Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад ганарлівасьці да гонару. Актывістка беларускай дыяспары ў ЗША пра еднасьць апанэнтаў рэжыму


Мітынг беларускай дыяспары ў ЗША, 2021 год. Ілюстрацыйнае фота
Мітынг беларускай дыяспары ў ЗША, 2021 год. Ілюстрацыйнае фота

Алеся Сёмуха — удзельніца нацыянальнага руху ў Беларусі канца 1980-х, старшая дырэктарка стратэгічных камунікацый і маркетынгу фінансавай кампаніі Freddie Mac (г. Вашынгтон, ЗША), сябра Рады БНР.

4 лютага я мела прывілей прадстаўляць беларускія апазыцыйныя і нацыянальна-дэмакратычныя сілы, побач з пасламі Літвы, Польшчы, ЗША ды міністрам замежных справаў Польшчы, падчас ушанаваньня гонару нашага нацыянальнага героя Тадэвуша Касьцюшкі. Падзея адбывалася ў Вашынгтоне, на плошчы Ляфаета перад Белым домам. Пакуль мы чакалі афіцыйнага пачатку, быў час падумаць пра паралелі.

Алеся Сёмуха
Алеся Сёмуха

На Плошчы Ляфаета ў цэнтры стаіць помнік прэзыдэнту Эндру Джэксану, а па пэрымэтры чатыры помнікі замежным героям, якія змагаліся за свабоду і незалежнасьць Злучаных Штатаў ад Брытанскай Імпэрыі падчас Рэвалюцыйнай вайны — генэралам Дэ Ляфаету, Рашамбо, фон Штойбэну і Касьцюшку. Два французы, прус і ліцьвін — усе прынятыя амэрыканскай гісторыяй і культурай у пантэон нацыянальных герояў. Амэрыканская рэвалюцыя ня толькі завабіла многіх выбітных і амбітных людзей змагацца за яе ідэалы, яна таксама фінансавалася замежнымі краінамі, як напрыклад Францыяй, Гішпаніяй і Нідэрляндамі, і заможнымі брытанскімі падданымі — жыхарамі калёній, такімі як Робэрт Морыс. Амэрыканцы ганарацца, што здолелі стварыць міжнародную палітычную кааліцыю і здабыць вайсковую і фінансавую падтрымку для перамогі над самай магутнай імпэрыяй таго часу.

Беларусы цяпер таксама змагаюцца за вызваленьне з імпэрскіх путаў, якімі вяжа нашу краіну Расея ад царскіх часоў да савецкіх і постсавецкіх. Працэс палітычнага, эканамічнага і культурнага вызваленьня — гэта працэс не аднаго дзесяцігодзьдзя ці нават стагодзьдзя. Станаўленьне нацыі патрабуе аб’яднаньня сілаў, пабудовы кааліцыі, укладаньня працы і грошай ад усіх, хто падзяляе нашы мэты. Я б хацела, каб і за нашу волю, поруч зь беларусамі, змагаліся Касьцюшкі іншых нацый. Я б таксама хацела, каб самі беларусы меней ганарліва самаізалёўваліся ў моўныя і ідэалягічныя анклявы і абвінавачвалі адзін аднаго ў здрадзе.

Тут мне прыгадваецца і бясконцае адсыланьне ў нябыт Зянона Пазьняка ды зьневажаньне манумэнтальнай працы БНФ дзеля здабыцьця незалежнасьці, з аднога боку, і бясконцыя закіды штабу Ціханоўскай у прадажнасьці Маскве, з другога боку. Кожны з бакоў лічыць толькі сябе праведным і адзіна здатным.

Тым часам рэальнасьць такая, што ніводная з гэтых сілаў паасобку мэты не дасягне. Як у 90-х партыя БНФ ня мела дастаткова сіл процістаяць савецкай матрыцы і ўплыву расейскіх спэцслужбаў, каб прадухіліць зьяўленьне іх стаўленіка Лукашэнкі, гэтак і ў 2020-м альтэрнатыўныя Лукашэнку кандыдаты ня мелі дастаткова палітычнага разуменьня, каб здабыць і ўтрымаць уладу.

Прычына тая самая — нізкая нацыянальная і грамадзянская актыўнасьць і адукаванасьць ды раздробленая каштоўнасная база бальшыні народу і міжусобнасьць ды недасьведчанасьць палітычных сіл. Беларусаў прывучылі працаваць зь мінімальнай самаарганізацыяй і салідарнасьцю на ўзроўні нацыі.

І жменька арганізаваных і падрыхтаваных дэпутатаў у Вярхоўным Савеце без арганізаванай падтрымкі соцень тысяч людзей па ўсёй краіне, і сотні тысяч людзей на вуліцы без асэнсаванага лідэрства і арганізацыі — абодва сцэнары не самадастатковыя. Аб’яднаць гэтыя сілы зараз было б важна, асабліва разумеючы, што час працуе супраць Лукашэнкі (і супраць Пуціна) і ў блізкай будучыні ў Беларусі зноў зьявіцца магчымасьць зьменаў.

Ізаляцыянізм і дагматызм абодвух бакоў, як моўна-культурны, гэтак і палітычны, ня дасьць нам магчымасьці процістаяць адладжанай імпэрскай машыне. Я друкую гэтыя словы і чую пратэставыя галасы: «Мы ім прапанавалі, а яны...» ці «Яны больш не актуальныя, мы і бязь іхнай указкі...»

Як пераадолець ганарыстасьць? Праз асэнсаваньне рэальнасьці. Ва ўладзе Лукашэнка і Крэмль, а вы ў выгнаньні ці ў турме. Што далей?

Мы мусім вітаць і будаваць кааліцыю з усімі, хто падзяляе нашы ідэалы беларускай незалежнай нацыянальна-дэмакратычнай дзяржавы. Пачаткам супрацы мусіць быць прызнаньне посьпехаў патэнцыйнага саюзьніка і прызнаньне слабых месцаў нашага грамадзтва. Хочацца спадзявацца, што ўсе бакі ў гэтым працэсе будуць эвалюцыянаваць свае пагляды. Ніякі, нават самы ўплывовы ці дасьведчаны палітык ня можа пралічыць дакладную траекторыю настрояў і зьменаў. Таму трэба вітаць усіх, хто далучаецца да справы, на любой стадыі, з любым карысным унёскам, і працаваць зь імі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG