Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да палітвязьня Мацкевіча, які пачаў сухую галадоўку, не дапусьцілі лекара і пастара


Філёзаф, палітвязень Уладзімер Мацкевіч
Філёзаф, палітвязень Уладзімер Мацкевіч

Пра гэта на онлайн-канфэрэнцыі заявіла дачка палітвязьня Надзея Лучанок.

Дачка палітвязьня Надзея Лучанок: «Сьмерць Уладзімера Мацкевіча не патрэбна нікому»

«Так і не дапусьцілі пастара і лекара, нягледзячы на патрабаваньні. У нас засталося мала часу на якія-кольвек дзеяньні. Усе яго патрабаваньні законныя, рэальныя і выканальныя. Мы патрабуем неадкладнага рэагаваньня ад Сьледчага камітэту. Мой бацька заўсёды ідзе да канца і застаецца верным сваім словам. Уся адказнасьць за здароўе і жыцьцё ляжыць на кіраўніцтве СІЗА, якое фактычна ёсьць закладнікам дзеяньняў Сьледчага камітэту. Сьмерць Уладзімера Мацкевіча не патрэбна нікому. Філёзаф ён для ўсіх — для ўсіх беларусаў. Мы патрабуем штодзённага візыту адваката, а таксама лекара, не падначаленага сыстэме МУС.

У мяне цяпер няма прамога кантакту з бацькам. Акрамя таго, паўгода мае лісты да яго блякуюцца, нічога не прыходзіць і мне. Самае галоўнае, каб зь ім усё было добра і ён быў жывы. Але прасіць завяршыць галадоўку я бы яго ня стала, паколькі ведаю, як для яго гэта цяжка чуць. Мы яго падтрымліваем, прымем яго рашэньне, паважаем яго і пастараемся паўплываць на сытуацыю. А паўплываць на яго рашэньне — не, гэтага ня варта рабіць».

Дзьмітры Чарных, экспэрт па міжнародных праваабарончых мэханізмах: «Прымусовае кармленьне, калі яно будзе, гэта будзе парушэньне волі палітвязьня»


«Спэцдакладчыкі і рабочая група па адвольных затрыманьнях атрымалі інфармацыю пра абставіны справы Ўладзімера Мацкевіча. Яны могуць зьвярнуцца да ўраду зь лістом аб прыняцьці неадкладных мер, каб шанаваць права на жыцьцё. Трэба працягваць інфармаваць грамадзкасьць і міжнародныя мэханізмы аб стане здароўя Ўладзімера, якія захады прадпрымае дзяржава, падтрымліваць кантакт зь людзьмі, якія першымі дазнаюцца пра стан здароўя вязьня. Прымусовае кармленьне, калі яно будзе, гэта будзе парушэньне волі палітвязьня».


Алег Швец, прэзыдэнт асацыяцыі дыетолягаў Украіны: «Галадоўка — гэта сьмяротна небясьпечна»

«У нармальным рэжыме, у якім жыве чалавек, ён спажывае ежу і вадкасьць, каб атрымліваць энэргію. Калі чалавек перастае есьці, ён чэрпае энэргію з дэпо, тое, што ёсьць ва ўнутраных органах. Але калі чалавек яшчэ і ня п’е, адбываецца інтаксыкацыю. Сок падстраўнікавай залозы вылучаецца, чалавек кепска сьпіць. Аднаўленьне харчаваньня таксама няпросты працэс, які можа запатрабаваць мэдычнай дапамогі».

Палітоляг Андрэй Ягораў: «Спадзяюся, нейкая справядлівасьць, сумленьне перамогуць»

«За гэтыя паўгода ў сьледзтве ў справе Ўладзімера Мацкевіча практычна нічога не адбываецца. Па ўскосных дадзеных ёсьць думка, што, магчыма, супраць філёзафа або завялі, або зьбіраюцца завесьці крымінальную справу за дзейнасьць „экстрэмісцкай арганізацыі“, магчыма, маецца на ўвазе плятформа „Сход“. Але сьцьвярджаць мы нічога ня можам, бо адвакаты не агалошваюць інфармацыю.

Пастар царквы „Новае жыцьцё“ Вячаслаў Ганчарэнка зьвяртаўся да кіраўніцтва СІЗА з просьбай дапусьціць яго да Ўладзімера Мацкевіча, але яму адмовілі. Лекары штодзённа наведваюць Мацкевіча і пераконваюць прыпыніць галадоўку, але мы патрабуем кампэтэнтнага і незалежнага мэдычнага кантролю. Сястра Мацкевіча дамагаецца спатканьня, але пакуль яго так і не далі, меру стрыманьня яму не зьмянілі.

У нас — у тых, хто яго ведае — няма ніякіх сумневаў, што Мацкевіч пойдзе ў сваіх рашэньнях да канца. І ён выйдзе з галадоўкі толькі калі ўбачыць дзеяньні, а ня словы. Пры галадоўцы 2006 году, калі ішло змаганьне за царкву „Новае жыцьцё“ Мацкевіч сказаў, што яго ўратавала грамадзянская супольнасьць Беларусі.
Сьледчыя будуць вінаватыя, калі нешта здарыцца з Мацкевічам, будуць вінаватымі, гэтак жа, як будзе вінаватае і кіраўніцтва СІЗА. Словы пра тое, што яму „не дадуць памерці“, якія відавочна маюць на ўвеце прымусовае кармленьне, супярэчаць волі палітвязьня.

Спадзяюся, нейкая справядлівасьць, сумленьне перамогуць. Праваслаўныя, каталіцкія сьвятары скідаюць нам у чат-бот здымкі з алтару, гаворачы, што моляцца сёньня за Ўладзімера Мацкевіча, просяць, каб Госпад даслаў яму сілы. Ёсьць надзея, што сытуацыя палепшыцца. Вернікі розных канфэсій вераць у лепшае».

Пра пераход Мацкевіча на сухую галадоўку з 15 лютага напісалі на старонцы філёзафа ў Facebook.

Увечары 3 лютага палітвязень пачаў галадоўку, патрабуючы зьмены меры стрыманьня на не зьвязаную са зьняволеньнем, завяршэньня сьледзтва ў ягонай справе і прызначэньня даты суду. Ён паведамляў, што першыя дзесяць дзён «будзе галадоўка на вадзе», а калі па сканчэньні гэтага тэрміну патрабаваньні ня выканаюць, тады гатовы перайсьці да «сухой галадоўкі».

Як вядома ягоным паплечнікам, 15 лютага Ўладзімер Мацкевіч перайшоў на сухое галадаваньне, перастаў піць ваду.

Пэтыцыя за выкананьне патрабаваньняў Мацкевіча сабрала больш за 5 тысяч подпісаў.

Беларус накіраваў зварот у Генэральную пракуратуру з просьбамі забясьпечыць Уладзімеру Мацкевічу мэдычны нагляд, візыты пастара, натарыюса і адваката, прызначыць дату судовага разьбіральніцтва і вызваліць яго з-пад арышту. 15 лютага мужчына атрымаў адказ з пракуратуры, дзе пра Мацкевіча напісалі, як пра «асуджанага». Хаця, наколькі вядома грамадзкасьці, суду над філёзафам яшчэ не было.

65-гадовага Ўладзімера Мацкевіча затрымалі ў жніўні 2021 году. Яго вінавацяць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Ён сядзіць у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Праваабаронцы прызналі яго палітычным вязьнем.

Хто такі Ўладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч паходзіць зь сям’і рэпрэсаваных беларусаў, якія былі высланыя ў Сібір пасьля Другой сусьветнай вайны. Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Іркуцкай вобласьці Расеі. Празь дзесяць гадоў сям’я пераехала ў Горадню, дзе хлопец і скончыў школу.

Мацкевіч працаваў фрэзэроўшчыкам на заводзе карданных валоў у Горадні. Потым служыў у войску ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны. Пасьля паступіў у Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт на псыхоляга, у час вучобы зблізіўся з Маскоўскім мэтадалягічным гуртком.

Да 1994 году Мацкевіч жыў то ў Ленінградзе, то ў Вільні, то ў Рызе, то ў Маскве. Затым прыехаў у Беларусь, дзе праз год атрымаў беларускае грамадзянства.

У 1990-я гады шчыльна супрацоўнічаў зь Міністэрствам адукацыі. У пэрыяд між 1997 і 2001 гадамі ўзначальваў цэнтар мэтадалёгіі Рэспубліканскага інстытуту прафэсійнай адукацыі (РІПА). У 1999–2000 гадах Мацкевіч браў актыўны ўдзел у дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў, які адбываўся пад эгідай АБСЭ. Пасьля гэтага ён страціў працу ў сыстэме дзяржаўнай адукацыі.

Аднак у 2003 годзе Мацкевіча нечакана запрасілі весьці ток-шоў «Выбар» на тэлеканале АНТ. Яго праца доўжылася там толькі 9 выпускаў, і пасьля тэмы пра беларускую мову, дзе многія гледачы выказаліся за больш шырокі ўжытак нацыянальнай мовы, Мацкевіча звольнілі.

Мацкевіч падтрымаў стварэньне аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адной з апошніх палітычных ініцыятываў стала кампанія ў падтрымку незалежнасьці Беларусі «Сьвежы вецер». Яна ўзьнікла ў адказ на актыўнае абмеркаваньне і падпісаньне інтэграцыйных «карт» паміж Расеяй і Беларусьсю. У сьнежні 2019 году падчас масавых акцый супраць інтэграцыі актывісты кампаніі «Сьвежы вецер» ініцыявалі жывыя ланцугі ў цэнтры Менску.

Мацкевічу належыць ідэя Лятучага ўнівэрсытэту — некалькі дзясяткаў курсаў лекцый ад вядомых у Беларусі мысьляроў.

Актыўны вернік, пратэстант кальвінісцкага толку. У 2006 годзе філёзаф далучыўся да посту-галадоўкі вернікаў царквы «Новае жыцьцё», у якіх забіралі будынак. Тады ўлады пакінулі іх у спакоі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG