Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Просіць дасылаць свае фота, будзе маляваць партрэты». Ігар Лосік за кратамі 587 дзён


Лісты ад Ігара Лосіка жонцы Дар’і. Студзень 2021
Лісты ад Ігара Лосіка жонцы Дар’і. Студзень 2021

Пасьля прысуду Ігару Лосіку прайшло амаль два месяцы. Вынікі апэляцыі па-ранейшаму невядомыя.

У сераду 2 лютага жонка Ігара Дар’я Лосік атрымала чарговае спатканьне з мужам на тэрыторыі СІЗА.

«Так, мы сёньня змаглі пабачыцца зь Ігарам, — расказала Дар’я Лосік. — У яго сёньня быў добры настрой, у адрозьненьне ад мінулага разу. Спатканьне нармальна прайшло. Толькі што было на 15 хвілін карацейшае, чым звычайна. Ігара пазьней прывялі. Яго водзяць на спатканьне аднаго. Відаць, каб іншыя зьняволеныя не набраліся ад Ігара пратэставых флюідаў, іншых прычын я ня ведаю».

Дар’я расказвае, што Ігара цікавілі сямейныя асабістыя справы, гаварылі яны таксама пра апошнія навіны сьвету і Беларусі.

«Даволі пазытыўнае спатканьне атрымалася, — кажа Дар’я. — Ігар просіць пісаць у тым ліку людзей з-за мяжы. Бо пасьля абвяшчэньня прысуду пачалі даходзіць лісты лепш. У тым ліку замежныя. Да прысуду ніводзін ліст з-за мяжы не прайшоў, а цяпер ужо пачалі. Ігар расказаў, што атрымаў лісты ад людзей з Гішпаніі, Партугаліі, з ЗША. Таму пішыце. Ігар просіць дасылаць яму свае фатаздымкі, і ён будзе зь іх маляваць партрэты».

Па словах Дар’і, у СІЗА-3 Гомля шмат хто хварэе на каранавірус. Праз гэта ўзьніклі складанасьці з атрыманьнем кніг у бібліятэцы, а таксама марудней пачалі прыходзіць лісты. У камэры Ігара таксама некалькі чалавек хварэе, але ён пакуль сымптомаў каранавірусу на сабе не адчуў. Дар’я пракансультавалася зь лекарамі, якія лекі яму лепш перадаваць ад гастрыту і для паляпшэньня стану зубоў. Бліжэйшым часам яна зьбіраецца зрабіць яму мэдычную перадачу. На накіраваньне ў лякарню пакуль спадзявацца не выпадае.

«Пра сытуацыю з Расеяй і Ўкраінай таксама размаўлялі, — дадае Дар’я Лосік. — Пра вучэньні. Абмяркоўвалі „Беларуськалій“ таксама. Гэта асноўнае. Ігар скептычна ставіцца да таго, што Пуцін можа на дадзены момант напасьці на Ўкраіну. Гэта яго такая думка».

Дата разгляду скаргі на прысуд Ігару Лосіку і іншым фігурантам яго справы пакуль невядомая. Перавесьці ў калёнію яго могуць толькі пасьля завяршэньня гэтай працэдуры.

Ігара Лосіка затрымалі раніцай 25 чэрвеня 2020 году ў яго дома ў Баранавічах. Першыя тры дні трымалі ў ІЧУ на Акрэсьціна, затым ён зьмяніў тры турмы. У СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску выставілі першыя абвінавачаньні. Там палітвязень прабыў няпоўныя два месяцы. Неўзабаве пасьля выбараў Ігара Лосіка перавезьлі ў сьледчую турму № 8 Жодзіна, дзе ён прабыў 10 месяцаў. У сярэдзіне чэрвеня 2021 году, разам зь іншымі фігурантамі, яго перавезьлі ў СІЗА-3 Гомля. 14 студзеня 2021 году ў будынку СІЗА яго асудзілі на 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG