Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамога за тры-чатыры дні і саюз ад Карпатаў да Паміра. Лукашэнка агучвае патаемныя жаданьні Пуціна?


Ілюстрацыйнае фота. Ўладзімір Пуцін назірае за вайсковымі вучэньнямі ў Расеі, 2018 год
Ілюстрацыйнае фота. Ўладзімір Пуцін назірае за вайсковымі вучэньнямі ў Расеі, 2018 год

Што гэта: вялікая містыфікацыя і маштабная спроба шантажу? Ці нас сапраўды чакае вялікая вайна? Растлумачыць паводзіны Крамля толькі рацыянальнымі прагматычнымі матывамі немагчыма. Калі кіравацца выключна цьвярозымі разьлікамі, то як можна распачынаць агрэсію, вынікам якой амаль са 100-працэнтнай верагоднасьцю стануць вялізныя чалавечыя ахвяры, цяжкія эканамічныя наступствы для ўласнай краіны і — няпэўная ўласная палітычная будучыня? Але хто ж ведае, што ў галаве ў Пуціна?

«Ідзіце з тым, з чым прыйшлі»

Ёсьць пытаньні, на якія дагэтуль няма пэўнага адказу. Чаму Пуцін акупаваў і анэксаваў Крым, але не зрабіў тое ж з украінскім Данбасам? Ніякіх відавочных перашкодаў для гэтага ў 2014 годзе для яго як быццам не было. Заходнія санкцыі пагражалі прыблізна аднолькавыя. А пашырыць фэдэрацыю ажно на тры правінцыі — гэта значна больш прыкметны заваёўніцкі ўнёсак і імпэрскі сьлед у гісторыі, чым абмежавацца толькі Крымам.

У сувязі з гэтым зьвярнуў бы ўвагу на артыкул Пуціна «Пра гістарычнае адзінства расейцаў і ўкраінцаў», апублікаваны 12 ліпеня мінулага года. Ці ня ў ім адказ на пытаньне пра тое, чаму ў 2014-м адбылося тое, што адбылося? А таксама прыблізныя абрысы будучыні, якая можа чакаць і Ўкраіну, і Беларусь, і іншыя постсавецкія краіны.

Асуджаючы бальшавікоў і Леніна за тое, што ў выніку іхнай нацыянальнай палітыкі «Расея фактычна была абрабаваная», Пуцін так выказвае сваё стаўленьне да новых постсавецкіх дзяржаў:

«Хочаце стварыць уласную дзяржаву? Калі ласка! Але на якіх умовах? Нагадаю тут ацэнку, якую даў адзін з самых яркіх палітычных дзеячаў новай Расеі, першы мэр Санкт-Пецярбурга А. Сабчак. Як высокапрафэсійны юрыст ён лічыў, што любое рашэньне павінна быць легітымным, і таму ў 1992 годзе выказаў наступную думку: рэспублікі — заснавальніцы Саюзу, пасьля таго як яны самі ж анулявалі Дамову 1922 году, павінны вярнуцца ў тыя межы, у якіх яны ўступілі ў склад Саюзу. Усе ж астатнія тэрытарыяльныя набыткі — гэта прадмет для абмеркаваньня, перамоў, таму што анулявана аснова. Іншымі словамі — ідзіце з тым, з чым прышлі. З такой лёгікай цяжка спрачацца».

Адметны факт: тое, што адбылося з фактычным перакройваньнем украінскіх межаў у 2014-м, дакладна адпавядае гэтаму пуцінскаму тэзісу. Паўднёвыя межы Ўкраіны ён прывёў у адпаведнасьць з мапай СССР 1922 году, на якой Крым — аўтаномная рэспубліка ў складзе РСФСР. Менавіта так: Крым забраў, Данбас — не. Апошні быў у складзе Украіны падчас уступленьня яе ў СССР у 1922 годзе. Пуцін адукацыяй правазнаўца і, як правіла, падводзіць пад свае рашэньні юрыдычную базу. Хоць часам і вельмі своеасаблівым чынам.

Беларусь у тым пуцінскім артыкуле амаль ня згадваецца. Хоць, калі б дайшла справа да рэалізацыі пуцінскага прынцыпу «разьмежаваньня» адносна Беларусі, наступствы для яе маглі б быць фатальнымі.

Справа ў тым, што БССР узору сьнежня 1922 году — гэта ўсяго 6 паветаў колішняй Менскай губэрні, 52,3 тыс. кв. км. Гэта плошча, у 6 разоў меншая за плошчу Савецкай Беларусі ўзору 1919 году і ў чатыры разы меншая за цяперашнюю тэрыторыю Рэспублікі Беларусі. У 1922-м пад Ракавам пачыналася Польшча, за Барысавам, на Бярэзіне — савецкая Расея. Віцебск, Магілёў, Гомель былі на той час у складзе РСФСР. У 1924-1926 гадах БССР здолела выпрасіць у Масквы вяртаньня значнай часткі беларускіх земляў: і тэрыторыя, і насельніцтва яе павялічыліся ў выніку амаль утрая. Але адбылося гэта ўжо ў складзе СССР, дзякуючы спрыяньню Сталіна.

Калі абапірацца на пуцінскі прынцып «ідзіце з тым, з чым прышлі», дык тут у сучаснай Беларусі пры адпаведнай палітычнай волі Крамля могуць узьнікнуць вялікія праблемы. Як, зрэшты, і ў Казахстана, і ва ўсіх постсавецкіх краін Цэнтральнай Азіі. Яны на момант падпісаньня саюзнай дамовы ў 1922 годзе ўвогуле былі ў складзе РСФСР, на правах нацыянальных аўтаномій.

«Мядзьведзь ні ў кога дазволу пытацца ня будзе»

«Мядзьведзь ні ў кога дазволу пытацца ня будзе», — прамовіў Уладзімер Пуцін у 2014 годзе на Валдайскім форуме, неўзабаве пасьля анэксіі Крыму. З таго часу гэты афарызм мог бы стаць унівэрсальным тлумачэньнем вонкавай палітыкі пуцінскай Расеі.

Зусім магчыма, што Лукашэнка ў прыліве нястрымнага імпэту і жаданьня спадабацца суразмоўцу часам агучвае патаемныя пляны і жаданьні Пуціна. Згадайма хоць бы нядаўнія выказаныя расейскаму прапагандысту Салаўёву «прагнозы» Лукашэнкі адносна бліц-крыгу супраць Украіны: «Украіна ніколі з намі ня будзе ваяваць: гэта вайна працягнецца максымум тры-чатыры дні. Там ня будзе каму супраць нас ваяваць».

Пра магчымасьць атакі супраць Эўропы: «У Эўропе будзе прасьцей... Калі яны там разгорнуцца і перашлюць сюды нейкія войскі, мы ўжо будзем стаяць каля Ля-Манша». Альбо — бачаньне пэрспэктыў беларуска-расейскага саюза, да якога павінны далучыцца ледзь ня ўсе колішнія саюзныя рэспублікі: і Казахстан («для яго быў добры ўрок»); і Ўкраіна («калі не наробім памылак»; і Закаўказьзе («Армэніі падзецца няма куды. Вы думаеце, яны камусьці патрэбны?»); і Цэнтральная Азія («Туркмэністан, Узбэкістан і Таджыкістан у сілу эканамічнай неабходнасьці далучацца»). Ці не пра гэта гаварылі Лукашэнка і Пуцін падчас сваіх шматгадзінных і шматдзённых фармальных і нефармальных размоў на яхтах, у лазьнях і на лядовых арэнах на працягу апошніх двух гадоў?

Дарэчы, шчырыя прызнаньні Лукашэнкі ўжо выклікалі дыпляматычныя скандалы ў шэрагу сталіц тых краін, якім «няма куды падзецца». Але ж ці ўпершыню?..

Перамовы наконт будучыні Ўкраіны з высокапастаўленымі візытэрамі з Захаду Пуцін звычайна вядзе ў сваім бела-зялёным прадстаўнічым кабінэце першага корпусу Крамля, у Сэнацкім палацы. Там адбываліся, напрыклад, нядаўнія перамовы з прэзыдэнтам Францыі Макронам і вугорскім прэм’ерам Орбанам.

Памяшканьне адметнае тым, што ў чатырох кутках яго — чатыры высокія бронзавыя скульптуры расейскіх імпэратараў XVII-XIX стагодзьдзяў: Пятра І, Кацярыны ІІ, Мікалая І і Аляксандра ІІ. Імпэратараў у Расеі было нямала, а вось імпэратараў-заваёўнікаў, якія б значна пашырылі межы імпэрыі, заняволілі іншыя народы і тым упісалі сваё імя ў гісторыю, ня так і шмат. Усе яны, нібы цені мінуўшчыны, у выглядзе бронзавых скульптур схіляюцца цяпер над постацьцю Пуціна, які вядзе расейскі карабель у цьмяную невядомую будучыню. І мала ў каго ўзьнікаюць пытаньні, на якія гістарычныя ўзоры ў сваёй палітыцы ён арыентуецца.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG