Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не перастаў быць філёзафам». Алексіевіч, Кныровіч, Смалянчук пра галадоўку Ўладзімера Мацкевіча


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

15 лютага зьняволены філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч пачаў сухую галадоўку, паколькі ўлады ня выканалі ягоных патрабаваньняў. Агулам у галадоўцы ён ужо 12-ы дзень.

Старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай заявіла, што «перасьлед і ўтрыманьне Ўладзімера Мацкевіча пад вартай абумоўленыя яго пазыцыяй і публічнай інтэлектуальнай дзейнасьцю».

«Мы выказваем сваю падтрымку законным, лягічным і выканальным патрабаваньням Уладзімера Мацкевіча — зьмяніць меру стрыманьня, завяршыць сьледчыя дзеяньні, накіраваць справу ў суд і прызначыць дату суду, дапусьціць пастара і лекара. Я перакананая, што пад падпіскамі аб неразгалошваньні сьледзтва хавае адсутнасьць доказаў віны і складу злачынства; грамадзкасьць мае права ведаць пра тое, як праходзіць сьледзтва і што ставіцца ў віну абвінавачаным па грамадзка значных справах».

Нобэлеўская ляўрэатка і ганаровая старшыня Беларускага ПЭНу Сьвятлана Алексіевіч зьвярнулася да Ўладзімера Мацкевіча:

«Дарагі Ўладзімер, я доўга думала, што я магу вам напісаць, якія знайсьці аргумэнты, каб вы не пайшлі да канца. Наперадзе ў нас доўгі шлях, доўгая барацьба. І вы нам патрэбны жывы, а ня сымбаль, памерці сёньня — слабасьць, памылка ад стомы і роспачы, мужнасьць — жыць. Жыць дзеля будучыні, якая прыйдзе крыху пазьней бяз кожнага з нас. Нават нельга ўявіць сабе нашу барацьбу бяз вас, бяз вашага слова, бяз вашага голасу. Вяртайцеся да нас. Мы вас чакаем».

Бізнэсовец Аляксандар Кныровіч адзначыў, што беларускаму грамадзтву востра патрэбны Ўладзімер Мацкевіч і яго думкі.

«Я на парозе гэтага ўзросту, і мне патрэбны такі суразмоўца, патрэбны нехта, з кім можна сувымяраць. Перакананы, што мы ня можам паўплываць на Мацкевіча — ня дзеля таго ён сёньня ідзе сваім шляхам. І я не спадзяюся, што мы зможам паўплываць на тых, хто яго стрымлівае. Сыстэма працуе па-рознаму. Я, у адрозьненьне ад Мацкевіча, атэіст. Але хочацца верыць у Плян, Намер, Чарцёж, які ўсё роўна прывядзе нас да абяцанай шэсьць год таму сустрэчы, якая так і не адбылася. І, хацелася б — у не такой ужо далёкай будучыні».

Раней на галадоўку зрэагаваў гісторык Алесь Смалянчук. Ён прывёў вытрымку з кнігі палітвязьня «Отвечая за себя. Записки философа с вредным характером».

«„Калі імёны страцілі сваё значэньне, народ губляе сваю свабоду“. Філёзаф можа спрабаваць захоўваць сваю свабоду, напляваўшы на свабоду народу, але тады ён перастае быць філёзафам».

Смалянчук дадаў, што «Ўладзімер Мацкевіч не перастаў быць філёзафам...»

Слухачка курсаў Уладзімера Мацкевіча Яна Марчук напісала, што многім не падабаецца характар філёзафа і мэтадоляга, але ў ягоных паводзінах ёсьць лёгіка.

«Што робіць Мацкевіч? Думае Беларусь. Ён марыць і імкнецца зрабіць Беларусь нацыяй і дзяржавай. Не самастойна, вядома: гэта не ў магчымасьцях аднаго, але ў магчымасьці тысяч беларусаў, якія дбаюць пра месца, дзе жывуць, і пра саміх сябе. А Мацкевіч робіць сваю частку — мэтадалягічную — думае, ЯК гэта зрабіць. І тое, што надумаў, прапануе іншым, хто таксама хоча „зрабіць“ Беларусь, але спэцыялізуецца ў іншых сфэрах: палітыцы, грамадзянскай супольнасьці, актывізьме.

Але Мацкевіча мала хто слухае і спрабуе зразумець. Кажуць, з-за таго, што характар кепскі, можа нагрубіць і абразіць. Сапраўды, ён часам падвышае голас, абрывае, і дурнем можа назваць. А што ён робіць, калі называе чалавека дурнем? Ён адносіцца да таго, як гэты чалавек дзейнічае, а не да яго асабіста. Ён кажа, што тваё дзеяньне неразумнае — і далей заўжды аргумэнтуе гэта і прапануе больш разумнае, лепш прадуманае. Вось толькі далей ужо мала хто слухае...»

Хто такі Ўладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч паходзіць зь сям’і рэпрэсаваных беларусаў, якія былі высланыя ў Сібір пасьля Другой сусьветнай вайны. Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Іркуцкай вобласьці Расеі. Празь дзесяць гадоў сям’я пераехала ў Горадню, дзе хлопец і скончыў школу.

Мацкевіч працаваў фрэзэроўшчыкам на заводзе карданных валоў у Горадні. Потым служыў у войску ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны.

Пасьля паступіў у Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт на псыхоляга, у час вучобы зблізіўся з Маскоўскім мэтадалягічным гуртком.

Да 1994 году Мацкевіч жыў то ў Ленінградзе (Санкт-Пецярбургу), то ў Вільні, то ў Рызе, то ў Маскве. Затым прыехаў у Беларусь, дзе праз год атрымаў беларускае грамадзянства.

У 1990-я гады шчыльна супрацоўнічаў зь Міністэрствам адукацыі. У пэрыяд між 1997 і 2001 гадамі ўзначальваў цэнтар мэтадалёгіі Рэспубліканскага інстытуту прафэсійнай адукацыі (РІПА). У 1999–2000 гадах Мацкевіч браў актыўны ўдзел у дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў, які адбываўся пад эгідай АБСЭ. Пасьля гэтага ён страціў працу ў сыстэме дзяржаўнай адукацыі.

Аднак у 2003 годзе Мацкевіча нечакана запрасілі весьці ток-шоў «Выбар» на тэлеканале АНТ. Яго праца доўжылася там толькі 9 выпускаў, і пасьля тэмы пра беларускую мову, дзе многія гледачы выказаліся за больш шырокі ўжытак нацыянальнай мовы, Мацкевіча звольнілі.

Мацкевіч падтрымаў стварэньне аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адной з апошніх палітычных ініцыятываў стала кампанія ў падтрымку незалежнасьці Беларусі «Сьвежы вецер». Яна ўзьнікла ў адказ на актыўнае абмеркаваньне і падпісаньне інтэграцыйных «карт» паміж Расеяй і Беларусьсю. У сьнежні 2019 году падчас масавых акцый супраць інтэграцыі актывісты кампаніі «Сьвежы вецер» ініцыявалі жывыя ланцугі ў цэнтры Менску.

Мацкевічу належыць ідэя Лятучага ўнівэрсытэту — некалькі дзясяткаў курсаў лекцый ад вядомых у Беларусі мысьляроў.

Актыўны вернік, пратэстант кальвінісцкага толку. У 2006 годзе філёзаф далучыўся да посту-галадоўкі вернікаў царквы «Новае жыцьцё», у якіх забіралі будынак. Тады ўлады пакінулі іх у спакоі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG