На ім дзяржабвінавачваньне запатрабавала 9 гадоў пазбаўленьня волі для 15-гадовага Мікіты Ўварава, а для двух яго сяброў — Дзяніса Міхайленкі і Багдана Андрэева — 6 гадоў 6 месяцаў і 6 гадоў 5 месяцаў выхаваўчай калёніі. На ўсіх траіх таксама прапануецца накласьці штраф — па 50 тысячаў расейскіх рублёў (прыкладна па 650 даляраў), паведамляе «Новая газета».
Траіх школьнікаў — Міхайленку, Андрэева і Ўварава — затрымалі летам 2020 году за расклейваньне ўлётак у падтрымку арыштаванага асьпіранта Азата Міфтахава. Расьсьледуючы гэтую справу, супрацоўнікі ФСБ атрымалі доступ да чату, у якім школьнікі абмяркоўвалі анархізм і крытыкавалі спэцслужбы. Таксама сьледчыя выявілі, што падлеткі пабудавалі ў онлайн-гульні Minecraft «будынак ФСБ» і зьбіраліся яго «падарваць».
ФСБ сьцьвярджае, што школьнікі рыхтаваліся да рэальнай тэрарыстычнай дзейнасьці: вывучалі экстрэмісцкую літаратуру і праглядалі фільмы пра выраб выбухоўкі, а таксама адпрацоўвалі навыкі ў закінутых будынках і на пустках. Якія менавіта тэракты, акрамя «выбуху» у Minecraft, яны мелі намер учыніць — невядома.
У сакавіку летась Сьледчы камітэт Расеі спыніў справу супраць падлеткаў аб удзеле ў тэрарыстычнай супольнасьці. Сьледзтва палічыла, што ў іх дзеяньнях адсутнічае склад злачынства. Аднак у абвінавачаньні застаўся артыкул аб праходжаньні навучаньня для тэрарыстычнай дзейнасьці. Пасьля перакваліфікацыі справы падлеткаў адпусьцілі зь СІЗА, дзе яны правялі некалькі месяцаў.
Справа канскіх падлеткаў была ініцыяваная ФСБ пасьля справы аб стварэньні экстрэмісцкіх арганізацый — «Сеть» і «Новое величие», удзельнікі якіх, як сьцьвярджаецца, таксама рыхтавалі акты гвалту супраць прадстаўнікоў дзяржавы або выношвалі пляны перавароту. Абвінавачаныя, большасьць зь якіх — маладыя людзі ці падлеткі, былі асуджаныя па справе «Сети» і справе «Нового величия» на працяглыя тэрміны зьняволеньня. Самі абвінавачаныя называюць справы сфабрыкаванымі.