Пуцін заявіў, што ўзьнікае пагроза, што Кіеў пачне адваёўваць Крым, бо Ўкраіна не прызнае яго ўваходу ў склад РФ, а NATO ўключыцца ў гэтыя падзеі.
Паводле прэзыдэнта РФ, Расея перш рабіла ўсё, каб мірным шляхам разьвязаць усе супярэчнасьці, але ўкраінскія ўлады двойчы правялі «вайсковыя карныя апэрацыі» на тэрыторыі «ДНР» і «ЛНР», а цяпер, падобна, пачынаецца трэцяя.
Пуцін падкрэсьліў, што пытаньні прызнаньня «ДНР» і «ЛНР» шчыльна зьвязаныя з глябальнымі праблемамі гарантаваньня бясьпекі ў сьвеце і ў Эўропе ў прыватнасьці. «Кіеўскія ўлады не зьбіраюцца выконваць Менскія пагадненьні, яны публічна шматкроць пра гэта заяўлялі» — сказаў прэзыдэнт Расеі на нечарговым пасяджэньні Савету бясьпекі РФ.
Раней з заклікам да Пуціна прызнаць незалежнасьць самаабвешчаных «рэспублік» на тэрыторыі Ўкраіны зьвярнулася Дзяржаўная дума РФ. Сёньня з такімі ж заклікамі выступілі кіраўнікі гэтых утварэньняў — лідэры «ДНР» Дзяніс Пушылін і «ЛНР» Леанід Пасечнік.
Удзельнік перамоваў палітычных дарадцаў «нармандзкай чацьвёркі» Дзьмітрый Козак заявіў, што, на яго думку, украінскі бок на гэтых перамовах даў яму зразумець, што Кіеву «не патрэбны Данбас».
Кіраўнік ФСБ РФ Аляксандар Бортнікаў заявіў аб «дэградацыі абстаноўкі на тэрыторыі дзьвюх рэспублік». Паводле яго, вырасла колькасьць абстрэлаў і «ёсьць выпадкі трапляньня снарадаў на тэрыторыю РФ». Як сьцьвярджае ён, пачаўся рух «уцекачоў» у Расею, усяго мяжу перасеклі 68 тысяч чалавек.
Намесьнік старшыні Савету бясьпекі РФ экс-прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што гэтыя тэрыторыі Ўкраіне не патрэбныя, бо «жыхароў паддаюць масавым рэпрэсіям, іх пазбаўляюць правоў чалавека».
Ён лічыць, што комплекс мераў, якія зафіксавалі Менскія пагадненьні, украінскі бок выконваць ня будзе. Паводле яго, дзейнаму прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму такое «выкананьне ня трэба, бо яму трэба пераабірацца».
Мядзьведзеў прыгадаў, як яму «давялося» прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асэтыю: «Гэта дазволіла захаваць жыцьці сотням тысяч людзей. І ў пэўнай ступені гэта была навука краінам NATO, што з Расейскай Фэдэрацыяй так рабіць нельга».
«Будзе цяжка, але праз пэўны час, пры ўмелым кіраваньні сытуацыяй, напружаньне, якое вібруе вакол нашай краіны, будзе спадаць. Ад гэтай сытуацыі рана ці позна стомяцца і будуць прасіць нас вярнуцца да перамоваў. „Самі прыйдуць і ўсё прапануюць“», — працытаваў ён твор Міхаіла Булгакава «Майстар і Маргарыта».
Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што «Расея для Захаду значыць значна больш, чым Украіна, і гэта разумеюць і самі ўкраінцы». «Праз пэўны час сытуацыя, зьвязаная з прызнаньнем тэрыторыяў, будзе астываць, — гэта нам кажа папярэдні досьвед», — сказаў ён.
Пуцін прасіў удзельнікаў выказацца на тэму прызнаньня.
Сьпікер Дзяржаўнай думы Вячаслаў Валодзін заявіў, што Дума ўжо прыняла зварот да Пуціна аб прызнаньні «ДНР» і «ЛНР» і просіць прызнаць гэтыя тэрыторыі.
«Для Украіны гэта тэрыторыя, а для нас гэта людзі», — заявіла пасьля яго кіраўніца Савету Фэдэрацыі Валянціна Матвіенка. — Колькі можна ўгаворваць, колькі чакаць? Трэба называць рэчы сваімі імёнамі! Жыхары Данецку і Луганску паўсталі супраць крывавага перавароту!
«Захад замест таго, каб прымусіць Украіну да міру, пастаўляе Ўкраіне зброю, — заявіла Матвіенка. — Я не магу глядзець гэтыя кадры! Дзеці, якія сядзяць у падвале! Бабулькі, якія плачуць! Далей з гэтым мірыцца нельга! Трэба прыняць рашэньне».
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.