Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генсакратар NATO Столтэнбэрг: «Расея працягвае нарошчваньне вайсковай моцы» на мяжы з Украінай


Генсакратар NATO Енс Столтэнбэрг
Генсакратар NATO Енс Столтэнбэрг

Генсакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што Паўночнаатлянтычны альянс «ня бачыць ніякай дээскаляцыі» на расейска-ўкраінскай мяжы, нягледзячы на заявы Масквы аб вяртаньні войскаў у пункты дысьлякацыі.

«Наадварот, ствараецца ўражаньне, што Расея працягвае нарошчваньне вайсковай моцы. Мы назіраем, што яны павялічылі колькасьць вайскоўцаў і яшчэ больш войскаў знаходзіцца ў дарозе», — цытуе агенцтва DPA кіраўніка NATO.

Тым часам Мінабароны Расеі заявіла, што падразьдзяленьні танкавай арміі Заходняй вайсковай акругі (ЗВА) вяртаюцца ў пункты сталай дысьлякацыі пасьля вучэньняў.

Бранятэхніку пагрузілі на чыгуначныя саставы, якім трэба праехаць да базаў каля 1 тыс. км, гаворыцца ў паведамленьні абароннага ведамства РФ.

«Вайскоўцы падразьдзяленьняў танкавай арміі Заходняй вайсковай акругі завяршылі пагрузку танкаў і браняванай гусенічнай тэхнікі на чыгуначныя плятформы і прыступілі да зьдзяйсьненьня маршу камбінаваным спосабам у пункты пастаяннай дысьлякацыі на адлегласьць каля 1 тыс. кілямэтраў пасьля завяршэньня плянавых вучэньняў», — заявілі ў Мінабароны РФ.

Рэгіён, у якім праводзіліся вучэньні, у паведамленьні не пазначаны.

Днём раней міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу далажыў прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну, што частка вайсковых вучэньняў, якія праходзяць зараз, у бліжэйшы час будзе завершана. У прыватнасьці, 10–20 лютага праходзяць сумесныя вучэньні Расеі і Беларусі «Саюзная рашучасьць — 2022».

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў раней заяўляў, што расейскія войскі пакінуць Беларусь пасьля сумесных вучэньняў. Канкрэтнай даты вяртаньня войскаў у месцы дысьлякацыі ён не назваў.

16 лютага кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што пасьля завяршэньня вучэньняў «ніводнага» вайскоўца і адзінкі баявой тэхнікі Расеі «не застанецца» ў Беларусі.

На пачатку лютага 2022 году Расея перакінула ў Беларусь некалькі тысяч сваіх вайскоўцаў у рамках сумесных вучэньняў. Дакладная колькасьць вайскоўцаў, якія прыбылі з РФ, афіцыйна не называлася. Акрамя Беларусі, Расея з канца 2021 году назапашвала вайсковую тэхніку і ў іншых рэгіёнах, блізкіх да межаў Украіны: у Растоўскай, Бранскай, Варонескай абласьцях, а таксама ў анэксаваным Крыме. Усяго, паводле зьвестак назіральнікаў, да межаў Украіны было перакінута каля 120 тысяч вайскоўцаў, у тым ліку з Сыбіры і Далёкага Ўсходу.

Заходнія краіны асьцерагаюцца, што Расея можа напасьці на Украіну ў найбліжэйшыя дні. У Крамлі неаднаразова абвяргалі наяўнасьць плянаў нападу на Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG