Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы намесьнік кіраўніка БелТА па ідэалёгіі трапіў пад суд


Былы намесьнік кіраўніка БелТА па ідэалёгіі Сяргей Адзярыха зь верасьня не выходзіў на працу. Нядаўна ягонае прозьвішча знайшлося ў сьпісе судовых працэсаў Савецкага суду сталіцы.

Падрабязнасьці загадкавага зьнікненьня аднаго з экс-кіраўнікоў дзяржаўнага агенцтва, які раней працаваў у адміністрацыі Лукашэнкі і атрымаў зь ягоных рук узнагароду, падае «Наша Ніва».

Паводле супрацоўніка БелТА, адсутнасьць Сяргея Адзярыхі калектыву агенцтва патлумачылі хваробай.

«Ягонае зьнікненьне па часе супала з узломам кампутарнай сеткі БелТА, ну, ці ня ўзломам — незразумела, як гэта назваць, — сказаў «Нашай Ніве» супрацоўнік агенцтва. — У маёй дылетанцкай трактоўцы — нехта заразіў сыстэму вірусам, і з архіваў пачалі зьнікаць файлы, нібыта перацякаючы на іншы рэсурс — баюся памыліцца ў дэталях. Некалькі дзён змагаліся зь вірусам, а потым прынялі рашэньне фарматаваць усе кампутары, апроч галоўнага архіву, які ўдалося часткова аднавіць. Адметнасьць таксама ў тым, што з архіваў зьнікалі фота і відэа зь мітынгаў, зробленыя карэспандэнтамі БелТА. У тым ліку па гэтых кадрах сілавікі ідэнтыфікавалі пратэстоўцаў.

Ня кажучы пра тое, што частка супрацоўнікаў БелТА ўдзельнічала ў акцыях, фоткаючы сябе на памяць і загружаючы потым гэта ў архіў, што было пэўнай праблемай для Адзярыхі.

Ён неяк кінуў, што „вашыя фоткі ўжо на ўсіх сталах ляжаць, на ўсіх рэдакцыйных заданьняў ня хопіць!“».

Нядаўна прозьвішча былога намесьніка кіраўніка БелТА знайшлося ў сьпісе судовых працэсаў Савецкага суду г.Менску. Судзіць яго павінны былі па артыкуле 426 ч. 2 — «перавышэньне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў», максымальнае пакараньне — 6 гадоў пазбаўленьня волі. Судзьдзём на працэсе быў пазначаны Аляксандар Воўк, які вынес шмат прысудаў па палітычных справах.

Да гэтага часу невядома, ці быў Сяргей Адзярыха асуджаны, а калі быў — за што і якое пакараньне атрымаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG