Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штайнмаера зноў абралі прэзыдэнтам Нямеччыны


Франк-Вальтэр Штайнмаер
Франк-Вальтэр Штайнмаер

Франк-Вальтэр Штайнмаер у нядзелю быў абраны прэзыдэнтам Нямеччыны на другі тэрмін. За яго прагаласавала істотная большасьць чальцоў Фэдэральнага сходу, які абірае прэзыдэнта. У яго ўваходзяць дэпутаты Бундэстагу і прадстаўнікі фэдэральных земляў.

Кандыдатуру сацыял-дэмакрата Штайнмаера падтрымалі ўсе вядучыя партыі: як партыі ўрадавай кааліцыі — СДПГ, Свабодныя дэмакраты і «Зялёныя», гэтак і апазыцыйны саюз ХДС/ХСС. Не падтрымалі яго правыя папулісты з «Альтэрнатывы для Германіі» і «Левыя». У выніку ў падтрымку Штайнмаера былі аддадзены 1045 з 1425 пададзеных і прызнаных сапраўднымі галасоў, 86 чальцоў сходу ўстрымаліся, — паведамляе Deutsche Welle.

Штайнмаеру 66 гадоў. Ён займаў пасаду міністра замежных спраў Нямеччыны ў кааліцыйным урадзе ХДС/ХСС і СДПГ, быў віцэ-канцлерам. Удзельнічаў у перамовах у «нармандзкім фармаце» па ўрэгуляваньні канфлікту ў Данбасе, яго імем названа так званая «формула Штайнмаера» — адзін з плянаў па рэалізацыі Менскіх пагадненьняў. Прэзыдэнтам Нямеччыны яго абралі ў 2017 годзе. У прэзыдэнта паводле канстытуцыі няшмат паўнамоцтваў, але ён успрымаецца ў нямецкім грамадзтве як маральны аўтарытэт.

У сваім выступе пасьля абраньня Штайнмаер закрануў тэму важнасьці абароны дэмакратыі, а таксама адзначыў, што Эўропе цяпер пагражае вайна. Адказнасьць за эскаляцыю сытуацыі ён усклаў на Расею — у сувязі з яе агрэсіўнымі дзеяньнямі ў адносінах да Ўкраіны. Нямецкі прэзыдэнт заклікаў разам шукаць шляхі выхаду з крызісу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG