Эўразьвяз заклікаў Расею да канкрэтных крокаў па дээскаляцыі напружанасьці ў канфлікце вакол Украіны. «Мы заклікаем Расею зрабіць канкрэтныя і ясныя крокі па дээскаляцыі. Эўразьвяз ня можа бясконца прыкладаць дыпляматычныя намаганьні з аднаго боку, у той час як іншы бок нарошчвае войскі», —цытуе DW заяву старшыні Эўрапейскай рады Шарля Мішэля ў Эўрапарлямэнце.
Старшыня Эўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен заявіла, што ЭЗ павінен захоўваць пільнасьць. Нягледзячы на заявы Масквы, «NATO пакуль ня бачыць прыкметаў скарачэньня колькасьці расейскіх войскаў», патлумачыла яна. Напярэдадні Расея, пасьля шматтыднёвага пэрыяду напружанасьці, абвясьціла пра пачатак адводу войскаў ад граніц з Украінай, а 16 лютага — аб завяршэньні вучэньняў у анэксаваным Крыме і вывадзе адтуль тэхнікі і салдат, якія ўдзельнічалі ў манэўрах.
Фон дэр Ляен падкрэсьліла, што «шлях супрацоўніцтва паміж Расіяй і намі ўсё яшчэ магчымы». Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешняй палітыцы і бясьпецы Жузэп Бурэль заявіў, што Эўразьвяз гатовы да ўдзелу ў перамовах, але заклікаў ЭЗ быць гатовым адрэагаваць санкцыямі ў выпадку расійскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Старшыня кансэрватыўнай фракцыі ў Эўрапарламэнце Манфрэд Вэбэр у інтэрвію агенцтву AFP 15 лютага заклікаў ясна акрэсьліць магчымыя санкцыі супраць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. «Важна ясна назваць цану Пуціну. Праект „Паўночны паток-2“ у выпадку ўварваньня павінен быць спынены. Выключэньне расійскіх банкаў з заходняй плацежнай сыстэмы таксама ня можа заставацца табу».
Між тым сустаршыня левай фракцыі ў Эўрапарлямэнце Марцін Шырдэван выказаўся адмоўна пра «недарэчную ідэю далейшага пашырэньня NATO на ўсход», заявіўшы, што яна спрыяе не бясьпецы ў Эўропе, а дэстабілізацыі.