Па ацэнках вайскоўцаў і выведкі ЗША, на якія спасылаецца тэлекампанія NBC, якую цытуе «Голас Амэрыкі», магчымыя страты сярод цывільных могуць дасягнуць 50 тысяч забітых і параненых
У выпадку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну расейскія вайскоўцы могуць выкарыстоўваць дзевяць розных маршрутаў, паведаміла тэлекампанія NBC News, спасылаючыся на ацэнкі амэрыканскіх вайскоўцаў і выведкі.
Расейскія танкі могуць дайсьці да Кіева за 48 гадзін, адзначыла тэлекампанія.
У паведамленьні гаворыцца, што Масква ўжо разгарнула каля 100 са 168 сваіх батальённых тактычных груп, кожная зь якіх складаецца з 800-900 вайскоўцаў, і з кожным днём іх становіцца ўсё больш.
Паводле гэтых ацэнак, прэзыдэнт Уладзімір Пуцін накіраваў у рэгіён асабовы склад і тэхніку шасьці падразьдзяленьняў спэцназу, кожнае зь якіх складаецца з 250-300 элітных байцоў.
Два самыя маштабныя сцэнары ўварваньня мяркуюць адначасовую атаку зь некалькіх бакоў, манэўр вядомы як «абцугі», або падвойны ахоп, паведаміла NBC News.
Паводле аднаго з падыходаў, расейскія вайскоўцы захопяць большую частку ўкраінскай тэрыторыі на ўсход ад Дняпра, дзе знаходзіцца каля 50 працэнтаў украінскіх Узброеных сіл, у тым ліку найбольш баяздольныя падразьдзяленьні, гаворыцца ў паведамленьні.
Расейскія танкі і мэханізаваныя часткі перасякуць мяжу Ўкраіны і рушаць да Палтавы і Харкава, акружаючы гарады па меры прасоўваньня да ракі Дняпро. Сухапутныя войскі будуць наступаць па трох кірунках з Данбасу, рухаючыся на поўдзень да Крыма і захопліваючы ўзьбярэжжа ўздоўж Азоўскага мора.
Расейскія вайсковыя верталёты будуць адначасова падтрымліваць паветраны напад з анэксаванага Крыма, гаворыцца ў паведамленьні.
Гэты варыянт таксама можа ўключаць высадку дэсанту для захопу ўзьбярэжжа Чорнага мора, а таксама перакідваньне авіяцыі і сухапутных падразьдзяленьняў з Адэсы ў Малдову для стварэньня сухапутнага калідора ўздоўж Чорнага мора, адзначыла NBC News.
Расея ўжо разьмясьціла ля берагоў Украіны падводныя лодкі і пяць дэсантных караблёў з батальёнамі марской пяхоты. Яшчэ шэсьць, паводле ацэнкі, могуць прыбыць туды празь некалькі дзён, паведаміла тэлекампанія.
Яшчэ больш агрэсіўны варыянт прадугледжвае яшчэ два маршруты атакі з поўначы для акружэньня Кіева. Ён уключае выкарыстаньне артылерыйскага агню, сродкаў радыёэлектроннай барацьбы і магчымае прасоўваньне наземных войскаў на поўдзень зь Беларусі да Жытоміра і на ўсход да Кіева, паведаміла NBC News.
Згодна з ацэнкамі, пры добрым стане дарог у гэтым раёне расейскія танкі і вайсковая тэхніка могуць апынуцца на подступах да Кіева за два дні, паведаміла тэлекампанія.
Расейскія вайскоўцы разьмясьцілі ў Беларусі дзьве сучасныя сыстэмы СПА С-400, якія забясьпечаць ім перавагу ў паветры над значнай часткай тэрыторыі краіны з магчымасьцю перахопу самалётаў і ракет, паведаміла NBC News.
Абедзьве атакі адкрыюцца масіраваным ударам артылерыі, балістычных ракет сярэдняй далёкасьці і бамбавікоў. Імаверна, ён будзе ажыцьцёўлены ноччу і накіраваны на склады боепрыпасаў, радыёлякацыйныя станцыі, авіяцыю і сыстэмы СПА, а таксама іншыя крытычна важныя ваенныя аб’екты Ўкраіны, паведаміла тэлекампанія.
Расея паспрабуе пазбавіць Украіну магчымасьці абараняцца ў першыя гадзіны, гаворыцца ў ацэнцы. Яна ажыцьцявіць кібератакі і задзейнічае сродкі радыёэлектроннай барацьбы (глушэньня), каб парушыць сувязь паміж украінскімі вайсковымі падразьдзяленьнямі, разьмешчанымі ў розных частках краіны.
Ацэнка зьмяшчае змрочныя прагнозы магчымых страт сярод цывільнага насельніцтва ў выпадку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня, да 50 тысяч забітых і параненых, паведаміла NBC News.
Зь сярэдзіны студзеня Расея актыўна перакідала ў Беларусь войскі і вайсковую тэхніку, у тым ліку дывізіён зэнітных ракетна-гарматных комплексаў «Панцыр-С», шматмэтавыя зьнішчальнікі Су-35С, штурмавікі Су-25СМ, зэнітны ракетны комплекс С-400 «Трыумф», комплексы «Іскандэры» і іншае ўзбраеньне.
У ЗША і краінах Эз асьцерагаюцца, што нейкая частка расейскіх войскаў застанецца ў Беларусі. Прадстаўнікі беларускіх і расейскіх уладаў сьцьвярджаюць, што пасьля вучэньняў усе войскі вернуцца ў месцы сталай дыслякацыі.
Дзярждэпартамэнт ЗША таксама выказаў асьцярогу, што Расея можа выкарыстоўваць войскі, якія разьмяшчаюцца ў Беларусі, для нападу на Ўкраіну з поўначы. Начальнік Генштаба ВС Беларусі Віктар Гулевіч раней паведаміў, што вучэньні «носяць абарончы характар» і не нясуць ніякай пагрозы «ні для эўрапейскай супольнасьці ў цэлым, ні для суседніх краін у прыватнасьці».
Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.