«У сваіх інфармацыйных паведамленьнях дадзеная грамадзкая арганізацыя публічна выказвае ідэю па падтрымцы сярод людзей пратэставай актыўнасьці, пры гэтым выкарыстоўваючы фразу „Птушкі з народам“», — гаворыцца ў паведамленьні Мін’юста.
Далей дзяржаўны орган піша, што «Ахова птушак» пад выглядам валянтэрства па ратаваньні птушак «зьдзяйсьняе экстрэмісцкую дзейнасьць, накіраваную на дэстабілізацыю грамадзка-палітычнай абстаноўкі ў краіне».
У арганізацыі больш за 7 тысяч сяброў, каля 25 тысяч валянтэраў.
Першае дасудовае паседжаньне адбудзецца 1 сакавіка ў памяшканьні Вярхоўнага суду.
Свабода ўспамінае тыя мерапрыемствы, якімі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» запомнілася і была карыснай грамадзтву і дзяржаве.
Пачатак бярэ яшчэ ў СССР
Карані арганізацыі бяруць пачатак у 1985 годзе, калі ў БССР было заснаванае аддзяленьне Ўсесаюзнага арніталягічнага таварыства. Працягнулася праца ўжо ў незалежнай Беларусі.
А ў красавіку 1998 году прайшоў устаноўчы зьезд «Аховы птушак Беларусі» (у 2006-м арганізацыя была вымушаная замяніць у назьве «Беларусь» на «Бацькаўшчыну»).
Тураўскі луг, які АПБ атрымала ў арэнду ад дзяржавы
Тураўскі луг — гэта вялізны поплаў у Жыткавіцкім раёне. На 140 гектарах тут жыве больш за 50 відаў птушак.
У 2014 годзе арнітолягі зафіксавалі на гэтай тэрыторыі абсалютны рэкорд па колькасьці птушак — каля 200 тысяч на адзін квадратны кілямэтар. Гэта заказьнік мясцовага значэньня.
Галоўнай адметнасьцю Тураўскага лугу сталі кулікі, тут іх найбольшая папуляцыя ў Беларусі, тут жа іх кальцуюць. Тут адбываўся вядомы на ўсю краіну «Фэст кулікоў».
АПБ дамовілася зь дзяржаўнымі ўладамі, каб атрымаць Тураўскі луг у арэнду, дасьледаваць папуляцыі птушак. У 2018 годзе арэнду працягнулі яшчэ на 10 гадоў. Што будзе далей з гэтай тэрыторыяй, калі «Аховы птушак» ня стане, незразумела.
Захаваньне ляндшафту Палесься
Вялізны праект, які рэалізоўвала АПБ, — гэта «Палесьсе — дзікая прырода бязь межаў». Ён быў зарэгістраваны пры Кіраўніцтве спраў прэзыдэнта.
У рамках праекту ўдалося пашырыць тэрыторыю заказьніку «Альманскія балоты» на 10 тысяч гектараў. Самі ахоўнікі прыроды пісалі, што цяпер заказьнік стаў памерам з Ганконг, на яго тэрыторыі — самае вялікае некранутае балота Эўропы.
Менавіта АПБ прасоўвала ідэю аднаўленьня балотных ляндшафтаў Палесься. Удалося дабіцца забалочваньня 17 тысяч гектараў тарфянікаў.
Тут жа адбываўся праект па вывучэньні міграцыі вялікага арляца. Гэта від птушак, які зьнікае, і адказы на пытаньні пра міграцыю арляца могуць дапамагчы ў захаваньні птушкі ў будучыні.
Усе гэтыя праекты рэалізоўваліся сумесна зь Міністэрствам аховы прыроды і навакольнага асяродзьдзя.
Таксама вялікая праграма рэалізуецца па захаваньні ляндшафту Белавескай пушчы.
А што птушкі?
Дубальты — гэта невялікія птушкі (каля 24 см, вагою 130–230 грамаў) зь сямейства бакасавых, у Эўропе яны на мяжы зьнікненьня. Папуляцыя скарачаецца, бо ўсё менш паплавоў, дзе птушкі могуць харчавацца. Плюс да ўсяго іх часта блытаюць з бакасамі, на якіх паляваньне дазволенае.
Пытаньнем захаваньня дубальта АПБ займаецца сумесна з Франкфурцкім заалягічным таварыствам і Фондам Рафарда. Пакуль статыстычных дадзеных па дубальце ўсё яшчэ мала, каб выпрацаваць стратэгію захаваньня віду, таму важна было б працягваць працу ў гэтым кірунку.
Быў таксама ня менш значны праект па абароне вальдшнэпаў.
АПБ пастаянна займаецца маніторынгам і звычайных відаў птушак у Беларусі. Многія дадзеныя вас могуць зьдзівіць. Напрыклад, за апошнія 40 гадоў у Эўропе на 70% зьнізілася папуляцыя шпакоў, на 55% — кнігавак, на 47% чыжоў.
Затое, наадварот, вырасла колькасьць: шэрых журавоў (513%), удодаў (244%), крумкачоў (118%), дзятлаў (103%).
У гэтым маніторынгу АПБ дапамагаюць тысячы валянтэраў па ўсёй краіне.
Сусьлікі і ласось
Нягледзячы на назву, «Ахова птушак Бацькаўшчыны» займаецца і іншымі відамі жывёл.
З ініцыятывы арыштаванага ў верасьні 2021 (абвінавачаны па артыкуле 342 КК «Арганізацыя ці ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) былога дырэктара АПБ Віктара Фенчука быў запушчаны «Воўчы блог», каб падтрымаць гэты від. У АПБ лічаць, што ваўкоў вельмі часта несправядліва абвінавачваюць у многіх злачынствах, якіх жывёла і блізка ня робіць. Арганізацыя ставіла амбітную задачу зьмяніць стаўленьне да ваўкоў у грамадзтве.
Разам зь Мінпрыроды АПБ рэалізоўвала праект захаваньня ў жывой прыродзе такіх грызуноў, як сусьлікі, хамякі і вавёркі-ляцягі. Усіх іх практычна не засталося на тэрыторыі Беларусі, хоць раней гэта былі досыць звычайныя віды фаўны.
Даўняя праграма АПБ — вартаваньне ласося ў рэках Астравецкага раёну, куды рыба прыходзіць на нераст. Тое самае тычыцца і эўрапейскага вугра.
У выпадку закрыцьця «Аховы птушак Бацькаўшчыны» ўсе праекты чакае няясная будучыня і магчымае закрыцьцё. Унутры арганізацыі няма адказу на пытаньне, ці зможа хтосьці ўзяць на сябе рэалізацыю гэтых і многіх іншых праграм.