У красавіку 2020 году Эўракамісія ініцыявала новае расьсьледаваньне ў адносінах да Польшчы ў сувязі з рэформай судовай сыстэмы ў гэтай краіне. Ад Варшавы патрабавалі прывесьці гэтую сыстэму ў адпаведнасьць стандартам ЭЗ. У 2018 годзе Эўрапарлямэнт узбудзіў штрафную працэдуру супраць Вугоршчыны, абвінаваціўшы Будапэшт у непавазе да эўрапейскіх каштоўнасьцяў і парушэньні прынцыпаў прававой дзяржавы.
«Суд поўнасьцю адхіляе пазовы, пададзеныя Вугоршчынай і Польшчай», — гаворыцца ў дакумэнце, які цытуе DW. Судзьдзі адзначылі, што захаваньне чальцамі ЭЗ «агульных каштоўнасьцяў, на якіх заснаваны Эўрапейскі Зьвяз, такіх як вяршэнства права і салідарнасьць», — гэта ўмова магчымасьці карыстацца ўсімі правамі, якія вынікаюць з дагавораў ЭЗ, і Эўрапейскі Зьвяз павінен быць у стане «абараняць гэтыя каштоўнасьці ў межах сваіх паўнамоцтваў».
Пастанова Эўрапейскага суду выклікала абурэньне Польшчы і Вугоршчыны, якія, як чакаецца, працягнуць судовыя разборы. Намесьнік міністра юстыцыі Польшчы Сэбастыян Калета напісаў у сваім акаўнце Twitter: «Мы павінны аб’яднацца перад абліччам гэтага замаху на наш сувэрэнітэт». Ён падкрэсьліў, што Польшчы неабходна «абараніць сваю дэмакратыю ад шантажу, мэта якога — пазбавіць нас права на самавызначэньне».
Міністар юстыцыі Вугоршчыны Юдыт Варга заявіла на сваёй старонцы ў Facebook, што «гэтае рашэньне — жывы доказ таго, што Брусэль злоўжывае сваёй уладай», і назвала пастанову «палітычна матываванай».
Мэханізм вяршэнства закону ЭЗ дзейнічае з пачатку 2021 году. Ён прадугледжвае, што Эўракамісія можа скарачаць выдачу сродкаў з сумеснага бюджэту тым дзяржавам, у якіх існуе пагроза нямэтавага выкарыстаньня грошай праз парушэньні вяршэнства закону.