Лідэры сэпаратыстаў таксама просяць у Расеі дапамогі ў вайсковай сфэры.
Раней Дума зьвярнулася да Пуціна з заклікам прызнаць «ДНР» і «ЛНР».
Прэзыдэнт Пуцін на пасяджэньні Савету бясьпекі РФ у панядзелак заявіў, што на ім будзе абмяркоўвацца сытуацыя на Данбасе, у тым ліку і звароты Пушыліна, Пасечніка і Думы. Аб зваротах лідэраў сэпаратыстаў стала вядома за 15 хвілінаў да пачатку пасяджэньня Савету бясьпекі РФ.
Пуцін на пасяджэньні заявіў, што пытаньне аб сытуацыі на Данбасе наўпрост зьвязанае з расейскімі патрабаваньнямі гарантыяў бясьпекі, выстаўленых у адрас ЗША і NATO.
Удзельнік перамоваў палітычных дарадцаў «нармандзкай чацвёркі» Дзьмітрый Козак заявіў, што, на яго думку, украінскі бок на гэтых перамовах даў яму зразумець, што Кіеву «не патрэбны Данбас».
- Так званыя«ДНР» і «ЛНР» сэпаратысты абвясьцілі вясной 2014 году. Расея тады ня стала іх прызнаваць, аднак, паводле сьцьвярджэньняў Украіны і краінаў Захаду, а таксама шматлікіх сьведчаньняў, у тым ліку саміх сэпаратыстаў, Расея надала «ДНР» і «ЛНР» дапамогу, у тым ліку вайсковую.
- У выніку сэпаратысты захавалі кантроль над часткай тэрыторыяў Луганскай і Данецкай абласьцей Украіны. Пры гэтым яны заяўляюць прэтэнзіі на ўсе тэрыторыі гэтых абласьцей, у тым ліку і падкантрольныя Ўкраіне.
- Заключаныя ў 2015 годзе Менскія пагадненьні, якія Расея абавязалася выконваць, не прадугледжваюць незалежнасьці «ДНР» і «ЛНР» — згодна з дакумэнтамі, асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласьцей павінны пры выкананьні шэрагу ўмоваў вярнуцца пад кантроль Украіны.