Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз вядзе перамовы з ЗША, Катарам, Нарвэгіяй і краінамі Паўночнай Афрыкі аб павелічэньні паставак газу, каб зьменшыць расейскі ўплыў


Жузэп Бурэль
Жузэп Бурэль

На тле крызісу, выкліканага ваеннай эскаляцыяй Расеі каля Ўкраіны, ЭЗ актыўна шукае альтэрнатыўныя крыніцы газу ў выпадку скарачэньня або спыненьня паставак з Расеі.

Пра гэта ў Вашынгтоне падчас дыскусіі ў «Размовах Жана Манэ» пад эгідай амбасады Францыі і Атлянтычнай рады паведаміў вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу Жузэп Бурэль, выступ апублікаваў сайт Эўрапейскай камісіі.

Адказваючы на пытаньне аб рэакцыі, калі Расея ў выніку санкцый спыніць пастаўкі газу ў ЭЗ у сярэдзіне зімы, Бурэль назваў сытуацыю «гіпатэтычнай», але прызнаў значную залежнасьць Эўразьвязу ад расейскага газу.

«Гэта праўда, што мы вельмі залежныя ад расейскага газу... Таму мы шукаем альтэрнатыўных пастаўшчыкоў».

У гэтым кантэксьце ён згадаў ЗША, Катар, Нарвэгію і краіны Паўночнай Афрыкі, зь якімі Эўразьвяз вядзе перамовы аб павелічэньні паставак газу.

«Я ня думаю, што Расея на 100% спыніць пастаўкі газу, але мы можам сутыкнуцца з сытуацыяй, калі аб’ёмы газу будуць скарачацца і спатрэбяцца іншыя крыніцы. Трэба таксама ўлічваць той факт, што 30% газасховішчаў у Эўропе належаць „Газпрому“, які не прыкладае значных намаганьняў для поўнага папаўненьня гэтых запасаў», — сказаў Бурэль.

Ён дадаў, што ЭЗ можа сумесна закупляць газ на карысьць дзяржаў-сяброў і выкарыстоўваць існую трубаправодную інфраструктуру ў адваротным кірунку для павышэньня іх энэргетычнай устойлівасьці. Эўрапейская камісія прапанавала стварыць сумесны стратэгічны запас газу Эўразьвязу, але пытаньне застаецца на стадыі перамоў.

Жузэп Бурэль знаходзіцца зь візытам у Вашынгтоне, дзе прайшло пасяджэньне Энэргетычнай рады ЗША-ЭЗ з удзелам дзяржсакратара Энтані Блінкена. Бакі абмеркавалі спосабы рэагаваньня на рызыкі ў бясьпецы ў сувязі з ваеннай эскаляцыяй з боку Масквы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG