Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перавод у СІЗА 50 рублёў палітвязьню палічылі «спробай фінансаваньня тэрарызму»


Ілюстрацыйнае фота. СІЗА №1 у Менску
Ілюстрацыйнае фота. СІЗА №1 у Менску

Праваабаронца і юрыст Наста Лойка хацела перавесьці 50 рублёў знаёмаму, які знаходзіцца пад вартай у СІЗА.

Але на пошце яе перавод не прынялі, а яе пашпарт трапіў пад асаблівы кантроль з прычыны «спробы фінансаваньня тэрарызму». Падрабязнасьці гісторыі расказаў блог «Отражение».

«Сёньня я схадзіла на пошту, і мой пашпарт трапіў на фінансавы кантроль за спробу фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці», — напісала Наста Лойка на сваёй старонцы ў Facebook.

Нядаўна яе знаёмага перавялі ў сьледчы ізалятар іншага гораду, і, каб яго падтрымаць, Наста вырашыла перавесьці яму грошы. Яна расказвае, што прыйшла на пошту, аформіла блянк электроннага пераводу, аддала касірцы паперу. Калі касірка пачала ўводзіць інфармацыю [у кампутар], у яе высьвецілася адзнака (аб тым, што чалавек зь СІЗА знаходзіцца ў «Пераліку арганізацый і фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці». — рэд.). Тады ў Насты Лойкі папрасілі пашпарт, зрабілі адзнаку ў фінансавай сыстэме, сказалі, што ня могуць прыняць перавод і што яе дадзеныя пойдуць на фінансавы кантроль.

Як высьветлілася, Наста Лойка ня першая, хто сутыкнуўся з такой сытуацыяй. Маці гэтага ж хлопца спрабавала перавесьці яму грошы з моманту, як яго затрымалі ў канцы 2020 году, але ёй ні разу не ўдалося гэтага зрабіць.

«У ягонай маці таксама папрасілі пашпарт, перапісалі дадзеныя і сказалі, што ня могуць прыняць грашовы перавод. Але ніякіх наступстваў для яе не было. Яна прыгадала, што ў яе пыталіся сфэру дзейнасьці. У мяне таксама спыталі: „Хто вы?“. Я сказала, што яго сяброўка. На што мне сказалі, што трэба ўказаць сфэру дзейнасьці. Яны павінны ўносіць гэтыя дадзеныя ў сыстэму», — кажа праваабаронца.

Атрымліваецца, што зьняволеныя і зьмешчаныя пад варту, унесеныя ў «Пералік арганізацый і фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці», абмежаваныя ў праве атрымліваць грашовыя пераводы.

«Гэта зьвязана з забаронай фінансаваньня тэрарыстычнай дзейнасьці. А калі людзі знаходзяцца ў „сьпісе тэрарыстаў“, то перавод ім аўтаматычна лічыцца такім фінансаваньнем», — аналізуе сытуацыю праваабаронца і дадае, што гэта «сур’ёзнае абмежаваньне».

Што чакае чалавека, які трапіў пад асаблівы кантроль, бо спрабаваў перавесьці грошы «тэрарысту»?

У артыкуле 290-1 Крымінальнага кодэксу гаворыцца, што збор сродкаў або фінансаваньне тэрарыстаў, тэрарыстычных груп ці арганізацый караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў са штрафам. Тыя ж дзеяньні, учыненыя паўторна, або арганізаванай групай, службовай асобай з выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў, — пазбаўленьнем волі да 15 гадоў са штрафам. У артыкуле ёсьць заўвага, што чалавек, які фінансаваў тэрарыстычную дзейнасьць, вызваляецца ад крымінальнай адказнасьці, калі своечасова заявіў аб учыненым або садзейнічаў прадухіленьню акту тэрарызму.

«Я так разумею, у пошты ёсьць інструкцыя, як у гэтай сытуацыі сябе паводзіць супрацоўнікам. Яны мусяць адзначыць, хто спрабаваў перавесьці грошы. Плюс яны пакінулі ў сябе блянк, які я запаўняла на перавод. Магчыма, яго потым перадаюць органам фінансавага кантролю. Думаю, у ДФР ці іншых фінансавых органаў ёсьць паўнамоцтвы для праверкі па такім сыгнале. Магчыма, яны могуць узяць у мяне тлумачэньні наконт гэтага. Але зразумела, што гэта абсурдна, і думаю, што ніхто не расцэніць спробу зрабіць грашовы перавод у сьледчы ізалятар як фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці. Хутчэй гэта наступства таго, як пабудавана сыстэма, і перагібу з выкарыстаньнем паняцьця тэрарыстычных арганізацый у палітычных мэтах», — кажа Наста Лойка.

За апошні год у «сьпіс тэрарыстаў» траплялі людзі, зьвязаныя з пратэстамі, а пытаньні процідзеяньня тэрарызму цесна пераплеценыя з барацьбой з «экстрэмізмам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG