На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.
Шрайбман
- Незразумела, у чым быў плян Пуціна ў гэтай шматмесячнай кампаніі запалохваньня. Ён пакідае сабе прастору для манэўру, каб выкарыстаць прызнаньне «ДНР» і «ЛНР» як для эскаляцыі, гэтак і для дээскаляцыі.
- Для эскаляцыі гэта можна выкарыстоўваць з улікам таго, што «ДНР» і «ЛНР» абвяшчаюць сябе ў межах Данецкай і Луганскай вобласьцяў, а гэта прыкладна ўдвая больш, чым тое, што яны цяпер кантралююць. Можна заявіць, што на «нашай тэрыторыі» чамусьці прысутнічае ўкраінская армія і яе трэба адтуль выбіць.
- Але мне падаецца больш імаверным, што гэта своеасаблівае ганаровае адступленьне Пуціна. Я лічу, што ўся камбінацыя з ультыматумамі, пагрозамі, сьцягваньнем войскаў была не падрыхтоўкай поўнамаштабнага ўварваньня, а спробай налякаць Захад.
- Гэтага не ўдалося, Захад ня даў гарантыяў непашырэньня NATO, Украіна не пагадзілася ісьці за расейскай трактоўкай Менскіх пагадненьняў. Да поўнамаштабнай вайны Пуцін ня быў гатовы, і «ДНР» і «ЛНР» сталі трафэем, які ён здолеў атрымаць.
- Растуць шанцы на тое, што мы ўбачым нейкую дээскаляцыю.
- Заўсёды карысна заявіць больш сур’ёзную пагрозу, чым тое, што ты гатовы рэальна выконваць. У выніку Захад можа выдыхнуць і ня ўводзіць самыя жорсткія санкцыі. Гэта своеасаблівы гандаль. Крэмль кажа — гэтая вашая Ўкраіна наагул не павінна існаваць. Але мы пакуль абмяжуемся кавалкамі дзьвюх вобласьцяў.
- Які можа быць альтэрнатыўны сцэнар такому «ганароваму» адступленьню? Вялікая, поўнамаштабная вайна, украінская армія налічвае шмат салдатаў. Такая вялікая вайна можа выйсьці з-пад кантролю. Пуцін да такіх сцэнароў не гатовы.
- Ён і раней не ішоў на апэрацыі, якія несьлі сурʼёзныя рызыкі для Расеі. Ён гатовы пагражаць, але не гатовы сурʼёзна рызыкаваць.
- Прызнаньне Беларусьсю зараз ня толькі «ДНР» і «ЛНР», але і Абхазіі, і Паўднёвай Асэтыі будзе відавочным «прагінаньнем». Лукашэнка ня любіць так «прагінацца».
- У праўладнай аналітыцы бачныя два падыходы. Адны кажуць, што ня трэба сьпяшацца, што варта спачатку «дапрызнаць» Крым. А іншыя кажуць, што прызнаваць «ДНР» і «ЛНР» трэба хутка.
- Калі б мне давялося ставіць у казіно, я б паставіў на тое, што Лукашэнка прызнае самаабвешчаныя «рэспублікі», папрасіўшы за гэта кампэнсацыю санкцыяў за такі крок, у тым ліку і ўкраінскіх санкцыяў.
- Расейскія войскі будуць выведзеныя зь Беларусі тады, калі Пуцін палічыць гэта палітычна мэтазгодным. Адвод войскаў зь Беларусі — гэта дакладны сыгнал, што Крэмль выбраў дээскаляцыю. І ўсё, што ён будзе рабіць далей, будзе ўспрымацца як блеф.
- Я ня думаю, што Пуцін прыняў рашэньне, ці паглыбляць эскаляцыю далей. Калі рэакцыя Захаду будзе млявая, калі санкцыі будуць сьмешныя, магчыма, на гэтым інцыдэнт будзе вычарпаны. Калі рэакцыя Захаду будзе больш жорсткай, магчыма, гэтыя войскі затрымаюцца на тыдні і нават месяцы.
- Трымаць войскі ў Беларусі доўга — гэта прыніжаць Лукашэнку. Прыніжаць саюзьніка, які табе дапамагае і робіць нават больш, чым ты ад яго хочаш, — гэта крыху «не па-пацанску». Магчыма, выведзе, калі будзе прызнаньне «ДНР» і «ЛНР» з боку Лукашэнкі.
- Пуцін у Расеі дэкамунізацыю не праводзіць. Пакуль Лукашэнка ляяльны, хай ён гуляе ў свой савецкі наратыў. Гэта не сучасны расейскі наратыў, для Крамля Ленін — не герой. Калі б Украіна была камуністычнай дзяржавай, Пуцін бы не выкарыстоўваў антыкамуністычную рыторыку супраць яе.
- Заходнія санкцыі за прызнаньне «ДНР» і «ЛНР» — прыкладна такія ж, якія былі за далучэньне Крыму. Зараз, напэўна, прыпыняць «Паўночны паток-2». Але ў Захаду абмежаваны набор інструмэнтаў, яны ня могуць яго ўвесь скарыстаць, пакуль Расея не скарыстала цалкам свой запас эскаляцыі.
- Чаму Захад не спыняе Пуціна самымі жорсткімі мерамі да таго, пакуль той не дайшоў да канца ў эскаляцыі? Праз надзвычай высокую цану жорсткага адказу.
- Бязь Мюнхэнскага пагадненьня 1938 году Гітлера можна было спыніць толькі вайной, вайной за Судэты. Тады заходнія лідэры да гэтага не былі гатовыя. А цяпер на вайну яны тым больш не гатовыя. Цяпер ніхто ня лічыць, што калі ўвесьці ўсе санкцыі, то расейскі рэжым разваліцца. Наадварот, тады ў Крамля рукі будуць цалкам разьвязаныя.
- Пра сябе заходнія палітыкі ведаюць, што яны не гатовыя плаціць вялікую цану, каб караць Расею.
- Пакуль Захад не пераканаецца, што Пуцін завяршыў гэты этап эскаляцыі, павялічваць колькасьць вайсковых дарадцаў ва Ўкраіне і колькасьць вучэньняў там Захад ня будзе. Калі мы прыйдзем да грузінскай сытуацыі — «ні міру, ні вайны», то вайсковае супрацоўніцтва Захаду будзе працягвацца.
- Скажу цынічную рэч: калі ўсё спыніцца на цяперашнім узроўні, гэта даволі выгадны вынік для ўкраінскай улады. Гэтыя тэрыторыі ўкраінцы дагэтуль прызнавалі акупаванымі. Яны казалі, што расейскія войскі там з 2014 году былі ўвесь час. Цяпер іх там проста будзе больш.
- Зараз над Украінай не вісіць дамоклавы меч Менскіх пагадненьняў, і не яна іх разарвала. Расея атрымае нейкія санкцыі, Украіна атрымае нейкую падтрымку. Адказнасьць за гуманітарнае забесьпячэньне насельніцтва на гэтых тэрыторыях Украіна зараз не нясе наагул.
- Украіна на доўгія гады разьвітваецца з гэтымі тэрыторыямі, як з Крымам. Маральна гэта вельмі цяжка прыняць. Я ведаю ўкраінцаў, якія адтуль родам.
- У Крамлі можа ўзьнікнуць спакуса выкарыстаць гэты новы «балькон» для правакаваньня новай эскаляцыі.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.