Паведамляючы пра гэта, Deutsche Welle спасылаецца на выданьне Frankfurter Allgemeine Zeitung.
FAZ паведамляе, што забарона тычыцца прадукцыі RT DE Productions GmbH, якая базуецца ў Бэрліне і нясе адказнасьць за праграмы з пункту гледжаньня выкананьня імі закону аб СМІ ў Нямеччыне.
Згодна з артыкулам 52 Дзяржаўнага закону аб сродках масавай інфармацыі, прыватным вяшчальнікам у Нямеччыне патрабуецца ліцэнзія на трансьляцыю радыё- і тэлепраграмаў. Аднак у сувязі з тым, што RT DE Productions GmbH не зьвярталася па ліцэнзію і ня мае яе, рэгулятар на сваім паседжаньні ў панядзелак забараніў трансьляцыю тэлепраграмаў RT у Нямеччыне. Тым самым камісія пацьвердзіла сьнежаньскае рашэньне рэгіянальнага мэдыярэгулятара зямлі Бэрлін-Брандэнбург (MABB), якое забараняла RT DE вяшчаньне праз спадарожнік Eutelsat 9B.
Спрэчка RT DE зь нямецкімі ўладамі пачалася ўвосень 2020 году, пасьля таго як у канцы верасьня Google выдаліў з Youtube два нямецкамоўныя ютуб-каналы Russia Today — RT DE і Der Fehlende Part (DFP). Галоўны рэдактар RT Маргарыта Сіманьян назвала блякаваньне каналаў «сапраўднай мэдыйнай вайной, абвешчанай дзяржавай Нямеччына дзяржаве Расея».
Google растлумачыў Інтэрфаксу, што бан быў накладзены на RT з той прычыны, што канал распаўсюджваў «ілжывую інфармацыю пра COVID-19» якая парушала правілы плятформы. У кампаніі растлумачылі, што RT DE атрымаў папярэджаньне за загрузку кантэнту, які парушае гэтыя правілы, што прывяло «да прыпыненьня іх правоў на публікацыю відэа».
16 сьнежня на плятформе YouTube зьявіўся новы канал — RT auf Sendung, створаны для трансьляцыі нямецкага вяшчаньня RT. У той жа дзень відэахостынг выдаліў яго за абыход накладзеных у верасьні абмежаваньняў.
Пазьней у сьнежні Эўрапейскі апэратар спадарожнікавай сувязі Eutelsat 9В на патрабаваньне нямецкага мэдыярэгулятара Бэрлін-Брандэнбург (MABB) таксама зьняў з вяшчаньня тэлеканал RT DE.
У МЗС Расеі пасьля гэтага заявілі, што расцэньваюць дзеяньні Бэрліну як «разнаплянавы ціск на расейскі СМІ і цкаваньне яго супрацоўнікаў». Пасьля гэтага кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што Масква «можа быць вымушана абмежаваць працу нямецкіх СМІ» з прычыны блякаваньня ў Нямеччыне RT DE і што «ёсьць падставы меркаваць, што нямецкі ўрад мае да гэтага непасрэднае дачыненьне».