Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нічога не баіцца, акрамя Бога». Хто такі Алесь Пушкін, якога сёньня пачынаюць судзіць


Алесь Пушкін выйшаў з турмы на Акрэсьціна, жнівень 2020 году
Алесь Пушкін выйшаў з турмы на Акрэсьціна, жнівень 2020 году

Для Алеся Пушкіна 10 сакавіка пачынаецца ўжо трэці судовы працэс па крымінальным артыкуле. Цяпер яму пагражае да 12 гадоў турмы.

Працэс пачаўся аб 11-й у Менскім гарадзкім судзе ў адкрытым фармаце, але хутка яго зрабілі закрытым.

Вядомага беларускага мастака Алеся Пушкіна затрымалі 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы Кіраўскага раёну. Усё адбылося проста ў царкве, на рэстаўрацыі якой Пушкін працаваў. Да аб’екта прыехала група сілавікоў і запрасіла мастака ехаць зь імі. Калі Пушкін адмовіўся, яго проста вынесьлі з будынку на руках, а пасьля адправілі ў горадзенскую турму.

За чатыры дні да гэтага пракуратура Горадні завяла супраць Пушкіна крымінальную справу «за зьдзяйсьненьне наўмысных дзеяньняў, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму». У канцы сьнежня 2021 году да гэтага яшчэ дадаўся «зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў». Справу накіравалі ў суд. Артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх абвінавачваюць мастака, прадугледжваюць пазбаўленьне волі нават да 12 гадоў. Яшчэ нікому з сучасных беларускіх мастакоў не пагражала настолькі суворае пакараньне.

«Адзінкавыя прыклады, калі параўноўваць зь літаратарамі»

Мастацтвазнаўца і сябра Алеся Пушкіна Сяргей Харэўскі ў размове са Свабодай кажа, што крымінальны перасьлед мастакоў нават у беларускай гісторыі — справа даволі рэдкая. І ня толькі для сучаснай Беларусі, але нават для Беларусі пачатку XX стагодзьдзя.

«Пушкіна, здаецца, судзілі сама меней тры разы, — кажа Сяргей Харэўскі. — Але наагул мастакоў у Беларусі судзілі зусім ня часта. Ня толькі сучасных, а і ў гісторыі ў тым ліку. Адзінкавыя прыклады здараліся, калі параўноўваць з тымі ж літаратарамі».

Упершыню Алесь Пушкін стаў фігурантам адміністрацыйнай і крымінальнай справы яшчэ ў часы СССР. У 1988 годзе атрымаў 5 дзён арышту за тое, што заклікаў людзей выходзіць на «Дзяды».

Прээнтацыя выставы і альбома «Малюнкі з турмы» Алеся Пушкіна, 2019 год
Прээнтацыя выставы і альбома «Малюнкі з турмы» Алеся Пушкіна, 2019 год

Але ўпершыню за кратамі пабываў яшчэ раней — падчас службы мэханікам у верталётным палку ў Афганістане камандзір Пушкіна заўважыў у яго дзёньнік на беларускай мове і адправіў будучага мастака на 10 сутак гаўптвахты. Агулам на «губе» падчас службы ў Афганістане Алесь Пушкін правёў 28 сутак.

Менш як праз год пасьля гісторыі на «Дзяды», на 71-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР Пушкін намаляваў 12 плякатаў і раздаў іх удзельнікам шэсьця па тагачасным праспэкце Леніна. На адным з плякатаў разам з выявай сьцяга БССР узору 1951 году мастак напісаў: «Хопіць сацыялістычнай, адродзім народную Беларусь!». Зь ім Пушкін змог перайсьці скрыжаваньне ад будынку Тэатральнага інстытута (сучасная Акадэмія мастацтваў. — РС) да Дому друку, дзе яго затрымалі. За свой пэрформанс Пушкін атрымаў ад савецкага яшчэ правасудзьдзя два гады пазбаўленьня волі ўмоўна з адтэрміноўкай на пяць гадоў.

Наступны судовы працэс над Алесем Пушкіным прайшоў роўна празь дзесяць гадоў і займеў шырокі розгалас ня толькі ў мастацкіх колах. Першы тэрмін кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі паводле Канстытуцыі 1994 году канчаўся 21 ліпеня 1999-га. У гэты дзень Пушкін зьявіўся ля будынку Адміністрацыі з тачкай гною, у якую ўсадзіў драўляную таблічку з падзякай першаму прэзыдэнту: «За працу». Мастака тут жа схапілі міліцыянты, але ўжо празь некалькі гадзін адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Пазьней Пушкіна зноў асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна.

Алесь Пушкін на акцыі пратэсту, 27 жніўня 2020 году
Алесь Пушкін на акцыі пратэсту, 27 жніўня 2020 году

«Суткі» Пушкін атрымліваў перад выбарамі 2006 і 2010 гадоў. Пэрформанс, зладжаны ў чэрвені 2019 году на прыступках крамы «Эўраопт», скончыўся для мастака штрафам.

«Ён гадамі пасьлядоўна адстойваў сваю пазыцыю, — кажа мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. — Ён рабіў цэлыя выставы! У дзяржаўных установах у тым ліку. Мы таксама павінны аддаць належнае ягонай рашучасьці. Ён ведаў, што яго чакае, але сьвядома пакрочыў да гэтага. Уражвае!»

Сяргей Харэўскі мае на ўвазе тое, што Алесь Пушкін у сакавіку 2021 году вяртаўся з Кіева ў Беларусь, ужо ведаючы пра магчымы арышт. 26 сакавіка Генэральная пракуратура РБ абвесьціла пра завядзеньне супраць яго крымінальнай справы за дэманстрацыю на выставе ў Горадні партрэта антысавецкага падпольшчыка Яўгена Жыхара. Вылятаючы ў Менск з Кіева ўвечары таго ж дня, Пушкін ужо ведаў пра крымінальную справу, але ўсё ж вырашыў вярнуцца на радзіму, нягледзячы на ўгаворы кіеўскіх знаёмых.

«Застацца ў Кіеве Пушкіна прасіў міністар замежных спраў Украіны»

Мастак Андрэй Дурэйка, адзін з куратараў выставы «Кожны дзень», у якой Алесь Пушкін браў удзел у Кіеве, расказаў, што канчатковае рашэньне вярнуцца ў Беларусь Пушкін прымаў ужо ў аэрапорце.

«Была прапанова ад міністра замежных спраў Украіны застацца. Гэта здарылася ўжо ў апошні момант, проста ў аэрапорце, калі Алесь даведаўся пра крымінальную справу, — расказвае Андрэй Дурэйка. — З Алесем мы знаёмыя даўно, з 1992 году, калі не памыляюся. Як мастак-акцыяніст, як мастак, які працуе з палітычным кантэкстам, гэта адна з самых вядомых і яркіх асобаў сучаснага беларускага мастацтва. Яго ўплыў вельмі важны, у тым ліку і за межамі прафэсійнага мастацтва. Яго імя ня толькі ў беларускім кантэксьце вядомае, за мяжой таксама. Некаторыя яго творы, створаныя нават два дзясяткі гадоў таму, застаюцца актуальнымі і цяпер».

Алесь Пушкін выйшаў з турмы на Акрэсьціна і паказвае сьляды пабіцьця. Менск, 14 жніўня 2020
Алесь Пушкін выйшаў з турмы на Акрэсьціна і паказвае сьляды пабіцьця. Менск, 14 жніўня 2020

Андрэй Дурэйка дадае, што арышт і ўтрыманьне пад вартай Алеся Пушкіна цяжка адназначна назваць чарговым пэрформансам мастака. Пра гэта можна будзе меркаваць толькі тады, калі так выкажацца сам Пушкін. Пакуль мы ня можам даведацца ягоную думку.

«Алеся будуць судзіць за жывапіс, — зьвяртае ўвагу Андрэй Дурэйка. — За намаляваную выяву гістарычнай асобы. Не за што іншае, а менавіта за выяву. Няважна, як мы да яе ставімся, гэта толькі выява. Калі так, то што, усіх аўтараў партрэтаў Леніна і Сталіна судзіць? І гэтак далей, і гэтак далей? Гэта вельмі дзіўная рэч для мастацтва. У нашай краіне ж няма цэнзуры нібы. І тут абсурд на абсурдзе».

Андрэй Дурэйка дадае, што чарговая крымінальная справа Алеся Пушкіна можа стаць сыгналам для ўсяго беларускага мастацкага асяродзьдзя, спосабам яго запалохаць.

«Нічога не баіцца, акрамя Бога»

Мастак Генадзь Драздоў расказвае, што знае Алеся Пушкіна з 1988 году, калі разам зь ім вучыўся ў Акадэміі мастацтваў. З таго часу яны сябруюць.

«Алесь сябе не дакарае за тое, што вырашыў прыехаць тады з Кіева ў Беларусь, — кажа Драздоў. — Гэта да яго падобна абсалютна, мужны ўчынак. Беларусі гэтыя 27 гадоў і не было. Сапраўдных складнікаў дзяржаўнасьці не было і няма. Алесь бы не сядзеў моўчкі цяпер, калі б застаўся на волі. Як цяпер уся інтэлігенцыя сядзіць. Яе, па сутнасьці, ўжо няма, усе заціхарыліся. Ня ведаю, што адбываецца. А Алесь бы не маўчаў. Улады ведаюць гэта. Таму ўсе, хто не маўчаў, цяпер сядзяць».

Алесь Пушкін жанаты. Разам з жонкай Янінай яны маюць сына і дачку. Яніна працуе настаўніцай у школе, сын паступіў ва ўнівэрсытэт, дачка вучыцца ў школе. Сябры сям’і стараюцца дапамагаць ім, пакуль Алеся няма.

«Мы ліставаліся з Алесем, — расказвае Генадзь Драздоў. — Перад Новым годам ён мне даслаў паштоўку. Я яму адказаў, але больш нічога не прыйшло. Відаць, ён рыхтуецца да суду. Альбо мой ліст да яго не дайшоў, не прапусьцілі. Алесь пра сябе нічога ня піша. Пра побыт ці нешта іншае. Агульнафілязофскія разважаньні пераважна. Відаць, моцна цэнзура яго абмяжоўвае. Напісаў мне, што нічога ўжо не баіцца, акрамя Бога. Што звыкся са сваім станам, прывык да ладу жыцьця за кратамі».

Паштоўка жонцы ад мастака-палітвязьня Алеся Пушкіна з-за кратаў
Паштоўка жонцы ад мастака-палітвязьня Алеся Пушкіна з-за кратаў

Генадзь расказвае, што за ўвесь час, што Пушкін за кратамі, атрымаў ад яго толькі адзін ліст і паштоўку. Па словах мастака, родныя Пушкіна таксама маюць праблемы з атрыманьнем лістоў ад яго.

«Падтрымліваю сувязь з роднымі Алеся, — кажа Генадзь Драздоў. — Ягоны старэйшы сын Міколка — мой хрэсьнік, паступіў ва ўнівэрсытэт. Талковы хлопец. Да родных лісты таксама рэдка даходзяць. Стэлефаноўваюся зь яго жонкай Янінай. Яна кажа, што мала што ведае пра мужа цяпер. Ён ня піша падрабязнасьцяў пра тое, што зь ім адбываецца ў турме».

Як паведамілі Свабодзе родныя Алеся Пушкіна, яны амаль ня маюць інфармацыі пра ягоны стан. Адвакатка дала падпіску аб невыдаваньні і не раскрывае падрабязнасьцяў сьледзтва. Лістоў жонка і дзеці Пушкіна не атрымлівалі ад яго ўжо больш за тры месяцы, да іх даходзяць толькі паштоўкі.

«Нейкі вядзьмак, чарадзей»

Рэжысэрка і сцэнарыстка Вольга Прусак зьняла фільм «Новае неба над новай краінай», героем якога стаў Алесь Пушкін.

«Мы пазнаёміліся ў 2019 годзе, — расказвае Вольга. — Пушкін прыехаў у Віцебск на шпацыр. Віцебск для яго, вядома, такі важны горад, дзе шмат прыемнага было, яскравага — маладосьць, мастацтва, надзея, росквіт. Любіць ён Віцебск, і Віцебск любіць Пушкіна. Вось мне сказаў знаёмы — Пушкін едзе на шпацыр, будзе біяграфічную экскурсію ладзіць па дарагіх сэрцу мясьцінах і расказваць пра мастацтва, пра вольнае паветра, пра Віцебск 90-х. Кажа, можа паздымаеш, весела будзе, цікава».

Вольга прызнаецца, што цяпер ня можа глядзець гэты фільм. У той дзень да экскурсіі Пушкіна далучыліся каля 15 чалавек. На сьпіне ён нёс вялікую карціну, у руцэ маленькі бел-чырвона-белы сьцяжок. Цяпер у рэжысэркі гэтыя ўспаміны выклікаюць моцныя эмоцыі.

Хата Алеся Пушкіна ў вёсцы Бобр
Хата Алеся Пушкіна ў вёсцы Бобр

«Потым Пушкін кажа — прыяжджайце да мяне ў Бобр на Купальле, раз любіце кіно здымаць, — кажа Вольга. — Ну мы і паехалі. Там проста казка ў яго. Мы хадзілі як зачараваныя. За суткі зрабілі гэты прыгожы фільм. Я ня ведаю, ці адпавядае назва, але гэта яго словы, ён тады часта іх паўтараў, і яны гучалі як мантра. Я ім захаплялася ўсё больш, ён там на Купальлі быў быццам Пан, вакол якога ўсё квітнее, наліваецца жыцьцём, скачуць німфы і русалкі».

Вольга таксама згадвае пленэр, на які Алесь Пушкін сабраў моладзь — мастакоў і мастачак. Яго ён назваў «Зорка Вэнэра ўзышла над зямлёю», і ўсе ўдзельнікі павінны былі маляваць каханьне. Рэжысэрка прызнаецца: часта думала, быццам Алесь Пушкін — нейкі вядзьмак, чарадзей.

«Багата ёсьць вобразаў пераможцаў у той вайне, але пераможаных — няма»

Сваё стаўленьне да арышту Алесь Пушкін апісаў у лісьце з турмы, дасланым родным у жніўні 2021 году, празь пяць месяцаў пасьля арышту.

«Я напісаў партрэты Юркі Моніча, Лукаша Семянюка, Вінцэнта Гадлеўскага, Георгія Бортніка, Станіслава Булак-Булаховіча, Івана Шанько, Вацлава Ластоўскага, Расьціслава Лапіцкага, Тамары Чарамшагінай, Віталя Мікулы, Янкі Філістовіча, Васіля Супруна, Міхала Вітушкі, Усевалада Родзькі, Францішка Аляхновіча, Івана і Антона Луцкевічаў, Зоські Верас, Ларысы Геніюш, Васіля Быкава. Да гэтай сэрыі адносіцца і партрэт Яўгена Жыхара, які і выклікаў цяперашні мой перасьлед.

Ягоная постаць страшная сваім трагічным лёсам і выбраная мной як вобраз беларуса ў вайне 1939–1945 гадоў між Усходам і Захадам, між дзьвюма таталітарнымі сыстэмамі — савецкай і нямецкай. Вобразны строй гэтага партрэта адпаведны: загнаны і зацяты ў сваім упартым змаганьні беларускі хлопец з аўтаматам ППШ на адным плячы і філінам на другім. Багата ёсьць вобразаў пераможцаў у той вайне, але пераможаных — няма», — напісаў Алесь Пушкін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG