Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ня веру ў спантанныя цуды». Прэзыдэнты Расеі і Францыі правялі перамовы ў Маскве


Уладзімір Пуцін і Эманюэль Макрон, Масква, 7 лютага 2022 г.
Уладзімір Пуцін і Эманюэль Макрон, Масква, 7 лютага 2022 г.

У панядзелак, 7 лютага, актывізаваліся міжнародныя намаганьні па ўрэгуляваньні крызісу вакол сытуацыі на мяжы Ўкраіны. Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон правёў перамовы ў Маскве, а канцлер Нямеччыны Оляф Шольц — у Вашынгтоне. Перамовы адбываліся на фоне ўзмацненьня пагрозы расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у Крамлі Эманюэль Макрон заклікаў да дээскаляцыі сытуацыі. «Патрэбен дыялёг — таму што гэта, на мой погляд, адзінае, што дапаможа выбудаваць падмурак для бясьпекі і стабільнасьці на эўрапейскім кантынэнце», — падкрэсьліў Макрон, дадаўшы, што ён «рады магчымасьці сур’ёзнай дыскусіі па гэтых пытаньнях», каб «пачаць працаваць над эфэктыўным адказам».

Пуцін, у сваю чаргу, вітаў ролю Францыі ў фармаваньні эўрапейскай бясьпекі, а таксама адзначыў, што перамовы адбыліся менавіта ў той дзень, калі Расея і Францыя падпісалі дамову аб сяброўстве 30 гадоў таму.

«Я разумею, што мы абодва падзяляем занепакоенасьць з нагоды таго, што адбываецца ў Эўропе ў сфэры бясьпекі», — сказаў Пуцін Макрону, дадаўшы, што шануе намаганьні францускага калегі, накіраваныя на забесьпячэньне «роўнай бясьпекі ў Эўропе» і на пасярэдніцтва ва ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу.

Як паведаміў Белы дом, Макрон, які ў аўторак 8 лютага накіруецца ва Ўкраіну, у мінулую нядзелю пагаварыў праз тэлефон з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам, абмеркаваўшы зь ім «дыпляматычныя намаганьні па стрымліваньні» (Расеі. — «Голас Амэрыкі»).

Перад сустрэчай з Пуціным Макрон заявіў: «Я ня веру ў спантанныя цуды».

У сваім інтэрвію францускай газэце Journal du Dimanche Макрон сказаў, што «бясьпека і сувэрэнітэт Украіны, як і любой іншай эўрапейскай дзяржавы, ня могуць быць прадметам кампрамісу, у той час як Расея мае права паставіць пытаньне аб уласнай бясьпецы». Макрон дадаў, што, на яго думку, «відавочна, што геапалітычная мэта Расеі цяпер не Ўкраіна, а ўдакладненьне правілаў яе суіснаваньня з NATO і ЭЗ».

Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў назваў візыт прэзыдэнта Макрона «вельмі важным», адзначыўшы, аднак, што варта прыцішыць чаканьні, бо «сытуацыя занадта складаная, каб чакаць пералому падчас адной сустрэчы», а таксама падкрэсьліўшы, што атмасфэра застаецца «напружанай».

У працяг глябальных дыпляматычных намаганьняў па ўрэгуляваньні ўкраінскай сытуацыі Оляф Шольц сустрэнецца з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам у панядзелак, 7 лютага, у Вашынгтоне, пасьля чаго накіруецца ў Кіеў і Маскву.

Чакаецца, што Байдэн і Шольц абмяркуюць сытуацыю з расейскім газаправодам «Паўночны паток-2». Гэта будзе іх першая асабістая сустрэча пасьля таго, як Шольц узначаліў урад Нямеччыны каля двух месяцаў таму.

Дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван у мінулую нядзелю зноў заявіў, што газаправод «Паўночны паток – 2» ня будзе запушчаны, калі Расея нападзе на Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG