- Андрэй Любецкі — вядомы сківічны хірург зь Менску, які праводзіў унікальныя апэрацыі — плястыку расколін паднябеньня і твару. Да таго як перайсьці ў прыватную практыку, амаль 18 гадоў працаваў у 4-й дзіцячай лякарні. На розных беларускіх мэдычных сайтах па-ранейшаму можна знайсьці інфармацыю пра Андрэя Любецкага як пра вельмі аўтарытэтнага лекара, а таксама пачытаць водгукі пацыентаў пра доктара, які цяпер сядзіць у сьледчым ізалятары № 1 на Валадарскага.
- Жонка Андрэя Натальля Любецкая — стаматоляг. Яна страціла працу пасьля сюжэту на АНТ, дзе расказвалі пра яе дапамогу Ігару Макару. Пасьля затрыманьня і допытаў у КДБ Натальля разам з чатырма дзецьмі зьехала за мяжу, а Андрэй застаўся ў Беларусі. Неўзабаве яго затрымалі. Натальля дзеля бясьпекі цяпер пазьбягае кантактаў з прэсай.
Пад шэфствам нямецкага доктара, дэпутата Бундэстагу
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», Андрэю Любецкаму выстаўленыя абвінавачаньні паводле трох артыкулаў Крымінальнага Кодэксу (удзел у масавых беспарадках; арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх; абраза прэзыдэнта Беларусі).
Шэфства над палітвязьнем узяў доктар Армін Граў, дэпутат нямецкага Бундэстагу ад «зялёных», які выказаў салідарнасьць з Андрэем Любецкім і патрабуе яго неадкладнага вызваленьня:
«Андрэй Любецкі рэалізаваў свае грамадзянскія правы, у тым ліку права на свабоду слова ў несвабоднай краіне. За гэта ён адседзеў за кратамі больш за паўгода (зварот быў у сьнежні 2021. — РС), а судовы працэс дагэтуль не распачаты. Яго абвінавачваюць у „абразе прэзыдэнта“. Але гэта прэзыдэнт Беларусі заняволіў і абражае свой народ. Я таксама доктар, як Андрэй Любецкі, і я захапляюся яго мужнасьцю», — напісаў Армін Граў у сьнежні 2021 году. Дарэчы, адна з навуковых працаў доктара-дэпутата, які ўзяў шэфства над сківічным хірургам, прысьвечаная лячэньню парадонту.
Любецкі як мэдык быў валянтэрам ля турмы на Акрэсьціна падчас пратэстаў пасьля выбараў 9 жніўня 2020 году. У кастрычніку 2020 году ён правёў два дні за кратамі, быў аштрафаваны. Па словах доктара, пры затрыманьні яго білі прыкладам па галаве. У студзені 2021 году Любецкага звольнілі і адмаўляліся браць на працу нават у прыватныя клінікі.
Як Любецкі за кратамі дапамагаў складаць парады для перадачаў вязьням у СІЗА
Менская доктарка Вольга, звольненая з працы паводле сьпісаў спэцслужбаў, лістуецца з палітвязьнем Любецкім. Яна згадвае, як Андрэй дапамагаў ёй скласьці парады для перадачаў вязьням у СІЗА дзеля таго, каб зрабіць больш разнастайным харчаваньне вязьняў беларускіх турмаў і зьменшыць шкоду здароўю.
— Калі я пісала парады па харчаваньні, Андрэй ужо быў у турме. Я іх дасылала і Андрэю, і лекару Аляксандру Цялегу, каб яны напісалі свае думкі, такі «лекарскі позірк знутры». І я атрымала іх кансультацыю. Дарэчы, я атрымала парады ня толькі зьняволеных лекараў, але і атрымала ліст з меркаваньнем Максіма Знака на гэты конт.
Апошні ліст ад Андрэя Вольга атрымала 21 сьнежня. У ім палітвязень піша, што «даходзяць чуткі і пра звальненьні мэдыкаў, і пра затрыманьні назіральнікаў на мінулых выбарах. Але як па мне, то гэта працяг усё той жа агоніі. Усё незваротна».
Вольга згадвае, як пазнаёмілася з Андрэем Любецкім асабіста, калі прыйшла падтрымаць у суд яшчэ аднаго лекара.
— Да гэтага сустракала Андрэя на іншых мэдычных акцыях і чытала яго пасты ў фэйсбуку. Калі яго перавялі на Валадарку, Андрэй апынуўся ў адной камэры з Валянцінам Стэфановічам, сястра якога таксама мэдык, як зараз гавораць, «з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй». І ў лістах мы заўсёды абменьваліся прыветамі.
Вольга падзялілася са Свабодай некаторымі цытатамі зь лістоў Андрэя Любецкага.
Зь ліста за кастрычнік:
- «Ня ведаю, як можна камэнтаваць інфармацыю аб тым, што ты пазбавілася працы. Я думаю, што дзяржава робіць вялікую памылку, выганяючы мэдыкаў, выцясьняючы іх з краіны, саджаючы ў турмы. Ды і ня толькі мэдыкаў... Дзякуй вялікі за мову».
Зь ліста за лістапад:
- «Выдатна, што прайшла дэпрэсія. Я губляў працу двойчы, мяне двойчы выганялі. У 2016-м — зь лякарні, у 2021-м — з прыватнага цэнтру. І нічога. Усё да лепшага! Магчыма, яны і могуць прыйсьці за кожным, але толькі захлынуцца хадзіць за пераважнай большасьцю. Гэта важна — падсілкоўваць адзін аднаго энэргіяй. Сёньня нам напісаў былы сукамернік, што яму далі 3 гады хіміі. Ён — палітычны. Напісаў, што сумуе не па турме, па людзях. Тут выдатныя людзі...»
«Малюся і спадзяюся хутка дачакацца яго вызваленьня»
Спадарыня Марына — адна з многіх, хто піша лісты Андрэю Любецкаму. Яна пазнаёмілася з доктарам некалькі гадоў таму праз сацыяльныя сеткі, ён дапамог яе дзецям у пошуку дантыста-артадонта.
Марына напісала некалькі лістоў за краты, толькі на адзін зь іх прыйшоў адказ — паштоўка, у якой Андрэй віншуе яе з Новым годам:
— Андрэй Уладзімеравіч Любецкі — вельмі яркая, таленавітая асоба. Я напрасілася ў сябры да яго на яго старонцы ў ФБ. Была ўражаная яго аптымізмам, шчырасьцю. Калі пабачыла фоткі яго працы як доктара, проста мову адняло ад захапленьня! Ведаю, што ён дапамог шмат каму як унікальны спэцыяліст. Маім дзецям таксама дапамог знайсьці добрага дзіцячага артадонта. Была ўражаная яго ўчынкам, калі ён застаўся, не паляцеўшы разам зь сям’ёй за мяжу. Хвалююся вельмі за яго, за яго родных, малюся і спадзяюся хутка дачакацца яго вызваленьня.
«Клясычным доктарскім почыркам накідаў загадак на два аркушы»
Спадарыня Ганна напісала некалькі лістоў Андрэю Любецкаму ў вязьніцу, атрымала толькі адзін адказ напярэдадні новага 2022 году.
— Сваім клясычным доктарскім почыркам накідаў загадак на два аркушы :) Андрэй піша, што адказвае на ўсе-ўсе лісты... Жартуе, што некалькі разоў адзначаў Новы год у шпіталі, а ў турме не даводзілася, дык вось сёлета для разнастайнасьці сустрэне ў яе сьценах. Жыве ў рэжыме чаканьня, бо арышт працягнуты да 4 студзеня. (Далей быў працягнуты да 4 сакавіка. — РС) Усім дзякуе і перадае прывітаньні... Напісаў, што чытае «Фэрму» Оруэла. Цытую: «Гісторыя пра нас, пра РБ».
У лістах іншым людзям Андрэй Любецкі пісаў, што чытае таксама і «1984» Оруэла, што прывяло яго да наступнай высновы: «Урэшце, герархічнае грамадзтва грунтуецца толькі на галечы і невуцтве». Палітвязень пісаў, што зьбіраўся напісаць заяўку бібліятэкару на творы беларускіх пісьменьнікаў Віктара Марціновіча і Аляксандра Філіпенкі.
Як раней Андрэй расказваў у пісьмовым інтэрвію журналістам з-за кратаў, зь іншых заняткаў у яго — вывучэньне нямецкай мовы, прагулкі і спорт. Замест гантэляў палітвязень выкарыстоўвае торбы з цукрам і вадой.