Улады Беларусі змагаюцца з памяцьцю пра ахвяраў пратэстаў. «Экстрэмісцкімі» прызналі значкі з Аляксандрам Тарайкоўскім і Генадзем Шутавым і надпісам «Героі не паміраюць», піша «Эўрарадыё».
Таксама «экстрэмісцкім» суд Цэнтральнага раёну Гомлю прызнаў значок з надпісам «Быць дабру. Дапамога. Выратаваньне. Разам».
Жыхар Менску Аляксандар Тарайкоўскі загінуў падчас пасьлявыбарных пратэстаў у раёне станцыі мэтро «Пушкінская» ўвечары 10 жніўня. Праз год пасьля забойства вінаватыя ў ягонай сьмерці застаюцца невядомымі і беспакаранымі. Пры гэтым імя забітага стала вядомае толькі праз два дні пасьля гібелі. Пахавалі Тарайкоўскага на Заходніх могілках Менску. Стыхійны мэмарыял на месцы яго сьмерці неаднаразова зьнішчалі камунальныя службы. Надпісы «Не забудзем» на ходніках засыпалі сольлю, ставілі на месца стыхійнага мэмарыялу сьмецьцевы бак. Сама меней пяць чалавек асудзілі за аднаўленьне народнага мэмарыялу.
19 жніўня 2020 году ў менскім вайсковым шпіталі памёр берасьцеец Генадзь Шутаў. Яго 11 жніўня сьмяротна параніў вайсковец, капітан спэцназу Раман Гаўрылаў. Сьведку забойства, сябру Шутава Аляксандру Кардзюкову прысудзілі 10 гадоў калёніі за «спробу забойства сілавікоў». Апошніх жа прызналі пацярпелымі.
Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі
14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.
У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.
Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.
«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.
Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.
Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.
Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.
- Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
- Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
- Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
- Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.