Размова прэзыдэнтаў пачалася ў 19 гадзін 4 хвіліны менскага часу і працягнулася гадзіну і 2 хвіліны. Крэмль напярэдадні заявіў, што гутаркі запатрабаваў амэрыканскі бок. У Белым доме гавораць, што Пуцін хацеў стэлефанавацца ў панядзелак, аднак Байдэн настаяў на размове ў суботу.
У паведамленьні Белага дома гаворыцца, што прэзыдэнт Байдэн ясна даў зразумець Пуціну, што Вашынгтон і яго саюзьнікі хутка і рашуча адкажуць, калі Масква эскалюе сытуацыю з Украінай. «Далейшае ўварваньне выкліча масавыя чалавечыя пакуты і аслабіць аўтарытэт Расеі», — папярэдзіў прэзыдэнт ЗША.
Перагаворы адбыліся на фоне беспрэцэдэнтнага абвастрэньня сытуацыі вакол Украіны. Напярэдадні дарадца Байдэна па нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван заявіў на брыфінгу ў Белым доме, што Расея гатовая пачаць уварваньне на тэрыторыю Украіны падчас Алімпійскіх гульняў у Пэкіне, гэта значыць да 20 лютага.
Кіраўніцтва ЗША рэкамэндавала ў пятніцу грамадзянам пакінуць Украіну на працягу найбліжэйшых 48 гадзін. Аналягічныя рэкамэндацыі выпусьцілі Японія, Вялікабрытанія і шэраг краін Эўразьвязу, Аўстралія, Канада, Марока, усяго 26 краін. Вялікабрытанія эвакуюе з Украіны вайсковых інструктараў, перадае газэта The Guardian. Дзярждэпартамэнт ЗША і расейскае МЗС даручылі пакінуць краіну часткі супрацоўнікаў дыпляматычных місій.