Акцыі «Сбербанку» аселі больш чым на 9%, Rusal — амаль на 12%, «Яндэксу» — на 8%, піша РБК.
Аднак больш за ўсё страціла сацыяльная сетка VK — яе акцыі зьнізіліся на 13,91%, піша «Коммерсантъ».
Індэкс Маскоўскай біржы ў панядзелак асеў да 3123,14 пункта і працягвае зьніжэньне.
Рэзка стаў падаць курс расейскага рубля. Калі 1 даляр каштаваў 76,1 расейскага рубля, а 1 эўра — 86,6 руб., тады ў сярэдзіне дня даляр падаражэў на 2 рублі (да 78,2), а эўра да 88,3 руб., таксама амаль на 2 рублі за лічаныя гадзіны.
Падзеньне расейскіх індэксаў назіраецца на фоне аднаўленьня баёў на Данбасе і эвакуацыі жыхароў непрызнаных рэспублік «ДНР» і «ЛНР» у Расею. У 5 абласьцях, што мяжуюць з Украінай ці знаходзяцца непадалёк, аб’явілі рэжым надзвычайнага стану праз «уцекачоў», якіх на расейскіх аўтобусах звозяць з акупаванай тэрыторыі Ўкраіны.