Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фуры стаяць па 12 дзён, чэргі на літоўска-беларускай мяжы не зьмяншаюцца


Фуры на польска-беларускй мяжы, лета 2021
Фуры на польска-беларускй мяжы, лета 2021

На літоўска-беларускай мяжы дзясяткі кіроўцаў цягачоў стаяць ня днямі, а тыднямі.

Бізнэс папярэджвае аб банкруцтве і не шкадуе крытыкі ў адрас літоўскіх устаноў — тыя, у сваю чаргу, тлумачаць чэргі зьбегам абставін, піша Delfi.

Ад шматдзённых прастояў бізнэс нясе вялікія страты: марнуецца паліва, павышаецца знос тэхнікі, паступаюць прэтэнзіі на штрафы ад замоўнікаў грузаў.

Сытуацыя не зьмяняецца са сьнежня, а прастой бывае як на выезд, так і на ўезд.

Прадстаўнік Мытнага дэпартамэнту Літвы Вітас Валунгявічус назваў чатыры прычыны чэргаў:

«Мы бачым праблему зь некалькіх бакоў: гэта нелегальная міграцыя (таму ўзмоцнены кантроль на КПП); другі момант — кантрабанда цыгарэт; трэці — закрыты КПП Брузгі — Кузьніца (Польшча); і чацьвёрты — мы лічым, гэта зьвязана з вайсковымі вучэньнямі ў Беларусі.

На думку Валунгявічуса, пытаньне ўезду ў Літву залежыць ад памежнікаў, нібыта гэта вынік узмоцненых праверак з прычыны нелегальнай міграцыі.

Прадстаўнік Службы аховы дзяржмяжы Літвы Гедрус Мішуціс прызнаў, што гэты момант уплывае на прапускную здольнасьць, але не зьяўляецца прычынай чэргаў. Паводле яго, прычыну трэба шукаць недзе ў іншым месцы.

«Патокі вялікія, зь Медынінкаем усё ясна (...) Іншы момант, у мытнікаў ёсьць праекты, новая інфармацыйная сыстэма; здаецца, запусьцілі, але не заўсёды яна дзейнічае зладжана — гэта ўплывае. Але, як яны гавораць, ужо ўсё павінна наладзіцца. І яшчэ „Райгардас“ — пункт каля Друскенікаў. Там утварылася чарга. Віной таму — паток у Польшчу і зь яе».

Прадстаўнік адной зь літоўскіх кампаній паведаміў журналістам, што да гэтай пары на мяжы стаяць іх грузавікі, якія прыбылі на мяжу яшчэ 3 лютага.

Чэргі стаяць і на беларускім баку мяжы. З пачатку лютага яны штодня расьлі, і толькі зь сярэдзіны месяца пачалі павольна скарачацца. Паводле дадзеных Дзяржаўнага памежнага камітэту, на 10:00 16 лютага ў пунктах пропуску на мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ чакаюць выезду 5030 фураў. Зь іх 2780 фур стаяць у літоўскім кірунку.

Беларускі ДПК тлумачыць чэргі маруднай працай замежных калег.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG