З моманту анэксіі Крыму Расеяй у 2014 годзе NATO значна ўзмацніла сваю абарончую пазыцыю на ўсходнім флянгу альянсу: стварыла чатыры шматнацыянальныя баявыя групы ў Эстоніі, Латвіі, Літве і Польшчы і пашырыла свае магчымасьці паветранага патруляваньня ў краінах Балтыі і Усходняй Эўропе для перахопу расійскіх самалётаў, якія парушаюць паветраную прастору дзяржаваў-удзельніц.
На чале са Злучанымі Штатамі, Вялікабрытаніяй, Канадай і Нямеччынай гэтыя падразьдзяленьні падтрымліваюць ідэю, што напад на любога саюзьніка з NATO будзе разглядацца як напад на ўвесь альянс. Кожнае падразьдзяленьне таксама атрымлівае дапамогу ад іншых удзельнікаў NATO.
Украіна не ўваходзіць у NATO, але мае статус «краіны-партнэркі» з 2008-га — году, калі яна падала заяўку на Плян падрыхтоўкі да далучэньня. Гэта азначае, што ў будучыні можа быць дазволена далучыцца да альянсу. Расія хоча, каб заходнія дзяржавы запэўнілі, што гэтага ніколі не адбудзецца.
З прычыны таго, што Расея сабрала каля мяжы з Украінай больш за 100 000 вайскоўцаў, некаторыя саюзьнікі з NATO накіроўваюць у Кіеў ваенную дапамогу. Лідэры ЗША і ЭЗ таксама прыкладалі дыпляматычныя намаганьні, каб супакоіць напружанасьць у дачыненьнях з Масквой, але некаторыя геапалітычныя патрабаваньні Расеі адносна пашырэньня NATO на краіны былога СССР лічацца невыканальнымі.
Як краіны NATO і ЭЗ падтрымліваюць Украіну
Эўрапейскі Зьвяз выдае пазыкі і гранты для падтрымкі Ўкраіны з 2014-га — году, калі Расея акупавала і анэксавала Крым. 1 лютага 2022 году ЭЗ абвясьціў аб далейшай фінансавай дапамозе памерам каля 1,2 мільярда эўра (1,35 мільярда даляраў), каб дапамагчы краіне падчас цяперашняга крызісу.
Канада абвясьціла аб фінансавай дапамозе памерам 340 мільёнаў даляраў для неадкладнай падтрымкі Ўкраіны, а таксама для пашырэньня апэрацыі UNIFIER, вайсковай місіі канадзкіх узброеных сіл для падрыхтоўкі і нарошчваньня патэнцыялу ва Ўкраіне.
Злучаныя Штаты разьмясьцілі 2000 амэрыканскіх вайскоўцаў у Нямеччыне і Польшчы, перабазавалі 1000 амэрыканскіх салдатаў зь Нямеччыны ў Румынію і перадалі пакет ваеннай дапамогі памерам 200 мільёнаў даляраў, у тым ліку 300 супрацьтанкавых ракет Javelin і 79 тон дапамогі ў сфэры бясьпекі.
Данія накіравала ў Балтыйскае мора фрэгат і чатыры зьнішчальнікі F-16 у Літву ў падтрымку шматгадовай місіі паветранага патруляваньня NATO ў рэгіёне.
Латвія і Літва адпраўляюць зэнітныя ракеты Stinger пасьля атрыманьня дазволу Вашынгтону на перадачу ўзбраеньня.
У красавіку Нідэрлянды накіруюць у Баўгарыю два зьнішчальнікі F-35, каб падтрымаць паветранае патруляваньне NATO ў рэгіёне, а таксама перавядуць карабель і наземныя падразьдзяленьні ў рэжым гатовасьці для сіл рэагаваньня NATO.
Гішпанія накіроўвае караблі для падмацаваньня ваенна-марскіх сіл NATO і разглядае магчымасьць адпраўкі зьнішчальнікаў у Баўгарыю.
Эстонія адпраўляе ва Ўкраіну супрацьтанкавыя ракеты Javelin.
Турэччына ўжо паставіла ва Ўкраіну супрацьтанкавыя бесьпілётнікі.
Вялікабрытанія накіравала ва Ўкраіну супрацьтанкавыя ракеты, а таксама вайскоўцаў, каб навучыць украінцаў іх выкарыстоўваць.
Нямеччына накіроўвае палявы шпіталь у Эстонію, і абвясьціла, што накіруе ў Літву 350 вайскоўцаў для ўзмацненьня там баявой групы NATO.
Урад Польшчы ўхваліў накіраваньне ўкраінскім узброеным сілам супрацьпаветранай зброі, боепрыпасаў і бесьпілётнікаў.
У студзені Чэхія перадала Ўкраіне 4006 боепрыпасаў калібру 152 мілімэтры для цяжкай артылерыі.
Што кажуць эўрапейцы пра магчымае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну?
Нягледзячы на тое, што ўрады ў Эўропе падзяліліся адносна канфлікту, справаздача Эўрапейскай рады міжнародных дачыненьняў (ECFR) за студзень 2022 году сьведчыць: эўрапейскія грамадзяне лічаць, што ўварваньне Расеі ва Ўкраіну можа выклікаць пэўныя сур’ёзныя праблемы бясьпекі для Эўропы, асабліва што тычыцца энэргетыкі і іміграцыі. Яны таксама лічаць, што Эўропа абавязаная рэагаваць на крызіс, прычым большасьць падтрымлівае рэакцыю NATO і ЭЗ.
Што кажуць расейцы
Апытаньне, праведзенае Левада-цэнтрам у красавіку 2021 году, паказала, што сярод сучаснага гарадзкога насельніцтва Расеі няма энтузіязму што да ваеннага ўмяшаньня.
Меркаваньне аб неабходнасьці ўдзелу ў канфлікце ў выпадку пачатку ваенных дзеяньняў найбольш папулярнае сярод старэйшых груп. Гэты пункт гледжаньня значна менш папулярны сярод маладых груп, як паказана на табліцы ніжэй.
Што кажуць украінцы
Многія ўкраінцы лічаць, што Расея спрабуе аслабіць іх краіну перад фактычным уварваньнем, выкарыстоўваючы тактыку савецкіх часоў, каб паспрабаваць дэстабілізаваць эканоміку, выклікаць грамадзкія беспарадкі, кампаніі паклёпаў, тэрор і кібэратакі — накшталт той, што адбылася 14 студзеня і нанесла шкоду дзясятку урадавых сайтаў Украіны — і нават забойствы.
Ёсьць меркаваньне, што Расея будзе мець найлепшыя ўмовы для пасьпяховага ўварваньня толькі тады, калі Ўкраіна будзе на мяжы ператварэньня ў недзеяздольную дзяржаву (failed state).
Крыніцы: NATO, NPR, The Moscow Times, The New York Times, Урад Канады, The Local, RFE/RL, Al-Jazeera, Defense News, Euronews, Эўракамісія, Эўрапейская рада замежных дачыненьняў.
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.