім апынулася краіна. І гэта — найважнейшы фактар, бо ў Беларусі цяпер 30 тысячаў расейскіх вайскоўцаў, і кагадзе было абвешчана, што яны там і застануцца. Сюды яшчэ можна дадаць маштабныя парушэньні правоў чалавека, адмову ад сувэрэнітэту краіны і ўдзел у, магчыма, самай крывавай вайне ў рэгіёне ад часоў Другой сусьветнай вайны, у якой шмат целаў забітых будуць вяртацца ў Расею, шмат ахвяраў панясе Ўкраіна і, магчыма, страты зазнае і маленькае беларускае войска. Усе гэта значыць, што краіна перажывае крызіс.

Таму я думаю, што Злучаныя Штаты, з увагі на Акт аб Дэмакратыі ў Беларусі, прыняты ўпершыню ў 2004 годзе і ў новай рэдакцыі ў 2020 годзе, яшчэ раз ацэніць абразы і злачынныя дзеяньні з боку беларускага рэжыму. Але мне б найбольш хацелася пабачыць большую падтрымку грамадзянскай супольнасьці, мэдыя, грамадзкіх і праваабарончых арганізацыяў, каб падбадзёрыць іх тым, што сьвет іх бачыць. Я хачу, каб людзі ў Беларусі пачуваліся абароненымі і займелі падтрымку ў іх барацьбе за дэмакратыю. Мы ў Кангрэсе ЗША прыкладзем да гэтага супольныя намаганьні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG