Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тых, хто ваюе супраць Украіны, трэба зьнішчаць», — гаварыў Лукашэнка ў 2014-м. Што зьмянілася?


Палітычная карыкатура мастака Аляксея Кустоўскага
Палітычная карыкатура мастака Аляксея Кустоўскага

На прэс-канфэрэнцыі для расейскіх СМІ ўвосень 2014 году Лукашэнка нават намякаў на «вяртаньне» Беларусі Смаленску, Пскова і Калінінграду.

Позна ўвечары 21 лютага Ўладзімір Пуцін заявіў, што Расея гатовая прызнаць незалежнасьць самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», а таксама афіцыйна ўвесьці расейскія войскі на тэрыторыю гэтых сэпаратысцкіх утварэньняў. Рэакцыю Аляксандра Лукашэнкі на заявы расейскага сябра пакуль не публікавалі. Падчас нядаўняга візыту ў Маскву Лукашэнка толькі сказаў, што гатовы прызнаць незалежнасьць самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» у тым выпадку, «калі гэта будзе патрэбна». Але так было не заўсёды. Яшчэ параўнальна нядаўна на пытаньні расейскіх журналістаў Лукашэнка адказваў намёкамі аб вяртаньні ў склад Беларусі Смаленску і часткі Пскоўскай вобласьці.

2014 год: «Баевікоў, якія ваююць супраць Украіны, трэба зьнішчаць»

Гучная заява зробленая падчас візыту Лукашэнку ва Ўкраіну ў чэрвені 2014 году, калі ён прыяжджаў на інаўгурацыю Пятра Парашэнкі. Відэазапіс кароткага інтэрвію хутка разьляцеўся па ўкраінскіх СМІ і сайтах.

«Я лічу, ва Ўкраіне разумны народ, які можа сам разабрацца са сваімі праблемамі, — сказаў Лукашэнка. — І гэты народ разьбярэцца. Для мяне, чалавека, чые карані тут закапаныя… Я не лічыў Украіну для сябе чужой, а ўкраінскі народ чужым. Зраблю ўсё тое, што вы скажаце. Без усякай міратворчасьці і пасярэдніцтва… Баевікоў, тых, хто ваюе супраць Украіны, трэба зьнішчаць. Але спачатку разьбярыцеся. А то перастраляеце сваіх».

Пры гэтым Лукашэнка таксама паабяцаў падтрымаць тую палітыку Украіны, якая будзе накіраваная на захаваньне цэласьці ўкраінскай дзяржавы. Пры ўмове, што такая палітыка «будзе выпрацаваная». Выказваньні Лукашэнкі цытавалі ня толькі ўкраінскія СМІ, але і дзяржаўныя беларускія.

2014 год: «Непарушнасьць межаў нам была гарантаваная»

Вялікая прэс-канфэрэнцыя Лукашэнкі супрацоўнікам расейскіх СМІ, кастрычнік. Так званыя «Менскія пагадненьні» падпішуць толькі празь некалькі месяцаў.

«Непарушнасьць межаў, тэрытарыяльная цэласьць любой дзяржавы, у тым ліку Ўкраіны, чарговы раз у 1994 годзе (маецца на ўвазе Будапэшцкі мэмарандум. — РС) пры маім удзеле нам была гарантаваная, — сказаў Лукашэнка. — Таму недапушчальна, калі нейкая дзяржава парушае тую тэрытарыяльную цэласнасьць, якая была гарантаваная. І адымае частку тэрыторыі той альбо іншай дзяржавы».

На той жа прэсавай канфэрэнцыі ён паведаміў, што, калі ўжо кіравацца сваімі ўласнымі жаданьнямі, то Беларусь можа прэтэндаваць на часткі тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі. А віну за падзеі на Данбасе ўсклаў на Віктара Януковіча.

2019 год: «Канфлікт на Данбасе гэта канфлікт Расеі і Ўкраіны»

Чарговы раз пра стаўленьне да кіраўніцтва так званых «ДНР» і «ЛНР» Лукашэнка выказаўся ў кастрычніку 2019 году. Тады ён адкрыта назваў канфлікт на Данбасе канфліктам Расеі і Ўкраіны.

«І ня трэба пасьля мне гаварыць, што гэта не канфлікт Расеі і Ўкраіны, — сказаў Лукашэнка. — Так, ня трэба ігнараваць кіраўнікоў «ЛНР» і «ДНР» непрызнаных... Іх таксама пазьбягаць нельга».

2022 год: «Мы дамовімся з Пуціным»

Апошні на гэты момант раз пра сваё стаўленьне да прызнаньня незалежнасьці «ЛНР» і «ДНР» Лукашэнка выказаўся 17 лютага, падчас паездкі ў Маскву да Ўладзіміра Пуціна. Там яны абмяркоўвалі хаду вучэньняў «Саюзная рашучасьць – 2022». Як расказаў Лукашэнка супрацоўнікам афіцыйных расейскіх і беларускіх СМІ, рашэньне аб прызнаньні незалежнасьці самаабвешчаных «рэспублік» будзе зроблена сумесна.

«Мы дамовімся з Пуціным, як нам зрабіць, каб было лепш для Расеі і для Беларусі, — сказаў Лукашэнка. — Але гэта будзе сумеснае рашэньне».
Пуцін рашэньне аб прызнаньні незалежнасьці самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР» прыняў самастойна. Адпаведных заяваў афіцыйнага Менску пакуль не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG