Аб гэтым заявіла прэмʼер-міністр Эстоніі Кая Калас, паведамляе Zerkalo, спасылаючыся на эстонскае выданьне Postimees.ee.
Навінавы партал Eesti Päevaleht 31 студзеня апублікаваў артыкул пра тое, што летась Эстонія імпартавала беларускіх нафтапрадуктаў амаль у тры разы больш, чым годам раней. Пры гэтым у Эстонію была перанакіравана траціна беларускай нафты, якая раней паступала ў латвійскія парты.
«У пытаньні беларускіх санкцый дзяржаве выставілі сурʼёзныя папрокі, — пракамэнтавала сытуацыю кіраўніца ўраду Эстоніі. — Сытуацыя выглядае дрэнна, і я стаўлюся да яе вельмі сурʼёзна. Прынцыповая зьнешняя палітыка павінна праяўляцца і ў яе рэалізацыі ўнутры краіны. Калі мы дамовіліся аб санкцыях, мы павінны іх выконваць, а калі ёсьць прабелы, то іх трэба ўстараняць. Кампэтэнтныя органы павінны ацаніць, ці абыходзяцца санкцыі зламысна або адбываецца злоўжываньне дзіркамі ў законе».
Паводле зьвестак Белстату, экспарт у Эстонію за 10 месяцаў мінулага году склаў 126,6 млн. даляраў і скараціўся на 30% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам пазамінулага года. Статыстычнае ўпраўленьне Эстоніі дае зусім іншыя лічбы. Паводле яго інфармацыі, імпарт беларускіх тавараў у студзені-кастрычніку дасягнуў 522 млн эўра супраць 121,4 млн эўра годам раней. Рост — у 4,3 разы.