Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што 5 гадзін гаварылі Пуцін з Макронам у Маскве


Падчас брыфінгу па выніках сустрэчы
Падчас брыфінгу па выніках сустрэчы

У Маскве завяршыліся перамовы прэзыдэнтаў Расеі і Францыі Уладзіміра Пуціна і Эманюэля Макрона, якія доўжыліся больш за пяць гадзін. Пераважна яны былі прысьвечаныя сытуацыі вакол Украіны і запатрабаваным Масквой гарантыям бясьпекі з боку NATO.

Уладзімір Пуцін назваў сустрэчу карыснай і зьмястоўнай, адзначыўшы, што некаторыя ідэі Эманюэля Макрона могуць легчы ў аснову далейшых сумесных крокаў для забесьпячэньня гарантый, якія будуць зроблены ў наступныя дні. Лідэры дамовіліся стэлефанавацца пасьля візыту Макрона ў Кіеў, паездка прызначаная на аўторак.

Пуцін некалькі разоў падкрэсьліў, што ўступленьне Ўкраіны ў NATO можа ў пэрспэктыве азначаць поўнамаштабную вайну ў Эўропе. Паводле расейскага прэзыдэнта, Паўночнаатлянтычны альянс вызначае Расею як праціўніка, а ўступленьне Ўкраіны ў NATO і спробы вярнуць кантроль над Крымам аўтаматычна ўцягнуць эўрапейскія краіны ў ваенны канфлікт з Расеяй — бо яны вымушаныя будуць уступіцца за саюзьніка.

Уладзімір Пуцін запэўніў, што Масква «зробіць усё для пошуку кампрамісу, які задаволіць кожны з бакоў».

Прэзыдэнт Францыі ў сваю чаргу зазначыў, што погляды Пуціна ў асобных пытаньнях адрозьніваюцца ад пазыцыі краін ЭЗ. У прыватнасьці, Макрон лічыць палітыку «адчыненых дзьвярэй» NATO неабходнай для існаваньня арганізацыі, а стварэньне так званай новай архітэктуры бясьпекі ў Эўропе, паводле яго, ня можа ігнараваць права кожнай асобнай краіны на сяброўства ў NATO. Акрамя таго, праца над новымі гарантыямі бясьпекі ня можа весьціся ва ўмовах невыкананьня старых дамоваў, адзначыў Макрон.

Ён таксама сказаў, што перамовы з Пуціным не азначаюць ужо гатовых дамоўленасьцяў аб чым-небудзь, але прэзыдэнт Францыі рады, што дыялёг увогуле пачаўся. Сярод прапаноў, якія абмяркоўваліся, Макрон пералічыў агульнае для Расеі і Захаду абяцаньне не пачынаць новых ваенных дзеяньняў, запуск новага стратэгічнага дыялёгу і намаганьні для адраджэньня працэсу ўрэгуляваньня канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

  • Макрон за апошні тыдзень тройчы размаўляў па тэлефоне з Пуціным як пра сытуацыю вакол Украіны, так і пра расейскія патрабаваньні так званых гарантый бясьпекі. У аўторак францускі лідэр прыбывае зь візытам у Кіеў.
  • Напярэдадні з візытам у ЗША прыбыў канцлер Нямеччыны Оляф Шольц. Чакаецца, што на наступным тыдні нямецкі лідэр наведае Кіеў, а потым — Маскву.
  • Францыя і Нямеччына, нароўні з Расеяй і Ўкраінай, зьяўляюцца ўдзельнікамі так званага «нармандзкага фармату», у якім абмяркоўваецца мірнае ўрэгуляваньне канфлікту ў Данбасе. Гэтыя 4 краіны, у прыватнасьці, падпісалі Менскія пагадненьні, якія лічацца асновай для ўрэгуляваньня, хаця бакі па-рознаму падыходзяць да трактоўкі шэрагу іх палажэньняў.

Пагроза нападу Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG